Выбрать главу

— Пастой! — сказаў ён. — Глядзі, стажок нібы? Праўда! Ану бягом!

Яна зразумела і нават убачыла ў шэрых ветраных прыцемках шызыя вярхі стажкоў на балоце пад самым кустоўем. Пярэдні стажок быў зусім блізка, за якія паўста крокаў — касабокі, з заснежаным верхам і чорнай палкай у ім, ён з’явіўся для яе паратункам; нічога цяпер, напэўна, нельга было і прыдумаць. Антон першы падбег да стажка і, абмацаўшы яго, пачаў энергічна выскубаць сена. Падбегшы пасля, Зоська таксама сунула ў жорсткае шархоткае сена свае знямелыя рукі. Але перасыпанае снегам, настылае сена так злеглася ў гэтым стажку, што ніяк не паддавалася іхнім рукам. Антон, як ні стараўся, за дзесяць хвілін выскуб толькі невялічкую ямку — болей яно не скублася.

— Халера! Зляжалася, не выдзераш! Ану скубі, тут нібы мякчэй, — паказаў ён нейкую мясціну ў стажку, а сам падаўся за стажок да наступнага.

Зоська, здаецца, зусім скалела, хоць ля стажка было трохі зацішней ад ветру, але яе мокрыя ногі і сцёгны ашчаперыў такі мароз, што яна ледзьве трывала. Рукі, аднак, пачалі грэцца ў сене, з травяных нетраў якога разам з духмяным водарам нібы патыхала назапашанае за лета цяпло.

Яна ўжо гатова была ўціснуцца целам у неглыбокую выскубіну, як здаля пачуўся прыглушаны Антонаў голас:

— Гэй, сюды ідзі! Чуеш? Топай сюды…

Гэта прагучала ўзнёсла, амаль бадзёра, яна адразу адчула надзею і, кінуўшы на снег жменю сена, пабегла да суседняга стажка. Там стаяў Антон, які, махнуўшы рукой, знік дзесьці, быццам забег за стажок.

— Сюды! Лезь сюды, — пачула яна, падбегшы бліжэй, і ледзьве прыкмеціла ў цемры чорную дзірку ў круглым баку стажка, адкуль чуўся глухаваты голас Антона:

— Нашто скубці, калі гатовае лаўжо ёсць. Ану лезь. Хаця пагадзі — я вылезу.

Ён задам выпаўз з нары, і яна, не доўга думаючы, нырнула галавой у яе духмяную цемру, што абяцала якую ні ёсць і схованку ад пранізлівага начнога ветру. Яна ўжо зусім здранцвела і не спадзявалася калі-небудзь сагрэцца.

— Во і будзем сушыцца. Што — яшчэ холадна? — падабрэлым голасам пытаўся ён, узлезшы следам і шорхаючы сенам ля выхаду— Нічога! Надыхаем, знаеш, як цёпла стане. Толькі ты распранайся. Распранайся, распранайся, скідай з сябе ўсё мокрае. I яшчэ во… На мой кажух, ухутайся. А я лаз загарну. Цёпла будзе, пабачыш.

Ляскаючы зубамі, яна паспешліва ўладкоўвалася ў гэтай поўнай сеннага шэрхату і травяных пахаў схованцы і старалася не думаць, што яе можа чакаць у такім неспадзяваным начлезе. Нязручна сцягнула з ног мокрыя боты, разгарнула анучы і сунула ногі ў лагодную цяплынь Антонавага кажушка. Антон заклаў сенам лаз, і яна, не доўга думаючы, сцягнула з сябе ўсё мокрае, што толькі можна было сцягнуць, тужэй загарнулася ў кажушок і, усё яшчэ калоцячыся ад сцюжы, ніяк не магла сагрэцца.

— Во гэта начлег! — задаволена сказаў Антон, шорхаючы сенам побач. — Не горш, чым у зямлянцы, праўда?

— Праўда, — ціхенька сказала яна і, падумаўшы, запытала: — А ты… Па свайму заданню, ці як?

— Я? — няпэўна перапытаў ён, пасоўваючыся бліжэй да яе падцятых, загорнутых у кажушок ноп— Ды амаль што па твайму.

— Гэта што — разам, значыць, пойдзем?

— Безумоўна. Не будзеш пярэчыць?

— Не, што ты!

— Во і добра.

Зоська гаротна ўздыхнула. Калі б не тыя яе недарэчныя страхі, усё магло б стацца лепш і нават цікавей, яны б заначавалі дзе ў вёсцы, пры людзях, а не ў гэтай нары, дзе хоць і цяплей, чым у полі, але… Яна нерухома, амаль не дыхаючы, курчылася ў самым канцы гэтай зробленай кімсьці нары. Усё ж у такім становішчы яны апынуліся ўпершыню, і яна страх як баялася гэткага блізкага суседства з гэтым увогуле сімпатычным, хоць яшчэ і мала ёй знаёмым мужчынам. Хоць бы ён не пачаў да яе лезці, яна проста не ведала, як тады паводзіць сябе. З аднаго боку, яна была ўдзячна яму за тое, што выцягнуў яе з вады, уладзіў у гэта прыстанішча, сагрэў сваім кажушком. А з другога — хто ведае, што ў яго ў галаве. Мабыць, трэба ад яго трымацца далей і паводзіць сябе з ім строга, бо ці мала што можа тут з імі здарыцца.

— Ну як, грэешся? — клапотна запытаў ён, усё бліжэй пасоўваючыся да яе макраватага, настылага бока. Голас яго цяпер гучаў зусім інакш, чым на поплаве, — гэта быў зусім іншы голас, з ноткамі дабрыні і спачування, якім яго Зоська прывыкла чуць апошнім часам у лагеры.

— Грэюся, — сказала яна.

— Хутка сагрэешся, — паабяцаў ён. — Гэта я ведаю. Неяк заначаваў увосень. Дождж ліў, жывой ніткі не было. А ў стажку ўсё высахла. Лепш, чым на печы ў хаце… Памятаеш Заглядкі? — раптам запытаў ён без усякай сувязі з іх сённяшнім здарэннем, і яна ўсміхнулася.