Праз разварушанае сена ў нару пранікала цьмянае святло хмарнага ранку і дзьмуў вецер. Зоська ўспомніла, дзе яна, адкінула палу кажушка і памкнулася выскачыць, але толькі села, прыгнуўшы зацярушаную сенам галаву. Антона ў стажку ўжо не было. Усё яшчэ перажываючы свой страшны сон, Зоська прыслухалася, дзесь паблізу чуліся крокі, і яна ціхенька паклікала:
— Антон!.. Галубін…
— Што? Прачнулася? Ану, уставай! Выхадзі на зарадку!
Паволі вызваляючыся з-пад улады соннага страху, яна стала таропка збіраць сваю ўтаптаную ў сена апратку, якая амаль ужо высахла, толькі спадніца і боты былі яшчэ макраватыя. Лежачы, як-колечы надзела на сябе спадніцу і з ботамі ў руках выскачыла са стажка.
Займалася позняя зімовая раніца, над поплавам віднела, выплывалі з прыцемку невыразныя ўначы плямы, якімі аказаліся зараснікі, зводдаль цямнела паласа хвойнага лесу. На прысыпанай свежым снегам траве стаялі чатыры стажкі, і ў суседнім з іх Зоська пазнала той іх стажок, дзе яны ўчора спрабавалі ўладкавацца на ноч. Каля яго з падкасанымі рукавамі сподняй кашулі націраў снегам шыю Антон. Як толькі яна вылезла з нары, ён скамячыў дужымі рукамі снежку і жартам шпурнуў у яе. Зоська міжволі ўхілілася, снежка мякка шлёпнулася аб стажок і рассыпалася.
— Хутка мыйся, соня! — грубавата пажартаваў Антон. — А то разаспалася, не дабудзішся. Быццам вайна скончылася.
— Учора ўжо вымылася, — сказала Зоська, таропка нацягваючы на панчохі макраватыя боты.
— Учарашняе не ў залік. Хто першым снегам памыецца, усю зіму без прастуды абыдзецца. Ану!
Ён падчапіў рукой жменю свежага снегу і, падышоўшы да Зоські, нацёр ёй лоб і пераноссе мокрым, сцюдзёным снегам.
— Ой, ой! Не трэба!
— Нічога, прывыкай! Спатрэбіцца.
Зоська завязала цёплую шэрую хустку, крадком пазіраючы на Антона. Ёй было трохі ніякавата перад ім за іх не зусім звычайны начлег, яго дамаганне і сваю рэзкасць учора, але Антон трымаў сябе дзелавіта проста, быццам яны толькі цяпер спаткаліся, і гэта супакоіла Зоську. Абое быццам дамовіліся не ўспамінаць пра маленькі інцыдэнт, робячы выгляд, быццам нічога між імі не здарылася. Зосьцы, праўда, гэта ўдавалася горш, у яго ж выходзіла як найлепш. Быццам ён і не начаваў з ёй у гэтым стажку.
Антон падперазаў ваеннаю дзягай свой руды сялянскі кажушок, прыдзірлівым позіркам зверху ўніз акінуў Зосьчыну постаць, і ў ягоных шэрых вачах з’явіўся клопат.
— Ну як? Трохі падсохла?
— Падсохла. Толькі спаднічка макраватая яшчэ.
— Высахне. На марозе ўсё хутка сохне. Слухай, а паесці ў цябе няма?
— Няма нічога, — вінавата сказала Зоська. — Я ж у Азярках дняваць меркавала. Там бы і пакармілі.
— Го! Азяркі яшчэ вунь дзе! Да Азяркоў паўдня топаць трэба.
— Цяпер ужо што. Усё роўна спазнілася.
— А табе ад Азяркоў куды? — запытаў ён і трошкі пакасіў на яе свае шэрыя на грубаватым абветраным твары вочы.
— Далей. У бок Нёмана. Слухай, а ў Лунна гарнізон, кажуць? — з трывогай запытала яна.
— Гарнізон, ага. У Лунна хадзіць нельга.
— Мне і сказалі — нельга. А я думала…
— Няма чаго і думаць. Цераз Нёман у другім месцы трэба перабірацца. Табе ж сказалі, у якім?
— Сказалі, — ціха зазначыла Зоська.
— Во там і пераправімся. Пароль жа ведаеш, мусіць?
— Пароль ведаю, — сказала Зоська і з трывогай у голасе загаманіла: — Слухай, давай схаваем наган. Во ў стажку. А пасля возьмеш, га?
— Ну, прыдумала! Нашто хаваць? Яшчэ спатрэбіцца.
— А раптам вобыск? Бо калі знойдуць, дык усё прапала. I як Дазорцаў табе дазволіў наган браць?