Дай, Божа, такую долю ўсім рыфмам, — і, асабліва, будучым!..
3 красавіка 2007 г.
Пэўна, з таго часу, як мінчукі назвалі так сваю хакейную каманду: «Цівалі» — пачалося маё паляванне на гэтае слоўца. Хоць асаблівых лаўраў спартоўцам яно не прынесла, але для мяне сталася стрэмкай: адкуль яны «выхапілі» і ўзнялі на свой сцяг такую назву? Тут ужо не маё футбольна-хакейнае заўзятарства, а філалагічная цікаўнасць ставіла пытанне рубам...
Штосьці ўдалося высветліць. Нават у нататніку, здаецца, зрабіў наконт гэтага пэўныя запісы. Ды іншыя клопаты «перабеглі дарогу»...
Аднак і слова не адпускала канчаткова: не-не ды й нагадвала пра сябе, — тым больш, што і новыя штрышкі з'яўляліся... Таму — з магчымымі паўтарэннямі — мусіў вяртацца «да тэмы»...
Цівалі — вёсачка пад Мінскам (цяпер ужо «з'едзеная» горадам), трагічная сястра Курапатаў. Тут па загадзе Кагановіча былі закатаваныя і кінутыя ў яму на жывёльным эпідэміялагічным могільніку беларускія чыгуначнікі — «ворагі народа»...
У слоўніках Жучкевіча і Бірылы этымалагічнае тлумачэнне простае: назва паходзіць ад імені-прозвішча Ціва. Што ж, ёсць такое... Сам быў знаёмы з Цівам — дырэктарам друкарні выдавецтва БДУ. Ды і ў Якімаўцы, суседняй нашаму Мачулішчу вёсцы, ёсць прозвішча Цыванёнак (магчыма, было Ціванёнак)... Аднак жа: адкуль гэтая часцінка «лі», прыплюсаваная да «Цівы»? — і наколькі яна характэрная для нашага беларускага словаўтварэння?..
І вось чытаю ў апавяданні («Іl vicolo di madama Lucrezia» («Переулок госпожи Лукреции») Праспера Мерымэ: «...в Тиволи одного англичанина задушила статуя... Некий милорд производил раскопки в Тиволи...» Дзея адбываецца ў Італіі... Так і ёсць: знаходжу на карце ў БелСЭ побач з Рымам гарадок Тывалі, адно толькі (бяда наша...) разнабой у правапісе: цвёрдае «ты» замест мяккага «ці» (гэтак жа, як і на той жа энцыклапедычнай карце: «Тыбр» — рака, рускае напісанне «Тибр», «Тарні» — горад, рускае — «Терни»).
Дык ці не па італьянскім узоры назваў калісьці свой маёнтачак пад Мінскам — Цівалі — нейкі панок? Такое часта бывала: Фаніпаль, Антопаль і інш.
А як жа «Ціва»? Што з прозвішчам рабіць? А яно, хутчэй за ўсё, мае зусім іншыя карані, — падказвае Уладзімір Даль: «тйво» — скарочанае вымаўленне (часцей у прыказках) слова «тетива»...
(Між іншым, у таго ж Мерымэ, у апавяданні «Локіс», — цікавая для нашай беларускай гісторыі дэталь: «Во многих знатных литовских семьях вы можете увидеть великолепное серебро... но там не найдется... хорошего пуховика для усталого гостя. Будь он богач или бедняк, дворянин или крестьянин, славянин отлично может уснуть и на голых досках...» Проста і ясна: у Літве — хто славянін? — беларус, — ён жа — літовец, ліцвін...)
Але вернемся да Ціваляў...
Сяргей Дубавец у адным з радыёсюжэтаў «Вострай Брамы» згадвае, пра што расказвала газета «Наша Ніва» (цяперашняя). Якраз пра тое, пра што і мы гаварылі: «Цівалі. Такую назву мае каскад вадаспадаў вышынёю 160 мэтраў на рацэ Аньён, прытоку Тыбру ў Цэнтральнай Італіі. Менавіта там імпэратар Адрыян і патрыцый Мэцэнат, чыё імя стала назыўным, мелі свае вілы. Там быў разбіты парк з каскаднаю сыстэмай фантанаў. Вось адкуль Цівалі — ад вадаспада. Гэткую ж назву меў і маёнтачак пад Менскам, побач з Кальварыяй. Рамантычныя прыхільнасці ўладальніка і, пэўна, прыродныя асаблівасці паўплывалі на выбар назвы...»
Гэтак і дабраліся мы з аўтарам «Нашай нівы» — кожны сваёй сцяжынай — да Ціваляў...
Прынамсі гэта ўжо не просталінейнае «патранамічнае вызначэнне» згаданых навукоўцаў... (Зрэшты, «ідуць» яны падобным «даследчыцкім: курсам» і ў некаторых іншых выпадках. — Мікалай Васільевіч Бірыла дык часцей шчыра прызнаваўся (напрыклад, у кнізе «Беларуская антрапанімія»), ставячы над словам «зорачку» (*), што «значэнне не высветленае».)
Але ўсё ж... Усё ж: што яно азначае — коранем сваім — гэтае слова Цівалі?...
Пра трагедыю, учыненую воляю бальшавікоў, — паэма Сяргея Законнікава «Цівалі». Трэба спытацца ў яго...
Ды, зрэшты, не этымалогія, а мартыралогія кіравала тут думкамі і пачуццямі паэта: