Гэтак жа каларытна «размаўляе» агародніна: «бручка, морква, агурок» — чуеце, як яны храбусцяць, крамяна хрумстаюць, гэтыя словы. А вось яшчэ адна агародная «парачка»: ядраная «рэдзька» і куды «сціплейшая» норавам, з прымыканнем на вуснах — «п», бо саладзейшая: «рэпа»...
Зазірнём цяпер у «царства лясное»: «дуб, граб» — як удар сякеры, кароткі, з адскокам, — не па зубах ёй такая цвердзь... А тут ужо мякчэй і падатлівей: «клён, таполя»... «Бяроза, асіна...» — сумоўе лісця, а да таго ж — і каляровая падсветка: «бяроза» — белізна, «асіна» — падсіненая... Бывае адзін гук — а з якім характарам! «Сасна», «хвоя» — і «елка»: такое ж ужо яно «сукаватае», гэтае «к», — рыхтык пра яго, пра «задзірысты» нораў яловай драўніны кажуць цеслі і асабліва сталяры: «Усім сукам дараваў, а яловаму — павек не дарую...»
Варта толькі крануцца слыхам гукавога ладу слова — і ты апынешся ў свеце і Першамузыкі, і Перша зместу. «Снег» і «пясок» — выключна «далёкія» сутнасці, але рызыкнём супаставіць іх — ну хаця б так: «снег» — лёгкія санкі, бег палазоў, са свістам: «с» — «г» (не «выбуховае», а наша, беларускае, з фрыкатыўным прыдыханнем); і «пясок» — здавалася б, тое ж самае «коўзкае», «слізгучае» «с», але побач з ім зусім іншыя «памочнікі-асістэнты»: «тармазное» «п» і зноў жа знаёмае наша, «задзірыстае», супраць руху, «к»... От і выязджай і праімчыся на санках па сыпучым пяску... (А ёсць яшчэ, побач з «пяском», куды мацнейшая на шорсткасць ці на жорсткасць, калі хочаце: «жарства»...)
Затое «дарога» — о, гэта ўжо іншая «музыка»: і грукат колаў па гулкім доле, і «падтакванне» капытоў... А ствараецца гукавы «малюнак» гэтымі «д», «р», «г» — з уздыхам-выдыхам: «а», «о», «а»... Для параўнання: «сцежка» — шапатлівая, вузкая істужка, у адзін след — як ступіць нагой...
Ну а як не згадаць яшчэ адну паралель — «хмара» і «воблака». Тут і пахмурна, і гром рыкае, а там вольны, лёгкі палёт, ды яшчэ і блакіт ёсць!..
Зусім зразумела, што ў самым першасным працэсе «паіменавання» выдзяляўся і замацоўваўся толькі элемент «адзначанасці», а не «паэтычнасці». Мэта была утылітарная, а не мастацкая. Пэўна гэтак жа нараджаліся і словы-заклёны, словы-абярэгі, словы-заклікі. Аднак, адрываючыся ад канкрэтнай прадметнасці, набываючы тыповасць сімвалаў, яны тым самым набліжаліся да ўласна слоўнай творчасці і пераходзілі ў стан катэгорый вобразных. Шлях гэты — ад слова-першаназвы да слова як элемента ў сінкрэтычнай тканіне абрадава-рытуальнай, танцавальна-музычнай дзеі, а потым і мастацкага твора — няпросты і доўгі. Яшчэ больш складаны (і, вядома, у зусім іншых гістарычных стасунках) быў шлях словатворчасці ў сферы абстрактнай лексікі, навуковай тэрміналогіі. Тут ужо актыўна «працавала» не толькі асацыятыўнае, але і лагічнае мысленне...
У слове замацоўвалася духоўнае станаўленне народа. Носьбіт мовы — ахоўнік вялікага інтэлектуальнага і эмацыянальнага багацця, а транслятар яго — з пакалення ў пакаленне — слова. Мова — душа народа. Берагчы, узбагачаць мову — значыць, берагчы, узбагачаць душу народную. Мова народа — той неацэнным і непаўторны скарб, якім ён робіць неацэнны і непаўторны ўнёсак у скарбніцу сусветнай цывілізацыі...
Але нас цікавіць зараз адно: падкрэсліць генетычную аснову вобраза, закладзеную ў першаслове. Яна і сёння — праз эпохі і тысячагоддзі — абуджаецца і дае мастаку спосаб стварыць яркія мастацкія малюнкі, накшталт: «У бубны дахаў вецер б'е...» (Максім Багдановіч) — з характарыстычнай дакладнасцю: гэта — алітэрацыя горада, гэта — часцінка гарадскога пейзажу. Бо, дзе дах — там дом. Як, дзе страха — там хата, і там ужо зусім іншы, вясковы, вецер, што «па стрэсе снегам шорхае...» (Якуб Колас).
Як Бог з Хаосу стварыў гармонію Сусвету, так кампазітар стыхійны космас гукаў скіроўвае ў рэчышча музыкі; гэтак і паэт у невычэрпным моўным акіяне чуе і «выводзіць у людзі» тыя, адзіныя, словы, раўназначныя, гарманічна адпаведныя яго пачуццю, яго душэўнаму настрою і інтэлектуальнаму запыту. Слова — перш-наперш гучыць, а потым ужо выяўляецца сэнсам. Гэты «гукавы штуршок» рэзануецца не толькі з фізіялагічным слыхам, але і, — пэўна, перш за ўсё, — з тымі вобразамі, што тояцца недзе ў глыбінях душы, чакаюць свайго паклікання... Нездарма ж Аляксандр Блок у хвіліну творчага крызісу з горыччу ўсклікнуў, што ён не чуе музыкі, маючы на ўвазе гармонію Сусвету і ўласнага духу. Яна гучыць — гэтая велічная сімфонія: яе трэба толькі пачуць. І яе чуе геній паэта, увасабляючы ў слове. Тое ж самае меў на ўвазе і Мікалай Васільевіч Гогаль, калі гаварыў пра «...гукі душы і сэрца, выяўленыя словамі...».