Выбрать главу

Наўрад ці было тут «выкарыстанне» блокаўскай рыфмы «город — распорот», затое ж малюнак дажджу які «залевісты» атрымаўся!.. (верш «Дождик»).

Як бачым, «паўтарэнне» рыфмы не абавязкова трэба залічваць у нейкі «крымінал».

Ды і наогул стаўленне да рыфмы, да яе фактуры не ёсць нешта назаўсёды зацвярдзелае, раз і. назаўсёды канчаткова вызначанае. Тое, што Антон Паўлавіч Чэхаў вуснамі героя апавядання «О, женщины, женщины!..» высмейваў рэдактара газеты «Кукиш с маслом» Пачытаева: «А рифма! ...Слово «лошадь» рифмует с «ношей»!» — тое праз нейкае стагоддзе зрабілася эталонам, элітнай нормай. Нават таннаю «модай»... Нездарма ж Яўген Еўтушэнка, сам аматар «закруціць галаву» рыфме, з'едліва назірае, як дзеці паэтаў, сваволячы, замінаюць тым і

...ревут, рифмовать не веля «зрелость - смелость», «земля — Кремля», «трактор — трактом», и «площадь — полощет»...

У разрад банальных трапіла нашым часам і дзеяслоўная рыфма. А дарма... Прастата прастатой, а дзеянне дзеяннем. Хіба так сабе сказана: «Глаголом жги сердца!..»? «Глагол» у Пушкіна — не проста часціна мовы. Гэта Слова, Слова з вялікай літары. Невыпадкова і ў паэме «Домик в Коломне» ёсць такія, не сказаць праграмныя, але і не прахадныя рэмаркі: «Вы знаете, что рифмой наглагольной // гнушаемся мы. Почему, спрошу...» «Отныне в рифмы буду брать глаголы...» — так-так, тыя самыя словы, паводле Лермантава, «на Ю»:

Я без ума от тройственных созвучий И влажных рифм — как, например, на Ю...

Геніяльна заўважана: толькі дзеяслоў можа даць тую мяккую, «влажную», рыфму... І Ганна Ахматава, па сведчанні А. Наймана, «калі прадыктавала» (з «Паэмы без героя»):

За тебя я заплатила Чистоганом, Ровно десять лет ходила Под наганом, Ни налево, ни направо Не глядела, А за мной худая слава Шелестела, —

то заўважыла: «Я люблю так рыфмаваць, глухія са звонкімі: заплатила — ходила, глядела — шелестела...»

Сам Аляксандр Блок не цураўся дзеяслоўнай — нават таўталагічнай — рыфмы:

Хорошо в лугу широким кругом В хороводе пламенном пройти, Пить вино, смеяться с милым другом И венки узорные плести, Раздарить цветы чужим подругам, Страстью, грустью, счастьем изойти, А достойней за тяжелым плугом В свежих росах поутру идти! —

«Пройти — изойти — идти» — побач: «другом — подругам» — хай сабе і не літаральнае паўтарэнне слова: паўтараецца корань... — таўталогія? Але ж паэзія, верш — дай Божа!..

Грэх дзеяслоўную рыфму залічваць у «банальныя»...

Біце ў сэрцы іх — біце мячамі, Не давайце чужынцамі быць! Хай пачуюць, як сэрца начамі Па радзімай старонцы баліць...

Сапраўды, што можа бальней біць па сэрцы, чым гэтыя — з Багдановічавай «Пагоні» — простыя і такія трагічныя словы: «быць — баліць»...

Банальнасць не ў прастаце, банальнасць — у нематываваным творчай неабходнасцю паўтарэнні адной і той жа, ці павярхоўнай, рыфмы. І «віноўнымі» могуць быць не толькі дзеясловы, але і назоўнікі, і прыметнікі, і прыслоўі і г. д.

Пэўна, што-колеч да «абароны» дзеяслоўнай рыфмы змогуць дадаць і вось гэтыя мае радкі:

ДЗЕЯСЛОЎ
Дзеяслоўная рыфма — кепская рыфма. І абознікі, і авангард Зазубрылі: па самых нізкіх тарыфах Гэта рыфма ідзе — як насмешка ці жарт... «Сеў» і «з'еў» альбо «выпіў» і «лыпаў»... — Тут і ўсё. І славе каюк. І ўжо крытык амаль што пяском засыпаў... Плача верш, як пабіты шчанюк... Толькі што гэта? — гляньце! — рабы Гнёту выпрасталі гарбы! Нехта плача, нехта смяецца, Нехта ў вечным каханні канае, Нехта ў пошуках ісціны б'ецца, Нехта ў полымі бітвы згарае... —
Гэта ён, гэта ён — дзеяслоў Патрасае свет да асноў! Спапяляе слова кляцьбы, Прарастае слова сяўбы. Дык хіба ж дзеяслоў вінаваты ў тандэце?! Тут ні кроплі яго віны. Рыфмаплётаў, што словы кідаюць на вецер, — Іх судзіце. Паглумцы — яны.
Майстар — слову дае аздобу І каштоўнасць высокае пробы. Помніць верш: Купалам і Пушкіным На Парнас гэта рыфма дапушчана! Дзеяслоў — дзея слова: падзея, надзея, — І душа маладзее, і голас цвярдзее. Гэта кліч, што паходняй у цемраны ўспыхнуў. Дзеяслоўная рыфма — выдатная рыфма!