Выбрать главу

Але ж: «выбачальныя» — моўленае намі слова раптам «паказала пальчыкам» на радок: «То ізвіні, што так прыйшлі...»

Тут і падумалася: а цікава ўсё ж — чаму «извини» і чаму «выбачай»?.. Не ў канкрэтным выпадку, а наогул... Не так жа гэта проста адно і тое ж паняцце абрала для свайго моўнага выяўлення розныя «карані»... Прыгледзімся... «Извини» — яўнае адчуванне «віны»: ты «па-вінен» прынесці... Ці не «традыцыя» гэта, калі ішлі з «ясаком»?.. Калі нічога не прынёс — дык што ты і за госць гэтакі... і чаго прывалокся?.. З-за гэтага і просьба: «из-вини» — «выведзі з (з-пад) віны»...

А вось «вы-бачай» — зусім іншы «паварот»: як бы шляхетнасцю пазначаны, калі не «вялікасвецкасцю», дык натуральнай чалавечай тактоўнасцю (з абодвух дзейных бакоў). Што б там ні было — паводзь сябе, як бы нічога, няёмкасці нейкай, і не заўважыў: выведзі «здарэнне», «няёмкасць» гэтую, за «межы бачымага» («вы-бачай»)... Лексічны, моўны штрышок — а які этычна-паводзінны змест стаіць за ім!..

А таму — і. ў гэтым прыватным, «віншавальным», выпадку — хочацца паўтарыць пытанне, прамоўленае тым жа часопісам «Маяк» датычна стаўлення грамадства Краю да ўсяго роднага, крэўнага, свайго: «Что ж удерживало просвещенных кривичей? Ложный стыд за свою родину: куда де ей соваться за другими!..»

Як гэта — праз паўтараста гадоў! — і сёння гучыць балюча і надзённа... «Извини» — і «выбачай», народзе мой беларускі, — сціпласць твая невымерная — аж на шкоду самому сабе...

ПРЫВЕЗЕНАЕ І ЗГУБЛЕНАЕ

Пэўна, і «сюжэціка» гэтага не было б, і пошукі не спатрэбіліся б, калі б усё супала, як меркавалася...

А меркавалася, нават упэўненасць адпаведная была: слова «канаты г» ёсць у «Тарасе на Парнасе», — там, дзе бог Сатурн лапці падплятае...

У дадатак яшчэ і абрывак фразы мроіўся — штосьці накшталт «пад бок усодзіць качатыг» (ці, магчыма, «кацатыг»?)... Гэта ўжо не з «Тараса...», праўда. Але, думалася, праўда ў тым, што слова гэтае ў паэме ёсць...

Аж — не... Выявілася: калі ўжо рашыў «праверыць», дык яго, слова гэтае, у «Тарасе...» якраз і не знайшоў. Не ўпершыню, здаецца ж, перачытваючы твор, на гэты раз з нечаканым здзіўленнем «адкрыў»:

Сатурн там, лыкі размачыўшы, Падвіркай лапці падплятаў...

Ну, ясна ж, раней момант гэты «пралятаў» міма ўвагі, бо клопату з тым словам не дужа меў: «качатыг» ці «кацатыг» там... якая розніца... А тут жа — шукаю! — і раптам: «падвірка»...

Дык дзе ж тады чытаў?..

Ці чуў, магчыма?...

Не, калі чуў, то ўжо не ўпершыню, а ўжо як на падмацаванне, на пацверджанне раней пачутага. Бо напачатку слова тое «прывезлі» ў наша Мачулішча бежанцы, падчас вайны, — са Смаленшчыны («Прачысценскі раён» — як помніцца з дзяцінства!). Праўда, пазней трохі былі ў нас бежанцы і з Магілёўшчыны (Чавускі раён), то зараз ужо крыху сумніў бярэ: а можа, ад іх упершыню пачулі мачулінцы тое слова і тое «цэканне»?.. Бо, на думку мовазнаўцаў, як для смаленска-полацкага (гэтаксама і для сумежных наўгародскага і пскоўскага), так і для ўсходне-магілёўскага дыялектаў характэрна змяшчэнне «ч» і «ц» («цугунок», «цуні», — на пацеху нам, мачулінцам, гаварылі магілёўцы).

От каб знаў, каб помніў, адкуль узяліся, прыйшлі да мяне тыя два-тры словы пра іншае, апроч лапцепляцення, выкарыстанне гэтай няхітрай прылады (ну калі — «пад бок...»), тады б, магчыма, усё й праяснілася: дзе ў мастацкай, літаратурна-пісьмовай форме, зацверджана слова «качатыг» ці, хай сабе, «кацатыг»...

Пакуль жа — толькі слоўнікавыя сведчанні з фальклорна-этнаграфічных запісаў.

Уладзімір Даль у сваім славутым слоўніку пазначае так: «Коче/а/дыкъ... лапотное шило, свайка». І прыклады: «Его отсель кочедыком не выковырнешь...» (прыжыўся, значыць!..); «Не спеши языком, торопись кочедыком...»

Гэткае ж тлумачэнне дае і энцыклапедычны даведнік «Этнаграфія Беларусі» (дарэчы, ці не адзінае выданне, дзе згадваецца слова — і паняцце, — і то не асобным артыкулам, а ў апісанні; іншыя ж слоўнікі — розных профіляў і прызначэнняў — маўчаць...): «Лапці для моцнасці падпляталі лыкам з дапамогай жалезнага ці касцянога кручка (спіца, спічук, качадык, падплётка)».