Выбрать главу

Я доўга размаўляў з навасёламі Стрэнек, бачыў слёзы на іх вачах і яшчэ раз зразумеў: хоць і добра тут ім, сустрэлі як сваіх, увагай і цеплынёй не абдзялілі, але нічога не можа замяніць чалавеку тое месца, дзе нарадзіўся, вырас, кахаў, дзе знаёма кожная сцяжынка, а на пагосце спяць блізкія людзі... I хвала чалавеку, на тым і трымаецца наша зямля, што такая вялікая любоў у яго да сваёй малой Радзімы. Жылі б яшчэ доўга такія вёскі, як Чамкоў, Уласы, а людзі і вераць у іх адраджэнне, няхай і не хуткае, але вераць, толькі вось бяда сагнала з наседжаных гнёздаў, прывяла на новы парог.

Цяжка і дрэўца перасаджанае прырастае. IIIто ж пра чалавека тады гаварыць? I ў снах стаяць хаты, бачацца рэчы, якія пакінуты ў іх. Тое, што нажывалася не адзін год, няпроста нажывалася, з мазаля. Недзе ходзяць па двары куры... качкі... скуголяць па сваіх гаспадарах сабакі, цяпер ужо бяздомныя. Іх таксама забаранілі ўзяць. «Нельга». Нельга, зразумела, што нельга, але ж па жывому баліць у жывых душа, усялякае думаецца...

Бяда — страшнае слова, тут у сям'і што здарыцца, то хопіць людзям, колькі здароўя адыме яна. А калі — маштаб, калі многім адразу баліць?..

Рыхтуючыся да сустрэчы з перасяленцамі, я пастараўся ўявіць сябе на іх месцы. Так-так. Прыходжу аднойчы дадому, а мяне сустракаюць перад дзвярыма, катэгарычна, строга ставяць умову: нічога з сабой не браць, у чым стаіш — у тым і ў машыну. Хутчэй! А потым усё ж дазволяць прыхапіць дакументы, партрэты родных — бацькі, маці — як памяць... Дазвольце, а як жа без касцюма, да якога прывык, і іншага мне не трэба, бо, дарагі мне гэты, лёгкі, носкі? А любімыя кнігі? А як жа яшчэ шмат без чаго, што дорага сэрцу, было неад'емнай часцінкай твайго паўсядзённага жыцця? Цяжка нават уявіць усё гэта. Няпроста было ім, пацярпеўшым. Згарэла б у полымі — іншая справа, патужыў бы чалавек, пабедаваў — і змірыўся, а то ж ляжыць перад табой і касцюм, і лыжка, да якой прывык, а забраць нельга. Сіратліва стаіць хата, яе ў торбу не пакладзеш, хоць і дазволілі б узяць. Зразумееш гэтых людзей. Нябачны воку вораг — радыяцыя, старыя і сёння не ўсе навучыліся вымаўляць гэтае слова: «рацыя»,— кажуць.

Не лягчэй пацярпеўшым ад таго, што пакараны віноўнікі аварыі, не намнога цяплей, што на іх уладкаванне патрачаны дзяржавай мільёны. Не лягчэй... А потым я пераканаюся, што яны, як, можа, ніхто іншы, найбольш светлымі вачыма паглядзелі вакол сябе, першымі прымералі кожны крок да трагедыі, якая выявіла нашу абыякавасць, халатнасць, непавагу да той справы, якую робіш. Сёння не той час, калі для многіх жыў вычварны прынцып — «мая хата з краю». Не, яна аказалася ў цэнтры, тая хата. У цэнтры бяды. Бо як ты ўзараў поле і пасеяў, як вытачыў дэталь, ці падумаў, перш чым націснуць на кнопку або перавесці на чыгунцы стрэлку — усё гэта той ланцужок, які з-за аднаго чалавека можа парвацца. А калі ён не адзін, той чалавек? Рэха Чарнобыля павінна адгукнуцца ў сэрцы кожнага з нас. Болем. Трывогай. Я пакідаў дом Еўдакіі Пятроўны Семяноўскай, а ў вушах звінелі словы: «Ой, як жывём, людзі! Я ж з бальніцы толькі... Да мужа хадзіла... Прывезлі хворага аднаго, сінюткі ўвесь, твару на ім няма. Пасадзілі дзве кабеты ў белых халатах яго на табурэт, а самі гамоняць. Ля-ля-ля! Ну, вы бачылі іх? А потым і зусім пабеглі некуды. А хворы і вочы замгнуў: памрэ, думаю. Расштурхала, а ён ледзьве дыхае. А іх няма. Забыліся. Пра хворага забыліся. Я крычаць пачала, помачы прасіць. Збегліся яны, а гэта ж ужо гадзіна прайшла, не менш, ды на мяне як накінуліся, бы я вінаватая. Не, вы бачылі такое? На мяне. А гэта ж іх рабочае мосца, іх пост».

Больш нічога і дабаўляць да пачутага ад Еўдакіі Пятроўны не трэба. Але пачакайце, можа, толькі адно: калі ж і медык прачытае гэтыя словы — няхай задумаецца, калі хлебароб, рабочы, канструктар, лётчык — таксама... Змываць плямы трэба не толькі з белага халаціка!

