— Не ведаю...
— Мужык, відаць, зноў начальнік? Га, бабы?
— Хто яго ведае...
А мне падумалася: «Яны ж і пра мяне так гаманілі. Хто я? Чыя жонка? А ў мяне мужыка зусім няма. Дарэмна галовы ламалі». Ну, а калі я пра ўсё расказала, пасмяяліся. Сяргееўна, яна бухгалтарам рабіла, сказала, што такія палаты на кожным паверсе ёсць, аднаго прараба паўгода з паверха на паверх пераводзілі — пакуль ён рамонт у бальніцы не зрабіў. Толькі цікава — ад якой хваробы яны яго лячылі?
Дык вось і прыйшла, каб ведалі вы пра гэтую палату. У бальніцы я пабаялася сказаць, бо загадчыца аддзялення запомніць — на абыходзе не заўважыць. А то яшчэ не тыя лекі прыпіша. Можа быць такое? Не ведаеце? Сумняваецеся? Можа. Бо ў некаторых дактароў хоць і белы халат, але ў плямах. А я хачу прапанаваць, каб усіх лячылі аднолькава, а ў той палаце паставілі два ложкі. А халадзільнік на калідор. Для ўсіх. Можна так зрабіць? Можна. I трэба. Тады хворым лягчэй будзе... Яны ж — людзі, усё бачаць, усё чуюць. Я там прозвішча сваё назвала — Селязнёва я. Толькі не пішыце, а то я часта ў той бальніцы бываю... Разумееце мяне?
РАПАРТ
Маруся Падачанка раніцай паехала ў райаддзел міліцыі, а ўжо пасля абеду таго ж дня ў Курганні толькі гаворкі было пра яе, пра Кольку, Марусінага мужыка, пра суседзяў, якім пасля паездкі той добранька аукнулася.
— Дурная баба! Ну, п'е Колька, дык навошта ж іншых пад манастыр падвяла? Хто цябе за язык цягнуў, Маруся? Эх ты-ы!
— Не, не мужык Колька: правучыў бы разок, дык ведала б!..
Маруся сядзела на лаўцы пад бэзам, церабіла пальцамі ражок хусткі, хлімкала. Жанчыны, у якіх мужыкі таксама не прамінуць заглянуць у чарку, супакойвалі.
— А так ім і трэба! Не будуць паіць нашых. У магазіые няма, а яны тут як тут: выпі, саколік, выпі. Даўно б так! Спасібачкі табе, Маруся, што адважылася і пра ўсё расказала...
— Не хацела я, бабы,— апраўдвалася Маруся, бо тут сядзела бабка Агрыпіна, і яна адчувала перад ёй віну.— Само неяк... Міліцыянер калі ж... Слова за слова... Спярша пра майго пытае: колькі зарабляе, ці ўсе грошы прыносіць? Грошы, гавару, усе аддае. «За што ж п'е тады? Дзе бярэ?» Дык і гавару: то вось баба Агрыпіна пачастуе...
— Так, так,— ківала Агрыпіна.— Пачастую,..
— Ты, цётка, даруй, я ж не думала, што так будзе...
— Што ты! Што ты! Мне ж штрапу далі ўсяго дзесяць рублёў,— варухнулася на лаўцы Агрыпіпа, паправіла на галаве хустку, махнула рукой.— Бяды тае!
— То, гавару, Мікіта напоіць,— працягвала Маруся.— А ён, міліцыянер, адразу: «А за што яго, Кольку, частуюць усе?» Як, дзіўлюся, за што? Ён жа і агароды старым узарэ, і сена косіць... За чарку ён гатовы ў ляпёшку разбіцца. А вып'е, тады мяне да агранома раўнуе, б'е.
— Колька такі. Ён і мальцом задзіраўся. У клубе шыбы павыбіваў. Ці помніце, бабы?
— Э-ге, э-ге,— сказала Агрыпіна, астатнія кіўнулі.
— Гляджу,— гаварыла далей Маруся,— што ні скажу я, міліцыянер запіша. А тады устаў з-за стала, мне кажа: «Ну, Марыя Пятроўна, давязём мы вас да вёскі». Давезлі, праўда... Цётка Агрыпіна, ты не крыўдуй — я ж на Кольку, дурня свайго, жалілася, а так атрымалая, што суседзі пацярпелі,..
– Што ты, што ты, дзеўка!
На вуліцы паказаўся Колька, ішоў ён з пугай цераз плячо, насвістваў, і жанчыны, убачыўшы яго, моўчкі шмыгнулі ад Марусі. Коль- ка сеў побач з жонкай, уздыхнуў, сцебануў па зямлі пугай.
— Ну, і што? — спытаў Колька, зноў сцебануў пугай.— Маўчыш. Так. Людзі мяне баяцца. Раз! Усялякі інцярэс да цябе, як да жонкі, у мяне прапаў. Два! Еду ў горад, а табе буду на шасцярых дзяцей прысылаць аліменты. Тры!
— Едзь, едзь, Колька,— Маруся зноў захлімкала, і Колька разгубіўся: яму шкада зрабілася жонку, слёзы, што каціліся на яе шчоках, выбілі камень з-пад ног, ён крэкнуў, устаў, закінуў пугу на двор.
— Не паеду! Я сказаў! Пакуль аграном тут, не паеду...
— Дурненькі...
— Я сказаў! Давай боршч!
