Выбрать главу
Як пацалунак, як акорд музычны, Так рыфма з рыфмай параю спакуснай Зліваюцца ў суладдзі гарманічным Памкненнем закаханых — вусны ў вусны...

У Маякоўскага рыфма — працаўніца, можа нават, падзёншчыца: калі яна «не здзіўляе, не спыняе вашай увагі», паэт тут жа яе адхіляе ад службы, — рыфма павінна працаваць, бо (параўнаем з Багдановічам!) «рыфма звязвае радкі», «рыфма вяртае вас да папярэдняга радка, прымушае ўспомніць яго, прымушае ўсе радкі, якія афармляюць адну думку, трымацца разам», «без рыфмы (разумеючы рыфму шырока) верш рассыпаецца...».

Вось тут, здаецца, самы раз прыгадаць даўнюю (а ў пэўным сэнсе і схаластычную) спрэчку прыхільнікаў строгай класічнай паэтыкі з апалагетамі белага верша і свабоднага — верлібра.

Недзе на пачатку XX стагоддзя С. Андраеўскі, расійскі юрыст, паэт і крытык, абвясціў сваім артыкулам «Вырождение рифмы», што будучыя катаклізмы ў грамадстве «ўзламаюць углыбіню прыгожы верш» і перад ім адкрыюцца небывалыя далягляды — шырокія і перспектыўныя... На «вызваленне» верша праз паўстагоддзя (у зусім слушных захадах усталяваць права на раўнапраўнае жыццё верлібра) скіраваў сваю думку і наш беларускі літаратуразнаўца Алесь Яскевіч: «Іншы раз (усё ж асцерагаецца!.. — В. З.) рыфма і рытміка не даюць магчымасці ўжыць тое адзінае слова і паставіць на адзіна вызначанае яму месца, каб дасягалася гранічная сэнсавая дакладнасць. У класічных памерах часта атрымоўваецца, што рыфма «вядзе» думку паэта...»

Трэба разумець, што рыфма «вядзе», але не туды...

У такім разе паслухаем Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна:

...слоў бязладдзе Ў дрымотнай музы гвалтам вырываю. Да гука гук не йдзе... Правы губляю Над рыфмай, над маёй прыслужніцай абранай: Верш вяла цягнецца, халодны і туманны...

Гэта аб тым, калі і ў прыродзе, і ў грамадстве завейна i сцюжна, а значыць, і на душы пануе адпаведны настрой.

Нудотна і цяжка без вернай сяброўкі — рыфмы... Пушкін ведаў, пра што гаворыць. Для яго «рыфма была праверкаю правільнасці думак», — слушна заўважыў Юрый Тынянаў у рамане «Пушкін».

А таму — не будзем упадаць у экстаз, выгукваючы: хвала верлібру, хвала беламу вершу!.. Хай жывуць і яны здаровенькія. Але ці ёсць падставы з катэгарычнасцю вінаваціць рыфму ў пэўным паэтычным «прабуксоўванні»? Прычына — у іншым: сакрэты ўсе трымае ў сваёй «валодае» «суб'ект», імя якому — талент.

І ці не здараецца такое, калі, назваўшыся верлібрам, верш паўстае перад чытачом бяздушным стварэннем, вершам нямым і глухім. Ці ў лепшым выпадку, вершам-«белабілетнікам», не годным «да страявой»?..

Такое «вершаскладанне» пазбаўлена каранёвай сувязі з першаасновай — і не толькі ў эмацыянальна-гукавым, але і ў сэнсавым ладзе: адлегласць паміж энергетычнымі палямі слоў павялічваецца катастрафічна, сэнс не дапісваецца сэнсу, слова не пазнае слова. Паэтычны вобраз разбураецца. Пачынаецца празаічны — роўнаскіраваны, паступальны рух. А тут ужо іншыя законы, іншае мастацтва, хоць і на аснове таго ж матэрыялу — слова...

Права на эксперымент — адно з фундаментальных правоў у краіне Паэзіі. Але — сістэма (ці бессістэм'е) фармальных пошукаў не мае права закрэсліваць сістэму лагічных сувязяў, як апошнія не павінны браць верх над эмацыянальнай узнёсласцю, шырынёй і датклівасцю...

Зробім невялікі прыпынак, каб пачытаць...

НОЧ

Ноч перайначвае рэчаіснасць: утойвае відавочнае і ўвідавочнівае патаемнае.

Учора — вечар, заўтра — раніца, сёння — дзень, і толькі ноч не мае свайго адпаведніка, які азначыў бы яе месца ў часе: яна — прысутнасць адсутнасці, нішто, ніякая, нічыя.

Ноч змыкае людзям вочы і адмыкае новыя — не бачныя для вачэй — далячыні.

Уначы, знітоўваючы зямлю і неба, палымнеюць знічы, коцяцца, знячэўку сарваўшыся з зорных галінаў, знічкі, а ў неабсяжных ночвах нябёсаў плавае месяц-човен.

Ноч як нябыт: хвіліна ў ёй не адрозніваецца ад вечнасці, пакута ад шчасця, пачатак ад завяршэння, набытак ад страты, і калі, скончыўшы свой чараўнічы сеанс, ноч растае, свет паўстае абноўленым, «нашчым», перапісаным начыста.