Выбрать главу

П'ём чай. Побач сядзяць дзеці Галіны Сцяпанаўны — Наташка і Жэнька, сямікласніца і першакласнік. Малодшы сын не помніць свайго тату. Старэйшая, Лена, вучыцца ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце, завочна, а працуе ў Пакалюбічах, непадалёк ад горада, у дзіцячым садзіку. Маша пасля тэхнікума засталася ў Калузе. Валодзя паступіў у сельскагаспадарчы тэхнікум, на механіка. Жыве сям'я Галіны Сця- панаўны, як і пры Кірылавічы, трымае самую розную жыўнасць. Гледзячы на рукі гаспадыні, цяжка сказаць, што яна — настаўніца, тая га- радская інтэлігентка з манікюрам, якую бегалі мы сустракаць на шашу.

Працавітыя сялянскія рукі.

3 акна кватэры бачу гараж, у ім стаіць ужо колькі год «Запарожац».

— Не магу прадаць,— уздыхае Сцяпанаўна.— Ужо дзесяць гадоў, як памёр Кірылавіч, а машына стаіць. I ездзіць не ездзім. Не, не магу. Так і здаецца: вернецца Кірылавіч, гляне, а легкавушкі няма... Валодзя, можа, пасля тэхнікума сядзе за руль. Толькі, баюся, далёка ад мяне жыць будзе — калгас жа расфарміравалі, усе цяпер не затрымліваюцца, бягуць... Лягчэй было б нам, каб сын вярнуўся... Усё ж мужчына...

Успамінаем Кірылавіча. Гісторык быў цудоўны. Я смела паставіў бы яго побач з такімі настаўнікамі, як Шаталаў, Волкаў і іншымі. Ты ж ведаеш, упершыню дзеці ісканцаў пачалі вывучаць гісторыю не толькі ў класе, але і ў падарожжах па родным краі. Ён вадзіў нас па Беларусі. Тады многія вяскоўцы сваім дзецям пакуплялі веласіпеды.

Шульга марыў стварыць два музеі — школьны баявой славы і музей гісторыі калгаса. Першы ёсць, другі не паспеў. А матэрыял сабраў багаты. Напісаў гісторыю калгаса, нататкі пра кожнага ісканца, які не вярнуўся з Вялікай Айчыннай вайны. Гэта — каля пяцісот біяграфій. Потым адваяваў у калгасе стары клуб, ужо нават і рамонт пачалі рабіць.,.. Людзі ідуць сёння толькі ў школьны музей, дзе сабраны сотні экспанатаў, што расказваюць пра воінаў-вызваліцеляў вёскі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На свята Перамогі прыязджаюць былыя франтавікі. 3 усіх куткоў краіны. Ад могілак, дзе пахаваны іх баявыя сябры, ідуць потым за вёску на пагост — да Мікалая Кірылавіча Шульгі, пастаяць там моўчкі, пакінуць кветкі. Яны ўдзячны яму, што ўвекавечыў памяць пра вы- зваленцаў і падараваў ім шчаслівую магчымасць сустракацца на зямлі, якая кожнаму франтавіку дорага не менш, чым тая, дзе нарадзіліся, дзе жывуць сёння.

Планавалася так: у стары клуб перавесці школьны музей, тут жа арганізаваць музей і гісторыі калгаса. Калгас сёння мае другую назву. Вёска засталася. Чаму ж, можна і так назваць: музей гісторыі, баявой і працоўнай славы вёскі Іскань.

Пакуль і сама Галіна Сцяпанаўна на раздарожжы. Але лічыць, што не хто іншы, толькі яна павінна дарабіць пачатае мужам.

На дзвярах клуба, дарэчы, нехта напісаў крэйдай: «Будзе музей!»

I я веру: будзе. I трэба адвесці ў ім куточак, прысвечаны памяці настаўніка-следапыта і краязнаўцы, селькора Мікалая Кірылавіча Шульгі.

Памяць пра гэтага чалавека таксама павінна жыць.

У вёсцы сумна. Ціха па вечарах. Ні песні, ні гармоні. Я маю на ўвазе вясну, лета... Мішка Ганчароў круціць кіно пры пустой зале. Успа- мінаюцца ранейшыя гады — канец пяцідзесятых, пачатак шасцідзесятых. Якая самадзейнасць была! На канцэрты ішлі людзі з такім настроем, бы да іх сам Райкін прыехаў. Клуб быў маленькі, але ўсіх умяшчаў. Чалавек на чалавеку. Колькі ж смеху было ў ім, весялосці. Ніколі не забуду, як паказвалі інтэрмедыю нашы артысты Якаў Шчарбакоў і Мішка Клюеў. Забыліся, бедалагі, словы, але выкруціліся — пачалі на хаду выдумляць новы спектакль. Так разыгралі, што людзі не паспявалі слёзы выціраць ад смеху. Крытыкнулі, адным словам, непарадкі калгасныя...

А цяпер — ціха. Загадчыкі клуба не трымаюцца падоўгу. 3 Магілёва прысылаюць іх, з культпрасветвучылішча, яны год ці два адчыняюць ды зачыняюць дзверы, а потым памахаюць ручкай — і толькі бачылі. Помніш Валодзю Батуру, цыгана? Энергічна быў узяўся ён за самадзейнасць, усіх бабулек на рэпетыцыі ў клуб сагітаваў, але і ў яго нічога не атрымалася. Канцэрт так і не адбыўся — з'ехаў Батура.

