Каб яна не адставала, Антон стрымліваў бег і шырокім размашыстым крокам з хрустам таптаў падмерзлую траву поплаву, упэўнена вёў Зоську ў змрок снежнае ночы. Яна хацела сказаць, што ёй трэба за рэчку, але стрымала сябе — цяпер сапраўды спярша трэба было абсохнуць, і яна амаль з радасцю ўхапілася за гэтую яго таварыскую дапамогу, якая аказалася вельмі дарэчы. А яна, дурная, баялася.
— Тут недзе вёска была. Забыў, як называецца. Кандыбаўшчына, здаецца. Не чула такой?
Яна моўчкі пакруціла галавой.
— Што, здорава выкупалася? Ану? — ён скінуў рукавіцы і цепнуў рукой яе па спіне і ніжай. — Жакетка наўродзе сухая. Спадніца толькі. I ногі. Ану хутчэй! Шырай шаг, малеча! — бадзёра закамандаваў ён.
— Там так глыбака! Ніколі не думала, — сказала яна, ціхенька ляскаючы зубамі.
— Глыбака, канешне. Гэта ж не ўлетку. Трэба было каля леснічоўкі перапраўляцца, а ты во куды шыбанула.
— Я і хацела каля леснічоўкі. Але ж… заблудзілася.
— Я так і падумаў. Яшчэ не выйшла з зоны, а ўжо заблудзілася. Як жа ты будзеш там, разведчыца?
Што яна магла на гэта сказаць? Пачатак сапраўды атрымаўся няўдалы, магло быць і горш, калі б не падаспеў ён. А можа, без яго яна была б асцярожней і не палезла так раптам у рэчку? Але заблудзілася па сваёй віне, тут ужо вінаваціць не было каго, тут была сама вінаватая…
2
Хвіліну яны моўчкі трухалі поруч. Зоська з нецярплівасцю ўзіралася ў змрок, імкнучыся ў рэдкім мільгаценні сняжынак заўважыць першыя прыкметы вёскі, але вёскі ўсё не было, нават не пачыналася поле, пад нагамі па-ранейшаму слалася-шастала някошаная балотная трава. Антон пачаў углядацца ў бакі і нават азірнуўся назад, дзе ў змроку зацямнелася штосьці высокае, падобнае на грудок з хвойным гайком. Напэўна, гэты грудок быў тут адзінай прыкметай на іх балотным шляху, і Антон, раптам спыніўшыся, з прыкрасцю вылаяўся:
— Ах ты, халера! Во куды зайшлі! Гэта ж Круглы грудок. Вёска ўбаку асталася.
Зоська расчаравана ўздыхнула, яна ледзьве ўжо стаяла на, здавалася, зусім адмерзлых нагах, у грудзях ажно прагоркла ад стомы, а рукі і асабліва ногі вышэй калень зусім здранцвелі ад сцюжы. Спаднічка хутка змерзлася і жорстка муляла сцёгны.
— Што ж цяпер рабіць? — разгублена прагаварыла яна, спыніўшыся і адчуваючы, што выйсця, мабыць, няма, што, мабыць, прыйдзецца ёй замярзаць на гэтым балоце.
— Халера! — злаваў Антон. — Трэба ж… Думаў, гэты грудок злева, а ён… Нарабіла ты бяды з гэтай рэчкай.
Ён бурчаў незадаволена, з яўным папрокам, і яна таксама хацела зазлаваць ды крыкнуць, што ўсё праз яго, што каб ён не з’явіўся за яе плячыма, яна б не сунулася па-дурному ў гэту праклятую рэчку, пашукала б дзе другі пераход. А то сам яе напалохаў, загнаў у ледзяную ваду і яшчэ папракае. Але штось утрымала яе ад сваркі, усё ж яна адчувала і сваю тут віну і таму, перабораўшы крыўду, коратка кінула:
— Ладна! Ужо сама як-небудзь…
Аднак у голасе яе пачуліся слёзы, ён, мабыць, заўважыў гэта і змоўк, раптам зноў угледзеўшыся ў прыцемкі. Штось там зашарэлася воддаль, але яна не магла разгледзець, што — задубелымі пальцамі яна выцірала вочы.