Выбрать главу

2. Рыфма, гучная сяброўка...

Адным з самых па-мастацку распрацаваных спараджэнняў гукапісу з'яўляецца рыфма — эўфанічна-кампазіцыйны элемент арганізацыі верша: сістэма паўтарэння сугучнасці ў яго радках асобных гукаў ці іх сукупнасцяў.

Вывучэнню, даследаванню рыфмы прысвечаны шматлікія працы выдатных тэарэтыкаў літаратуры. Тут ужо, здаецца, сказана і раскладзена па навуковых палічках усё — да самых драбні ц.

Мэта гэтых радкоў — зусім сціплая: то ўсяго толькі пазначаныя цягам часу моманты судакранання з моваю верша, вешкі чытацкага здзіўлення, захаплення, а бывае, і засмучэння, на паэтычнай дарозе. Яна цудоўная — і кожны можа пабачыць на ёй і сказаць пра гэта штосьці сваё, як, між іншым, і па-свойму адказаць на пытанне, пастаўленае аднойчы выдатным рускім паэтам Мікалаем Асеевым: «Зачем и кому нужна поэзия?»

Дык вось: адкуль — і навошта? — прыйшоў верш?

Генезіс яго, пэўна, як і ў мовы наогул, — ад першабытнага гуку, які сведчыў ці нейкую трывогу (перш за ўсё!), ці радасць, ці заклік...

І надалей: песня, заклінанне, галашэнне неслі ў сабе і гук (як праяву эмоцыі), і слова (як праяву канкрэтнага зместу, прычыну гэтай эмоцыі).

А потым — верш «адгалінаваўся» (ад песні, заклінання, галашэння): слова і музыка разышліся (але толькі ў гэтым, вершатворчым, наканаванні: каб даць волю ўласна паэзіі, паэтычнаму слову; у астатніх жа — спецыфічнага прызначэння — выпадках слова не было «адпушчана»).

Але, несумненна, верш не мог «начыста» вызваліцца ад законаў, па якіх ён жыў у тым, першародным, першасна-сінкрэтычным жанравым асяроддзі: з вершам — як мастацтвам слова — засталіся рытміка і сугуччы ў самых розных праявах, а найперш у той, што набыла потым класічнае развіццё і вядомая нам сёння пад іменем «рыфма».

Радаслоўная рыфмы багатая і старажытная — яна сягае аж у антычны свет.

Адзін з міфаў старажытнай Грэцыі расказвае пра німфу па імені Эха — увасабленне рэха.

За тое, што Эха гамонкай сваёю адцягвала ўвагу раўнівай Геры, у той час як муж яе Зеўс забаўляўся з німфамі, разгневаная багіня пазбавіла німфу мовы, пасля чаго Эха магла толькі паўтараць канчаткі пачутых ёю слоў...

А вось якая пра гэта — у крыху іншай варыяцыі — паэтычная версія Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна:

РЫФМА Эха, бяссонная німфа, блукала над плынню Пенэя. Феб пабачыў яе і жарсцю пякельнай успыхнуў. Німфа плод захаплення закаханага бога панесла І ў пакутах яна парадзіла паміж гаманлівых наяд, А дачушку ад маці прымала сама Мнемазіна. Вырастала дзяўчынка-гарэзніца ў хоры багінь-аанід, Прыгажосцю — як Эха, — па маці; слухмяная музам; І на зямлі Рыфмай паэты назвалі яе.

Нагадаем: Феб — другое імя Апалона, бога-апекуна музаў; Мнемазіна — маці дзевяці музаў, народжаных ёю ад Зеўса; наяды — німфы вод; ааніды — адно з найменняў музаў. Вось якое атачэнне ў Рыфмы, вось якая спадчыннасць — боская!..

І ўжо Рыфма — не так сабе, не проста сугучча, а — багіня. Ну не зусім, не з самых галоўных, але ўсё ж народжаная німфаю ад бога, а значыць, з боскімі пачаткамі... Калі ўслухацца, дык і гучыць ужо ад нараджэння «ў рыфму» (ды яшчэ якую, па-сучаснаму адштукаваную!): німфа — рыфма...

Цікава, што ўкраінская назва рыфмы — рыма. Гэта, бадай, з прычыны адсутнасці ва ўкраінскай гаворцы гука, пазначанага літарай «ф», як і ў нас, у беларусаў, ды і ў балгараў... Мы абыходзіліся з гэтым «ф» (ці, дакладней, без яго) з дапамогаю замены: «Фёдар — Хведар (Хведар)» альбо — на «балгарскі манер»: «Тодар»... Калі падпарадкавацца гэтаму правілу, то слова «рыфма» загучала б па-беларуску як «рытма», — і яшчэ адзін валадар вершаванай мовы «рытм» набыў бы сабе сяброўку — «рытму», накшталт: Ян і Яніна, Васіль і Васіліна. Што, дарэчы, было б вяртаннем да каранёў, да вытокаў, бо па-грэчаску і «рытм», і «рыфма» азначаліся адным словам, сэнс якога ў перакладзе «суразмернасць»...

Заўважым яшчэ, што і ўладарнасць рыфмы ў паэзіі сапраўды боская: нездарма ж слова гэтае, апроч функцыянальнага, канкрэтнага сэнсу (сугучча), заваявала і вызначальную пазіцыю, атаясамліваючыся непасрэдна з паэзіяй, як у Яўгенія Баратынскага, да прыкладу:

Было, падлетак, звонкім клікам Я рэха па лясах будзіў, І водгук-двойня ў нетрах дзікіх Мяне трывожна весяліў. Ды іншы час з душой гамоніць, І рыфма юнака палоніць — Лясному рэху наўзамен... Гуллівасць вершаў залатая!..

Як і належыць ёй — па боскай іпастасі — рыфма не мае, і не можа мець, раз і назаўсёды вызначанай выявы, яна і шматаблічная, і шматгучная. Ёсць толькі пэўныя «рамачныя» контуры. Найбольш вядомыя, скажам так, зрокава-кампазіцыйныя характарыстыкі: па размяшчэнні ў страфе — рыфмы сумежная, перакрыжаваная, кальцавая, або апаленая; па месцы ў радках — рыфмы канцавая, пачатковая, унутраная; па становішчы гуказлучэнняў адносна націску — рыфмы мужчынская, жаночая, дактылічная, гіпердактылічная; нарэшце, па характары гукавой насычанасці — простая, састаўная, усечаная, распыленая, апорная, або карнявая, кансанансная, контурная, глыбокая... — можна і яшчэ працягваць: прастора на гэтай дзялянцы для пошукаў і варыяцый не рэгламентаваная. Бо, як слушна заўважыў наш вядомы тэарэтык літаратуры, ён жа і ўніклівы рыфмазнаўца, прафесар Вячаслаў Рагойша, «характар і якасць усіх элементаў формы, у тым ліку і рыфмы, залежаць ад канкрэтнага зместу паэтычнага выказвання».