Выбрать главу

Зоська слухала яго і сама ўсё разумела: трэба адважыцца і скокнуць. Але спярша трэба было разлічыць штуршок з адлегласцю, і каторы раз, зрабіўшы тое, яна разумела, што да бервяна не дастане, значыць, зноў апынецца ў ледзяной вадзе. А новае купанне ніяк не ўваходзіла ў яе планы — даволі з яе ўчарашняга, ад якога яшчэ не высахла апратка.

— Ах ты, такую тваю мацер! — вылаяўся на тым беразе Антон і, ломячы ботамі лёд, рашуча сігануў у ваду. Яна не зразумела яшчэ, навошта ён так зрабіў, і спалохалася, убачыўшы яго па калені ў вадзе, адкуль ён патрабавальна працягнуў да яе рукі.

— Прыгай, ну!

Зоська скокнула — не на бервяно, а ў гэтыя выстаўленыя да яе рукі, ён пахіснуўся, але ўтрымаў яе, пераступіў, ледзьве сам не паваліўшыся ў ваду, і дужа штурхнуў нагамі наперад, да самай ледзяной закраіны ля берага. Яна ўпала на адно калена, але хутка ўскочыла і, запэцкаўшы рукі, узлезла на невысокі тут, аблытаны карэннем бераг.

— Дзякуй, — ніякавата сказала яна, пазіраючы, як выбіраўся з вады Антон. Мабыць, спяшацца яму ўжо не было патрэбы, абедзве ягоныя нагі да самых калень былі мокрыя, з левай палы кажушка лілася на бот вада.

— Набраў, ага? У абодва? Ну во… Ты мне даруй, калі ласка.

— Што рабіць! Зялёная ты яшчэ разведчыца. Напэўна, зялёная, падумала яна, выразна ўсведамляючы сваю віну і з непрыемнасцю адчуваючы трохі прыкрытую яго незадаволенасць. Стоячы збоку, яна моўчкі глядзела, як ён з сілай сцягнуў з левай нагі бот і выціснуў на снег брудную дзіравую анучу.

— Во так! Цяпер абое купаныя, — упершыню падняў ён да яе яшчэ строгі, але трохі падабрэлы позірк, і яна зразумела, што ён ужо не сярдуе.

— Так шырока, што я не магла, — сказала яна. — А ў другім боце як? Суха?

— У другім суха, — сказаў ён. — Левы дзіравы, даўно ваду прапушчае.

Тым не менш Антон сцягнуў з нагі і правы бот, сухую анучу з правай нагі накруціў на пачырванелую ад сцюжы левую ступню.

— Каб крыўдна не было. Мокры бот, затое сухая ануча. Ён зусім ужо не злаваў, і ў Зоські адлягло ад душы — усё ж ён малайчына, гэты Антон Галубін.

— Напэўна, змёрз? Давай прабяжым, — прапанавала яна, але Антон не згадзіўся і нетаропка падняўся з берага, старанна выцер аб снег запэцканыя ў гразі рукі.

— Сагрэюся. Мароз невялікі.

— Куды цяпер — не зразумею нават. Пушча там быццам, так?

— Там, — пацвердзіў ён. — Недзе тут павінна быць дарога. А табе куды — на Астравок?

— Ага, на Астравок. Дазорцаў сказаў. Там хлопцы на заставе перавязуць цераз Нёман.

З гэтага боку рэчкі куп’сты балотны бераг густа зарос кустоўем, сярод якога ледзьве не да калень тапырылася ссохлая, перасыпаная снегам трава, і яны ішлі, пракладваючы паміж кустоў і купін дзве пары глыбокіх слядоў. Напэўна, гэтыя сляды трэба было б маскіраваць неяк, але Зоська не ведала, як тут іх можна было замаскіраваць, і не здзівілася, калі Антон загадаў:

— Ты ідзі за мной. Каб у адзін след.

— Правільна.

Балота ўсюды добра прамерзла і няблага трымала чалавека, у траве было суха, дробныя лужыны павымярзалі да дна, і пад нагамі часам хрумсцела — нятоўсты лядок лёгка ламаўся ў траве.

— Зося! — нейкім асаблівым голасам сказаў раптам Антон і азірнуўся. Яна ледзьве не наткнулася на яго ззаду і спынілася, пазіраючы ў яго заклапочаны, нават азмрочаны чымсьці твар. — Зося, я павінен табе сказаць…

— Што?

— Знаеш… Я ў самаволцы, — сказаў ён і ўважліва паглядзеў на яе. Яна не зразумела нічога.

— У якой самаволцы? У разведцы…

— У тым-та і справа, што не ў разведцы. Я схлусіў табе. Мяне ніхто не пасылаў, я сам…

— Як сам?

— Сам. Як дазнаўся, што ты ідзеш на такую справу… Не вытрымаў. Ну і во…

Падняўшы высока бровы, Зоська стаяла і няўцямна глядзела ў яго азмрочаны перажываннем твар, і сэнс яго слоў не адразу даходзіў да яе свядомасці. У самаволцы? Чаму ў самаволцы? Чаму яна пайшла і ён не вытрымаў? Але вось пачала разумець нешта, і блытанае пачуццё спагады і спалоху ахапіла яе.

— Што ж ты нарабіў?

— Во нарабіў, — развёў ён рукамі. — Цяпер позна перарабляць.

— Не, табе трэба вярнуцца! — спахапілася яна. — Што ты! Цябе ж за такую справу…

— А цябе? — з нейкай незразумелай пераконанасцю перапыніў ён яе. — Ты ж у першай вёсцы ўліпнеш. Прападзеш за нішто.

— Чаму? — яшчэ болей здзівілася Зоська.

— Чаму? Табе растлумачыць, чаму? Што ты ўмееш? Пералезці цераз рачулку ты ўмееш? Ашукаць паліцая ўмееш? На дакумент свой спадзяваешся? Дык першы ж бобік усё адразу сцяміць. Ану дай твой аўсвайс!

Не могучы перасіліць сваю збянтэжанасць, яна сунула руку за пазуху і са спецыяльна прышытай для таго кішэні ў сачку дастала паламаную кніжачку аўсвайса.