...Над Стрэнькамі рана павіс зімовы вечар, запаліліся лямпачкі ў кватэрах, сыпанулі прамінкі святла за вокны — на двары, у агародчыкі. Зіму людзі сустрэлі з дахам над галавой. Кажуць жа: чалавек не можа жыць без здароўя, імя і дома. Усе перасяленцы зараз знаходзяцца пад пільным наглядам медыкаў. Пра дамы я сказаў вышэй. Імёны ў людзей ёсць. Звычайныя, знаёмыя нам — Іваны, Марусі, Зінаіды, Міколы, Кацярыны, Насці... Цяпер жа, на новым месцы жыхарства, ім трэба яшчэ раз даказваць, што ў цябе ёсць імя — імя сумленнага хлебароба, калі ты, вядома, быў такім, шчырага, прыстойнага чалавека. Думаецца, атрымалі заманлівую магчымасць атрэсці з сябе пыл выпівохі, парушальнікі працоўнай дысцыпліны. Чаму ж, і сапраўды заманліва: пачаць жыць на вачах повых людзей па законах нашага сацыялістычнага сумлення,— самы зручны момант, а тое, што было раней, забыць. Раз і назаўсёды. А такія людзі, як ні шкада, ёсць сярод перасяленцаў, на іх і пальцам кі- ваюць: глядзіце, маўляў, глядзіце... Свае што? Свае прыеліся, аскоміну набілі, іх усе ведаюць. Адзін-два чалавекі могуць адным махам запля- міць добрую славу ўсіх людзей, іх вёсак, калгасаў і саўгасаў. А каму з іх, перасяленцаў, не хочацца паказаць сябе з лепшага боку? Сябе і тых, з кім прыйшоў?

У Стрэньках — не, скарг няма. Сакратар партыйнай арганізацыі Аляксандр Пятровіч Пусеў задаволены: папаўненне «Кастрычнік» атрымаў добрае, людзі старанныя, не прывычныя да гульбішчаў, першай справай размову завялі аб працы, пацікавіліся, якія перспектывы чакаюць. А вось у іншых месцах даводзілася чуць незадаволенасць кіраўнікоў. «Атрымалі грошай шмат і самі цяпер не асабліва-то гараць жаданнем працаўладкоўвацца. Ёсць работа — добра, няма — таксама пражывём, кішэня пакуль набіта». Не падумайце толькі, што такім паслабленне даюць. Не. Першы час прыглядаліся да перасяленцаў, здольных глядзець на працу скрозь пальцы, цярпелі, а потым і заявілі: хопіць, браткі, так далей не пойдзе, цяпер вы такія ж члены нашай гаспадаркі, як і карэнныя жыхары вёскі і ўсе астатнія вашы таварышы, няма чаго дурманіць, пытаць будзем строга. Падумайце. А то што ж атрымліваецца — кепскі прыклад паказваеце, так нядоўга і разбэсціць нашых людзей. Ды і помніць трэба: вам, значыць, і кароўку, і парсючка, і бульбу, не ў крыўду няхай сказана будзе, а чым адказваеце на такі клопат?

Але, паўтаруся, такіх людзей — лічаныя адзінкі. Хацелася б сказаць — «былі».

«Кастрычнік» папоўніўся на 57 сем'яў з калгаса «Новае жыццё» Хойніцкага і на 4 з саўгаса «Брагінскі» Брагінскага раёнаў. Яшчэ адна вёска, лічыце, улілася ў Стрэнькі, Людзі розных прафесій, здольнасцей, але ўсе яны — патомныя хлебаробы, працавалі раней на зямлі, іх не трэба вучыць з пашанай адносіцца да яе.

Намеснік старшыні райвыканкома Уладзімір Дзямідавіч Касачоў прывёў наступныя факты. На той дзень, калі мне давялося сустрэцца з ім, раён прыняў 439 сем'яў — 1273 чалавекі, сярод іх 177 дзяцей школьнага ўзросту. Пабудавана 353 тыпавыя дамы, некаторыя перасяленцы жылі пакуль што ў вясковых хатах, якія па розных прычынах засталіся без гаспадароў. Спатрэбіліся. Выручылі і яны, з утравелымі дварамі, з забітымі крыж-накрыж вокнамі хаты, шмат чаго пабачыўшыя на сваім вяку і ўжо было спісаныя падчыстую людзьмі. Не прывыкаць ім саграваць чалавека, захінаць яго ад халадоў і дажджоў.

Вядома ж, прыток людзей, а яны папоўнілі 16 гаспадарак раёна, унёс значныя карэктывы ў планы, абдуманыя раней, паставіў перад іх кіраўнікамі, Саветамі свае задачы, іншы раз і пяпростыя. Усё ж справу давялося мець з людзьмі. Чым маглі, дапамаглі адразу. У першую чаргу прадуктамі харчавання. Трэба было падумаць і наконт работы. Прасцей радавым хлебаробам — для іх аб'ект заўсёды знойдзецца. А як быць з механізатарамі, калі ў гаспадарцы сваіх хапае? Што — таксама буракі палоць? Але ж чалавек тады шчаслівы, і мы даўно пра гэта гаворым, калі ён заняты любімай справай. Да гонару перасяленцаў, і яны разумелі сітуацыю. На першым часе бралі і вілы, ахвотна рабілі не па свайму профілю — таму ахвотна, што ведалі: заўтра ці паслязаўтра ў канторы што-небудзь прыдумаюць, сам старшыня абяцаў.