Так, сапраўды, наканаваны нам быў гэтакі лёс — выжываць...
Абярэжніцамі, захавальніцамі душы народа, роднай мовы былі наша вёска, наша казачная і песенная зямля. Мова развінала свае крылы ў мастацкіх выявах вуснай народнай творчасці, каб захаваць карані, вытрываць усе выпрабаванні і забароны, каб дайсці да нашчадкаў, узвесніцца, расквітнець словам Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага...
А што ж нашчадкі?
Пахвальна кажуць пра беларускую талерантнасць. А ці не баечка гэта? — з тых, патаемна-вытанчаных спосабаў?.. Якасць, па-чалавечы станоўчая, перарастае ў адмоўную... Беларус, мовячы словамі Багушэвіча, «сам сябе баіцца»... Баіцца (на шырокай публіцы) гаварыць па-беларуску, бо гэта як бы... «не па-людску»... Баіцца ў сваёй хаце сказаць, што ён тут не госць, а гаспадар... Сарамліва «захінае» ад людзей сваю беларускасць, — чым, па-добраму, ганарыцца трэба на свет цэлы... Калі ж, калі будзе адолены гэты комплекс «нацыянальнай непаўнавартаснасці»? Гавораць жа англічане па-англійску, французы — па-французску, рускія — па-руску, — і ні ў кога ж не выклікае гэта хоць бы кроплі здзіўлення якога ці недаўмення. Проста глебы для думкі такой няма, як кажуць, сітуацыйнай падставы. А загаворыць беларус па-беларуску — тут жа і спахопіцца: помніць, што ўчыніў штосьці публічна не зусім звычайнае, нязвыклае. Помніць тое, аб чым іншыя людзі і «помніць» не маюць «зачэпкі». Гавораць — і ўсё на гэтым...
Здаецца, працэсы, якія адбываюцца цяпер у асяродку адукаванай моладзі, вястуюць, што беларуская мова зробіцца высокай мовай эліты — над агульнапобытавай «трасянкай».
Стане той «латынню» — мовай сучаснага «сярэднявечча» — для паслуг вузкага кола людзей... Добра, калі не назаўсёды...
І. Генетычная памяць вобраза
Пытанне наіўнае і цікаўнасць марная, калі не сказаць пустая: «Хто быў першым паэтам?» Для адных — «наіўнае», бо адказ спаконвечна вядомы і аксіёмны — доказаў не патрабуе. «Марная» — бо спрэчка іншых, «другіх», з гэтымі «аднымі» ніколі да перамогі не прыводзіла і не прывядзе...
«Адны» — гэта тыя, хто цвёрда верыць: усё стварыў Бог, ён Першатварэц. Ён сказаў тое запаветнае Слова, воляю якога з'явілася ўсё існае на Зямлі. Недарэмна ж засведчана: «І Слова было ад Бога, і Слова было Бог». А стварыўшы ўсё, Усявышні не мог не парадавацца: гэта было цудоўна! Вось вам творчасць і вынік — прыгажосць. Паэзія ў першародным вобліку.
І ўсё ж, пагадзіўшыся з гэтым, зойдзем са сваім «пытаннем» з боку «другіх»: няўжо Тварэц меў яшчэ і клопат усяму-ўсяменькаму — кожнай кузурцы, кожнай травінцы, — ну, словам, кожнаму-кожнаму яшчэ і імя даць? І гэтак жа «наіўна» адкажам: не, пэўна, гэты клопат ён «пераклаў» на вянец свайго тварэння, даручыў зрабіць гэта чалавеку. Не па-боску было б пазбаўляць сваё любімае дзіця, кажучы па-сучаснаму, права творчага выбару. ..
Вось так, зрабіўшы прымірэнчы, сустрэчны крок ад «адных» да «другіх», ці, калі хочаце, ад «другіх» да «першых» (пакінуўшы ў спакоі высокія тэрміны — «ідэалісты» і «матэрыялісты»), будзем шукаць таго першапаэта між людзей...
Трэба думаць, ля калыскі кожнага слова стаяў вобраз — гукавы (слыхавы), зрокавы і інш. Назва прадмета, з'явы падказвалася, дыктавалася чалавеку першасным успрыманнем, фіксацыяй у пачуццях, а потым у свядомасці і памяці іх, гэтых прадметаў і з'яў, характэрных прыкмет, адзнак. У слове замацоўвалася іх сутнасць. У слове і цяпер таеміцца іх душа, пазначаная душой чалавека. І таму хвалёны паэтычны гукапіс, гэтак званая алітэрацыя, усяго толькі вяртанне слову яго карэнных, прыроджаных, але «забытых» вобразных якасцяў, якія і спарадзілі тое слова, далі імя з'яве, прадмету — паводле выкліканых імі пачуццяў, адчуванняў. Зразумела, шлях той першай «сустрэчы», першага рэагавання на кантакт да сённяшняга слова не просты, не адналінейны, часта апасродкаваны. Ну вось, скажам, «жыта». Корань праступае, этымалогія прасочваецца ясна: «жыць». Гэта што тычыцца сэнсавага напаўнення (хоць не так ужо і проста сцвердзіць, якое з іх, гэтых слоў, было першасным). Але звернемся да напаўнення гукавога, дзеля гэтага «ланцужок» прадоўжым: «жыта, пшаніца, ячмень, авёс... — боб (!)» — ці не праўда: як на фоне гэтага «гукавога шэдэўра» (на пачатку звонкага, з падскокам, а ў канцы прыглушанага падзеннем: «боп») праступае, праяўляецца шапаткая «мова» жыта, пшаніцы, ячменю (з учэпістым, як вус ягоны, «ч»), аўса (з сонечнай спеласцю яго мяцёлак)...