Дык дзе ж тая мяжа, пераступіўшы якую, рыфма ператвараецца ў «банальную»? Хутчэй за ўсё, адказ сам напросіцца, як напаткаем мы яе, гэтую рыфму (ну, прыкладам, «смерці — крутаверці» — такую нярэдкую сёння), у славутага анархіста Махно, — «грашыў» Нестар Іванавіч рыфмаю, каб засведчыць свой «рэвалюцыйны» імпэт, — банальнасць нараджалася банальнасцю:
«Смерти — круговерти» — вось тут ужо мы канчаткова ўпэўнімся, што рыфма сапраўды «ссівела» ад часу, а «бацьку Махно» без усялякіх «скідак» можна залічыць і ў ганаровыя «бацькі» «банальнай» рыфмы...
Так, «сцёртыя» рыфмы, рыфмы-«штампы» не выклікаюць пачуцця мастацкай асалоды, радаснай нечаканасці, а тым самым і эмацыянальнага ўзрушэння. Чытач, як бы абганяючы аўтара, загадзя ведае слова, што «павінна» з'явіцца ў канцы радка... Класічная насмешка з таго — у Пушкіна:
Такою ж рыфмаю «надзяліў» Пушкін і свайго героя Ленскага, паэта-рамантыка, які «пел... романтические розы... лились его живые слезы...» Пацвельвайце Аляксандра Сяргеевіча зразумелае...
А між іншым, падобнае «чаканне» знаёмай рыфмы можа стацца і спосабам псіхалагічнай актывізацыі верша. Сіла інерцыі ў нейкі момант раптам абрываецца, і замест таго, што чакалася, з'явіцца штосьці зусім новае, прынамсі перапынак актывізуе ўздзеянне. Ды так яно атрымалася і ў толькі што цытаванай пушкінскай страфе: позірк спакойна сочыць за пейзажным малюнкам — і нечакана «спатыкаецца» на два жартаўлівыя радкі аб рыфме, а гэтай кароценькай паўзы даволі, каб зрок ярчэй успыхнуў, абвастрыўся, — што і трэба было...
Няспраўджанае «чаканне» рыфмы яшчэ больш узмацняецца адсутнасцю не толькі яе, гэтай рыфмы, але і наогул радка, дзе яна, паводле «чакання», павінна была б з'явіцца. З асаблівай выразнасцю гэта праяўляецца пры сумежнай рыфмоўцы, як вось у гэтай жніўнай песні; яна вартая таго, каб прывесці яе цалкам. Чаму? — зараз пабачым:
Поўны набор рыфмаў! Як на «выстаўцы»: «каля елі — не елі» — рыфма аманімічная; «дубу — буду» — поўны асананс разам з анаграмнай рыфмай; «заходзе — выхадзе» — аднакарэнная; «бярозку — дарожку» — сінтэтычная: асананс з дысанансам; «заходзіць — знаходзіць» — дакладная, або поўная рыфма; і... «А я свайго не знайду...» — не «знаходзіць» гэты радок сваёй «пары», як не знаходзіць свайго жаданага і чаканага жанчына: і радок (без сумежнай рыфмы), і яна застаюцца ў адзіноце, — а як бы хораша было разам — ці «ў полі на сене», ці «ў доме на пасцелі»... І горкае шкадаванне гэтае так выразна пазначана глыбінным, апошнім у песні, сугуччам: «на сене — на пасцелі»...
«Чаканне» рыфмы «па сэнсу», па тым, што «падказваецца» тэкстам, сутыкнуўшыся з чымсьці зусім не чаканым, не «лагічным», дапамагае ў паэзіі выкрасаць выдатныя вобразы. Прыгадаем Мікалая Забалоцкага:
Чакаеш рыфму «гара» — так, натуральна, сэнс вымагае: гара нарубленага мяса... — і раптам: «дыра»! — і як на гэтым «падманутым» чаканні выбухае вобраз!..
Вось якія дзівосы вытварае рыфма!.. Але — нагадаем, самае галоўнае — працаваць (і гучаць!) яна павінна ў поўнай згодзе са зместам — канкрэтным і толькі гэтым, вызначаным задумай аўтара.
Перачытайце, калі ласка, «Новую зямлю» Якуба Коласа (я гэта рабіў не аднойчы) і паспрабуйце адшукаць хоць адну зробленую «напаказ» рыфму, якая адбывае павіннасць, нібы топ-мадэль на подыуме. Мне такая не напаткалася. Без малага 300 вершаваных радкоў налічвае адзін з найвыдатнейшых раздзелаў гэтай паэмы «Дзядзька-кухар». Рыфмуюцца тут, у асноўным, сумежныя радкі — значыць, рыфмаў недзе каля 150. І з іх 60 — цалкам дзеяслоўныя, а ў 10 — дзеяслоў з'яўляецца састаўной часткай — лічы, палова ў раздзеле!.. 130 дзеясловаў — і ніводнага паўтору! І кожны не проста фіксуе, а рухае дзею. Бадай, нікому яшчэ ў беларускай паэзіі не ўдалося (і ці ўдасца?) наблізіцца да такога ўзору па лексічным багацці, па натуральнасці маўлення. Сапраўды народнае светасузіранне, жывы непасрэдны позірк на з'явы, як вечныя, так і звычайна-будзённыя, знаходзяць у «Новай зямлі» адэкватнае і па-народнаму трапнае выяўленне ў мове. Нічога штучнага, тандэтна сканструяванага — ні ў фразе, ні ў сінтаксічным ладзе... Усё ліецца — як вольная плынь Нёмана. І рыфмы — шчырыя старальніцы ў гэтай дружнай талацэ...