— Дзесь дарога была. I няма.
— Папытаць… — зморана вымавіла Зоська і змоўкла, мусіць, даўмеўшыся: у каго тут было папытаць?
Ведама, дарога, — не іголка ў сене, недзе яна знойдзецца, але Антону шкада было часу, нямала якога было патрачана на гэта дурное блуканне, калі наперадзе яшчэ столькі небяспек і клопату. Праўда, ён мог бы ісці і хутчэй (наогул ён хадзіў хутка), але Зоська пачала адставаць, усё ж яе кароценькі крок не параўнаць было з яго крокам у метр. Дзяўчына нарэшце, відаць, угрэлася, светлыя пасмачкі яе валасоў выбіліся з-пад цёплай хусткі і прыліплі да спатнелага лоба, твар расчырванеўся і макава гарэў ад стомы.
Антон пастаяў, падумаў, але ў роў не палез — пайшоў па-над берагам, збіваючы ботамі снег з нізенькіх кустоў ядлоўцу. У лесе стала цяплей, вецер сціх, толькі голае вяршалле ляшчынніку ціхенька пагойдвалася на тым схіле рова. Высокія хвоі з далікатна аснежаным голлем разважна шумелі ўгары. Канешне, ён ведаў напрамак і мог ісці на Астравок праз лес, наўпрасткі, без дарогі, але ўсё ж да Астраўка было кіламетраў восем, і ён пашкадаваў Зосысу. Напэўна, недзе паблізу, можа, нават у тым месцы, дзе канчаўся роў, і была дарога, не магла ж яна праз зямлю праваліцца.
Яны, аднак, яшчэ не дайшлі да канца гэтага рова, які патроху мялеў, як Антону здалося, што дзесь чуецца голас. Ён спыніўся, паслухаў, азірнуўся на Зоську — тая таксама насцярожана прыслухоўвалася. Неўзабаве іх слых вылучыў у лясным пошуме некалькі невыразных гукаў — несумненна, дзесьці паблізу нягучна размаўлялі людзі.
— Ты пастой тут, — ціха сказаў Антон Зосьцы, а сам памалу пайшоў ад рова ў глыб лесу.
Сосны раслі не густа, між іх голых камлёў было б далёка відаць, калі б не густаватыя зараснікі ядлоўцу і хвойнага падросту, які прывольна раскінуўся на ніжнім ярусе лесу. У гэтым сухім зімовым бары падрост быў неблагім сховішчам на выпадак чаго, Антон лёгка маскіраваўся ў ім, тупаючы ад куста да куста, ненадоўга спыняючыся і слухаючы. Галасы часам знікалі зусім, але вось зноў пачуліся трошкі ўбаку, і Антон затаіўся за патрэсканым камлём сасны. Непадобна, каб тут былі немцы або паліцаі, падумаў ён, хутчэй за ўсё сяляне ці, можа, партызаны з суседняга атрада Варашылава. Але цяпер ён не меў ніякага жадання сустракацца ні з кім. Ды і Зосьцы такія сустрэчы маглі толькі пашкодзіць, ім трэба было трымацца як мага далей ад людскога вока.
У бары пад шапкамі хвой снегу было не шмат, месцамі ён толькі пасыпаў шэры, з ігліцай мох, які добра глушыў крокі чалавека. I ўсё ж трэба было асцерагацца. Спыніўшыся за сасной, Антон выцяг з кішэні наган і, расшпіліўшы ў кажушку верхні гузік, засунуў наган за пазуху.
Людзей ён убачыў нечакана блізка, як толькі абмінуў край маладога густаватага бярэзніку, праз які не стаў прадзірацца, і павярнуў убок. Спярша кінуўся ў вочы конь, што паныла стаяў у вупражы крокаў праз дваццаць ад яго, за ім на санях з падсанкамі сядзела спіной да яго жанчына ў рудым, з чорным каўняром кажушку, і побач, прыгнуўшыся, стаяў мужык у шэрай суконнай паддзёўцы, які засяроджана сачыў за нечым, што рабіла жанчына. Побач на снезе ляжала свежапаваленая сасна, ужо раскрыжаваная, з абсечаным суччам, і Антон здагадаўся, што, мабыць, гэта з вёскі прыехалі ў лес па дровы.
Не губляючы, аднак, асцярогі, ён выйшаў з-за бярэзніку на адкрытае і спакойна скіраваў да людзей. Жанчына, што сядзела да яго спіной, не магла яго бачыць, але мужчына, напэўна, учуў яго крокі і ўзняў галаву.
— Добры дзень вам, — спакойна павітаўся Антон, падыходзячы бліжэй; мужчына таропка саставіў нагу з саней, пазіраючы на яго трохі здзіўленым, спалоханым позіркам. Гэта быў малады, крутаплечы хлопец з рэдзенькім пушком на барадзе, у чорнай шапцы-аблавушцы. З-пад паддзёўкі на ім відаць былі паношаныя армейскія брыджы з нашыўкамі на каленях, і Антон непрыязна падумаў: прымачок, напэўна.
Падобна, так яно і было. Хлопец трымаў у руцэ скібу хлеба з салам, якім яго частавала жанчына, як заўважыў Антон, падышоўшы бліжэй, спрытная, вяртлявая маладзіца, якая непрыязна і бязбоязна зірнула на яго. Тут жа была і дарога з прашараваным да пяску свежым следам ад гэтых саней.
— Добры дзень, — насцярожліва адказаў прымак, усё трымаючы ў руцэ лусту хлеба з пакладзеным на яе салам. Цяпер ужо абое яны трывожна глядзелі на Антона, які сказаў як можна спакойней:
— Па дровы прыехалі?
— Ды во трэба, — няпэўна сказаў прымак і паклаў на калені жанчыны хлеб, які тая адразу прыбрала ў белую зрэбную сумку. Антон ступіў бліжэй і нагой паварушыў цяжкі хваёвы камель, які ледзьве варухнуўся на снезе.