Участковы Пумпулеў сядзеў у гэты самы час за сталом у сваёй хаце і складаў рапарт на імя начальніка райаддзела міліцыі. Рапарт не атрымліваўся. Быццам усё зразумела, матывы доказныя, а пачне пісаць — не тое выходзіць з-пад пяра. «Эх, Маруся, Маруся! Чаму ж ты адразу, мяне мінуючы, участковага, у райаддзел? Значыць, няма мне даверу. Значыць, што ёсць я, што няма — адзін толк,— разважаў Пумпулеў і выводзіў, нахіліўшыся над сталом, літары на разлінаванай паперы.— Пустое, выходзіць, месца я? Эх, Маруся!»
Пумпулеў адклаў ручку, успомніў расказ з адной кніжкі — выпадкова трапіла яна на вочы ў бібліятэцы. Пачаў чытаць ад няма чаго рабіць — захапіўся. Пра аднаго пенсіянера. Пайшоў той на заслужаны адпачынак, сустрэў неяк па вуліцы былую супрацоўніцу, якую павінны былі прызначыць на ягонае месца, і быў вельмі здзіўлены, што прызначэння не адбылося. Больш таго, нават стол пенсіянера вынеслі з кабінета, а пасаду скарацілі. Вось які фокус! Што запомнілася Пумпулеву: стары не паверыў спярша, памчаў на ранейшае месца працы, каб сваімі вачамі ўбачыць, ці праўда. Убачыў. Не было стала. I вось там ён упершыню, колькі і жыў, падумаў: «А навошта я жыў? Магла б краіна і без мяне абысціся». Калі жыццё шырэй браць, а не вузка: сям'я, дзеці, магазіны, курорты.
Участковы ўспомніў пра вычытанае ў кнізе, уявіў сябе на месцы старога. А што, калі і ён потым пачне дакараць сябе? Можа, пакуль не позна, падшукаць для сябе іншую работу, сказаць, набраўшыся мужнасці: «Не туды сеў, Пумпулеў. Злазь, пакуль далёка не заехаў. Яшчэ пе позна».
Нарэшце дапісаў ён рапарт, перачытаў. Карпеў над ім амаль увесь вечар, атрымалася ж коратка: «Прашу звольніць мяне з органаў унутраных спраў, паколькі памыліўся, уступаючы ў міліцыю». Адвезці яго вырашыў заўтра, не адкладваючы надоўга. Распрануўся, залез пад коўдру. Мерна цікаў на стале будзільнік. Сёння ён дома адзін — жонка з сынам гасцюе ў маці, гэта ў суседняй вёсцы, і Пумпулеў нават быў рады такому выпадку: ведаў, жонка пачне адгаворваць, і тады ён будзе вагацца — а мо і не трэба спяшацца, мо ўсё стане на сваё месца? Добра, што яе няма. Калі прыедзе Галя, будзе ўжо нейкая яснасць.
Не спалася. Перад вачыма стаяла Маруся ў райаддзеле, злая на Кольку, яна там нагаварыла, відаць, і лішняга... Успомніў лейтэнанта Сідарэнку — гэта ён прывёз Марусю, а потым яны разам хадзілі па дварах, дзе піў Колька, і ў кожным знаходзілі або брагу, або самагон. Ён, бы апраўдваючыся перад землякамі, гаварыў: «Не трэба ж, цётка... Не трэба ж, дзядзька... Забаропена. Нельга». I адчуваў, як гарэлі шчокі, лоб. «Ну які я ўчастковы?!»
Старая Агрыпіна дастала з печы трохлітровы слоік з брагай, аддала Сідарэнку, праз слёзы сказала:
— Толькі, саколік, ты мне прыедзь дровы паскіпай. Добра, саколік? Дык чакаць мне цябе?
А Гумпулеў і раней ведаў, што старая гоніць самагон. Жыве адна, нямоглая зусім, кволая. Трымае карову, парсюка. Сена трэба? Дровы трэба? За добрае слова цяпер ніхто не разгоніцца, нават сваякі, не кажучы пра чужых. Грошы таксама не бяруць — толькі гарэлкай разлічвайся, цётка, іначай сама рабі. На сесіі сельскага Савета ўчастковы падымаў пытанне наконт старых, там суцешылі: не могуць самі рабіць — няхай не трымаюць карову, няхай пустуе агарод. I ніхто яго тады не падтрымаў. Пумпулеў гарачыўся, даказваў: не па-нашаму гэта, давайце скалоцім брыгаду, няхай яна возьме на сябе клопат аб старых. Без гарэлкі. За грошы. А хто плаціць будзе? Калгас! Яны ж раней калгас на сваіх плячах з нястачы вынеслі, дык што ж — пакінуць мы павінны сёння гэтых людзей без увагі? Колькі бабулек ды дзядоў гэтых — палічыце! Дзесяць. Усяго. А нас, маладых, колькі? Адзін вясковец, успомніў Пумпулеў лічбу з газеты, пятнаццаць гараджан корміць, а ў нас жа на пятнаццаць чалавек адзін стары прыпадае. Дык што ж мы, не пракормім іх?
Паабяцалі падумаць. I цяпер думаюць.
У Пумпулева дыплом механіка. Думаў, не спатрэбіцца. Памыліўся. «А чаму гэта я пра дыплом? Можа, і парвуць рапарт, возьмуць ды перавядуць у суседняе сяло? Раз сорамна табе ганяць сваіх самагоншчыкаў, скажуць, пераязджай. Могуць сказаць такое ці не? Але ж і там, у суседнім сяле, жывуць цёткі Агрыпіны, дзядзькі Мікіты...»
3 гэтымі думкамі ён заснуў.
Ранкам Пумпулеў паехаў у райцэнтр — павёз рапарт.
ВІЗІТ ДА КУДАНА