Не звіняць і дзіцячыя галасы на горцы. Тэлевізар моцна трымае. Ды і дзяцей менш цяпер. Ціха ў вёсцы. Апусціла яна галаву.

Ты, браце, відаць, успамінаеш вольхі, што раслі некалі на поплаве перад нашай хатай. Я адзін раз нават артыкул напісаў у раённую газету, здымачак зрабіў. I загаловак даў: «Расціце, вольхі!» А іх адразу ж пад сякеру — усе да адной, бы нехта мне адпомсціць рашыў: «Ах, расціце!..» Меліярацыя. Выпрамілі і рачулку, цяпер канаўка. Верабей пяройдзе і пер'е не памочыць. Няма вольхаў, няма ракі, няма і маляўнічага кутка ў вёсцы... А старыя людзі не дурні: калі вольхі саджалі, то не толькі зям- лю ўпрыгожвалі, але і думалі пра тое, што можа пажар усхапіцца. Вольхі захінуць другую частку вёскі, не дадуць агню перакінуцца. А яшчэ розная пярнатая драбяза побач жыць будзе. У алешніку ад спёкі курыца схавацца можа, качкі, гусі...

Тое, што думалі старыя, нікога не цікавіла. Зруйнавалі, абезжыццёвілі маляўнічы куток. Я не супраць меліярацыі, але ж хіба ў нас тут балота было? Разлічвалі, што з тых дзесяці гектараў, якія займалі вольхі, прыбытак будзе калгасу. Першы год нават авёс пасеялі. Авёс пасярод вёскі? Дадумацца ж! Курам не на смех, а на корм. Цяпер зямля пустуе. Лысая зямля. Праўда, кароў тут пасвяць — грамадскія статкі. Бегаюць рагулі па тым лапіку, галовы задраўшы, галёкаюць, а ўшчыкнуць няма чаго. Але хто цяпер скажа, што не паклапаціліся пра пашу? Вось яна перад табой. Не бяда, што выталачана.

Іншы раз хочацца спытаць: «Куды глядзіце, людзі? Ці на месцы галовы?» Але ў каго спытаеш, калі над зямлёй развялося столькі гаспадароў, што не знойдзеш крайняга? Ты пытаеш пра грэчку. Не сустракаў у Гомелі, каб прадавалі. Гэта, браток, дэфіцыт не толькі ў Ашхабадзе. Так што націскай на рыс, макароны. Калі я працаваў у абласной газеце «Гомельская праўда», адзін ветэран даслаў пісьмо, якое было потым надрукавана пад рубрыкай «3 пазіцыі гаспадара». Дзесьці ў мяне павінна быць газета... Ага, знайшоў... «Грэчку рысам не заменіш». Перадрукую для цябе, не палянуюся, каб ты не думаў, што мы тут грэч- ку кожны дзень ядзім. Чытай: «Вам грэцкіх круп? Калі ласка? Такія словы ад прадаўцоў нашых гарадскіх і сельскіх магазінаў зараз не пачуеш. А я памятаю час, калі ў продажы быў і гэты прадукт. Магчыма, не паўсюдна, але быў. Прыгадваю, як пасля вайны мы, былыя фран- тавікі, шчыравалі на малаўгноеных, слабых на ўрадлівасць палях. Як радаваліся нашым сціплым (па цяперашніх мерках) поспехам. Гана- рыліся стопудовымі ўраджаямі збожжавых. А сто пудоў — гэта ж усяго 16 цэнтнераў, удвая менш, чым збіраюць цяпер вельмі многія гаспадаркі вобласці.

I грэчку сеялі тады. Не на лепшых землях — на пясочках, не песцілі яе арганічнымі і міперальнымі ўгнаеннямі. I яна радзіла слаба. Аднак лічылі, што без яе не абысціся.

Некаторыя людзі гавораць: грэчка не вытрымала канкурэнцыі з рысам. Гаспадарнікі могуць лёгка пераканаць, што яна — культура малаўраджайная. Даказваюць эканамісты нявыгаднасць грэчкі, яе мізэрную долю ў прыбытках, а самі думаюць: дзе б раздабыць грэцкіх круп? Праблема...

На мой погляд, ніякай асаблівай праблемы з грэчкай не было б, калі б да яе ў гаспадарках адносіліся ўважліва.

Некалькі цэнтнераў з гектара — гэта, бясспрэчна, мала. Такая ўраджайнасць выклікае расчараванне. А 16—19?

Са спецыяльнай літаратуры па земляробству я даведаўся аб тым, аб чым ведалі нашы дзяды і прадзеды, аб «сакрэтах» поспеху на грэцкім полі. Калі не парушаць патрабаванні, то і грэчка будзе заўсёды рэнтабельнай. Вось яны, прапісныя ісціны, з якімі ў радзе гаспадарак не лічацца: выдатнае элітнае насенне, адпаведная падрыхтоўка глебы, своечасовая сяўба з захаваннем правілаў агратэхнікі.

Усім вяскоўцам вядома, што ў грэчкі перыяд цвіцення працяглы, і ў гэты час ёй неабходны пчолы. Але ці многа вулляў побач з полем? Яны — рэдкасць нават у сельскай мясцовасці. Але прыбаўка ва ўраджайнасці залежыць не толькі ад пчол. Калі насенне грэчкі прапусціць праз электрасартавальную машыну, то электрамагнітнае ўздзеянне стымулюе ў ім біялагічныя працэсы. Такая машына створана ў Чалябінскім інстытуце механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі групай вучо- ных пад кіраўніцтвам прафесара А. М. Басава.