— Ну во! — адразу расчаравана прамовіў ён. — Хто так дакументы носіць? Хіба вясковыя дзеўкі так аўсвайсы свае хаваюць? Трэба было абгарнуць у паперку ды завязаць у кужэльную трапачку. Ды схаваць пад сёмую апратку. А ў цябе — усё нагатове. Цяпер фатаграфія, — сказаў ён і сціх, разглядаючы здымак на дакуменце. — Ну, канешне, адразу відаць: пашпарт аднаго чалавека, а фота другога. Старое фота з чужога дакумента. Ды і пячатка… Ну хто ж так пячаткі ставіць! — абурыўся ён. — Рукі б таму паламаць. Глядзі, нават літары не супадаюць.
Яна зірнула на разгорнутую ў ягоных руках кніжку — сапраўды, літары на фатаграфіі яўна адрозніваліся ад тых, што стаялі на старонцы аўсвайса і ішлі неяк крыва, нібы распаўзліся ад вільгаці. Хаця ўчора аўсвайса яна не намачыла.
— Ну, бачыш? Як за цябе не баяцца?
Падобна, што ён у чымсьці меў рацыю, яе падрыхтавалі не дужа старанна, і яна вельмі лёгка можа ўліпнуць. Але як і чым апраўдаецца ён? Цэлая ноч адсутнасці ў лагеры не застанецца там без увагі, як тады ён растлумачыць гэтую сваю адлучку? Трывогай за Зосю Нарэйка? Але ці не будзе гэта дзіўна і смешна? I хто гэтаму паверыць?
Збянтэжаная нечаканым адкрыццём, Зоська прыхінулася спіной да алешыны і стаяла, не могучы прыдумаць што-небудзь. Яна толькі няўцямна пазірала на свой злашчасны аўсвайс з няўдалым здымкам, адарваным ад яе даваеннага студэнцкага білета.
— Дык што ж нам рабіць?
Антон трошкі прытаптаў ботамі чорную палеглую папараць і нецярпліва варухнуў пад кажушком плячыма.
— Пойдзем разам. Авось я табе не перашкоджу.
— Ты мне не перашкодзіш, наадварот, — запэўніла Зоська. — Але…
— Быццам муж і жонка, ідзем у Скідзель да маці. Там сапраўды ў цябе маці, могуць праверыць.
— Ну што ты! Якая я жонка?..
— Не хочаш жонкай — сястрой будзеш. А што? Удваіх, знаеш, зручней.
— Яно так. Але…
— Хочаш сказаць: як у атрадзе пасля?
— Ну.
— Відаць будзе. Авось апраўдаемся. Ты ж за мяне ўжо заступішся?
Зоська ўсё не магла даўмецца, што ёй трэба зрабіць, на чым цяпер спыніцца і нават што сказаць Антону. Вядома, сэнс яго недарэчнага ўчынку не пакідаў сумнення, што ён зрабіў кепска і што, вярнуўшыся ў атрад, ім абаім не мінуць бяды. Антон зрабіў няправільна і нават злачынна, самавольна пакінуўшы атрад. У нейкай меры яго апраўдвала хіба тая акалічнасць, што адправіўся ён не на п’янку на які-небудзь хутар, не на гульбішча, а пайшоў з ёй на небяспечную справу, адкуль невядома яшчэ, як вярнуцца. Зноў жа гэты спалох за яе, амаль безразважная рызыка ад страху за яе жыццё збянтэжылі Зоську. Яшчэ ніхто ў яе жыцці не спрабаваў зрабіць нічога падобнага, і гэта болей за ўсё аслабляла яе рашучасць, рабіла саўдзельніцай Галубіна.
— Ну што задумалася? — падобна, канчаткова адагнаўшы свае перажыванні, бадзёра сказаў Антон. — Няма чаго думаць. Ужо я цябе не пакіну. Пойдзем разам. Ці, можа, ты супраць?
— Я не супраць, Антон. Наадварот. З табой мне, сам разумееш… Але…
— Розных «але» хапае. Цяпер не будзем пра «але»… Халера, усё ж нага мерзне, — сказаў ён і прытупнуў левай, мокрай, нагой. — На Астраўку скажаш, што паслалі ўдваіх. Ты старшая, я ў падмогу. Пропуск далі?
— Далі, ага…
— Во і добра. Пераправімся, а там пабачым.
Ён зноў рабіўся ўпэўнены, нават ажыўлены, быццам наперадзе не было смяртэльнай небяспекі, а ў атрадзе не чакалі яго непрыемнасці, калі ён вернецца з гэтай самавольнай разведкі. Але што рабіць — сапраўды, яна не магла прагнаць яго ад сябе, ды і не мела на гэта жадання. Яна ўспомніла сваё адзінокае блуканне ўчора па гэтым балоце, і ёй стала паныла. А як будзе адной па той бок Нёмана, у незнаёмых, набітых паліцаямі вёсках?
— Няма чаго гараваць! — падбадзёрыў ён і паклаў вялікую руку на яе плячо. — Пайшлі!
Мусіць, каб канчаткова вывесці яе з панылай заклапочанасці, ён жартам скалануў бліжнюю бярозку, і цэлае воблака сняжынак сыпанула на абаіх. Зоська знячэўку здрыганулася, але не ўсміхнулася нават, і ён надзеў рукавіцу і няхутка пайшоў між зарасніку, пракапваючы ботамі глыбокі след у засыпанай снегам траве.
6
Антон ведаў: тут недзе была дарожка, месяц назад ён вяртаўся па ёй з Зарэчча, але цяпер дарогі нідзе не было відаць; проста рабілася дзіўна, куды яна магла знікнуць? Па слізкім ад снегу травяністым схіле яны ўзабраліся да хваёвага ўзлеску, трохі прайшлі між сасонак і, не згледзеўшы дарогі, крута павярнулі ўбок. Але дарогі ўсё не было, а неўзабаве іх шлях упёрся ў шырокі развалісты роў. Спыніўшыся над яго абрывістым берагам, парослым кустамі ляшчынніку, Антон пачакаў Зоську.