Падставы для гэтай «нелюбові» грунтаваліся як у момантах суб'ектыўна-асабістых (прыгадаем тут і, адмоўнае ўспрыняцце творчасці Шэкспіра, Гётэ), так і ў аб'ектыўных: «Яшчэ Буало сказаў, каб думка не калечылася рыфмай. Калі можа паэт так сказаць вершамі, каб мы і не заўважылі, што гэта вершы, — добра, а без гэтага лепш гаварыць, як умееш...»
Фальшывая рыфма атаясамлівалася ў Талстога з фальшывым уяўленнем аб жыцці і з фальшывым яго выяўленнем... В. Булгакаў згадвае, як Леў Мікалаевіч абураўся, што ландыш называюць «серебристым» («нічога няма падобнага на серабро...»)... «Гэта сказана толькі дзеля рыфмы, дзеля рыфмы «душистый»... Гэта цалкам фальшывае ўяўленне. І так ва ўсіх паэтаў, і ў Пушкіна таксама...» (нават у Пушкіна!..).
Складанае, небясспрэчнае стаўленне Льва Талстога да паэзіі (ад захаплення да адмаўлення) дыктавалася яго эстэтычнымі прынцыпамі аб даступнасці мастацтва народу, простаму чалавеку. Ёю, «даступнасцю» гэтаю, ён і вымяраў, і вывяраў вартасці твора, патрабуючы, іншы раз, не ўзвышэння чытача да ўзроўню таго, што чытаецца, а, наадварот, «зніжэння» твора да ўзроўню чытача... — так атрымлівалася на справе...
«Я пераканаўся, што лірычны верш, як, напрыклад, «Я помню чудное мгновенье», творы музыкі, як апошняя сімфонія Бетховена, не так безумоўна і сусветам добрыя, як песня пра «Ваньку клюшнйка» і напеў «Вниз по матушке по Волге»... — канстатаваў Леў Мікалаевіч і тлумачыў: «Я гадамі марна біўся над перадачаю вучням паэтычных прыгажосцяў Пушкіна... і нічога не мог дамагчыся...» А таму на пытанне «Каму ў каго вучыцца пісаць?..» адказ быў адназначны: «нам — у сялянскіх дзяцей»...
Зразумела, дзіцячая непасрэднасць, жывая адкрытасць навакольнаму свету, прадметнасць яго ўспрымання — якасці выключна важныя, асабліва ў паэзіі... Але што сказаў бы сёння Леў Мікалаевіч, пабачыўшы, як «зліваюцца» ў адзіным «парыве» папсовыя «зоркі» з натоўпам абяздушаных, абалваненых прыхільнікаў, дзе першыя «зніжаюцца» да патрэб другіх, а другія «ўзвышаюцца» да мізэрных мастацкіх магчымасцяў першых?..
Аднак ці не час схамянуцца: адхіліў нас Леў Мікалаевіч ад тэмы: замоўленай: «Рыфма»... Зрэшты, не такі ўжо ён, пэўна, быў і праціўнік гэтай німфы, калі, зважаючы на яе адсутнасць, гаварыў: «Калі чалавеку няма ніякай справы да таго, пра што ён піша, ён піша белым вершам, і тады ілжывасць не так груба прыкметная...»
Бо ведаў — і не мог не ведаць — Леў Талстой, што «рыфма», «складная» гаворка, была і заставалася ў цане ў вуснах простага народа...
сказаць «у рыфму», на што зважае тут Аляксандр Твардоўскі, значыць, сказаць трапна, ёмка. Як у сук уляпіў, — гэта пра такіх народных красамоўцаў...
Рускі пісьменнік Аляксей Рамізаў ужо канкрэтным іменем называе майстра звычайнай, здавалася б, аднак па-мастацку адметнай гаворкі — гэта маляр Мацвей, які «вельмі смешна расказваў з зашчапкай-рыфмай...».
Такіх дзядоў, цётак, бабуль і дзядзькоў можам і мы — кожны з нас і кожны па-свойму — успомніць. Васіль Вітка згадваў стрыечную сястру Маню: «Як скажа што, ды яшчэ прыкладзе ў рыфму, тут усе і палягаюць з рогату.
— Ой, Манечка, ты — сапраўдны Райкін!..
— Мела б яйкі, была б Райкін, — пачуўся адказ, і ўсе зарагаталі яшчэ весялей...»
Майстэрскую рыфму герояў лірычна-філалагічных нататак Фёдара Янкоўскага Васіль Вітка параўноўваў з пастэрнакаўскай: «Быў бы пеўчым, ды хадзіць у неўчым», «Зяць, пабыўшы ў цёшчы, рад уцёкшы...»
Асаблівым поспехам і ўвагай карысталіся народныя «рыфмоўцы» на вяселлях ці іншых святочных бяседах...
Знаў такога дзеда і я. Што б ні гаварыў Мікалай Зюзюн, у яго заўсёды атрымлівалася «ў рыфму». Здаецца, ён і не вымагаўся гэта рабіць — само сабою «вязалася»... От на вяселлі сваты (а дзед быў у іх «камандзе») выцягваюць і нясуць да стала раздзьмутую — як футбольны мяч — «пасудзіну». Можа, многія з застольнікаў наогул упершыню бачаць яе — тую гумавую медыцынскую грэлку, а Мікалай тут жа і тлумачыць: «Гэта мех-раздувала — у ім гарэлкі нямала!..» — як бы і хвалячыся, і супакойваючы: маўляў, піце на здароўе, — пяцідзесяціградуснай, з жытняга соладу, «весялухі» — удосталь...
Існуе даволі ўстойлівая думка, што рыфма ў творах вуснай народнай творчасці адсутнічае альбо амаль адсутнічае. Такія сцверджанні, з пэўнай доляй саступак, можна было б і дапусціць. Але сама фальклорная рэчаіснасць (асабліва наша, беларуская) ніяк не пагаджаецца з гэтакай катэгарычнасцю.