— А, Заглядкі! А як жа… Такія вечарыны былі…
— Вечарыны на славу. Кузняцоў гэта любіў. Умеў ваяваць і пагуляць любіў.
— Дык малады быў.
— Малады, ага. Дваццаць чатыры гады.
— Здаецца, калі ўсё было. А ўжо няма ні Кузняцова, ні шмат каго, — самотна ўздыхнула Зоська.
— Хто ведае, можа, і нас хутка не будзе.
— Не, — зябка здрыганулася Зоська. — Не хочацца аб тым думаць. Не трэба аб гэтым. Аб іншым трэба.
— Гэта правільна, што аб іншым, — пагадзіўся Антон. — Але аб чым ты ні гавары, як ні весялі сябе, а гэта ў табе сядзіць, бы прысохла. Як хвароба якая.
— Шуміць усё, — ціха сказала Зоська.
— Вецер. Шумець доўга будзе. Затое нас не чуваць. Заглушае.
— Усё роўна страшна. Цішай трэба.
— А нічога. Тут нідзе нікога.
Абое, змоўкшы, прыслухаліся, але сапраўды вакол было ціха, толькі знадворку шумеў сенам вецер. Загорнутыя ў кажушок Зосьчыны ногі пачалі трохі сагравацца, макраватая тканіна на целе памалу цяплела, нара набіралася чалавечага духу, і знямога салодкаю хваляй пачала агартаць стомленае цела дзяўчыны.
— А знаеш, — сказаў раптам Антон, і яна падняла заплюшчаныя неўпрыкмет вейкі, хаця ў абсалютнай цемры ўсё роўна нічога не было відаць. — Я памятаю, як ты была апранута… Там, у Заглядках. У сінюю сукенку ў гарошак. Правільна?
— Правільна, — проста адказала Зоська. I сукенка ў гарошак і той адзіны танец з ім пад балалайку ў салдатчынай хаце, калі Антон нечакана выхапіў яе з купкі дзяўчат і хвілін дзесяць ліха круціў па хаце, яна добра памятала і цяпер радасна здзівілася, што гэта самае прыпомніў і ён.
— А танцавала ты ладна.
— Дык і ты… Ладны танцор.
— Любіў дзяўчат пакружыць.
— А цяпер не любіш?
— Цяпер не да таго. Цяпер самога вайна закружыла.
— Забылася… Адкуль ты родам?
— Ды я з Усходняй. Барысаў, горад такі, мо чула?
— Гэта за Мінскам, здаецца?
— За Мінскам. А ты мясцовая?
— Са Скідзеля. Дваццаць восем кіламетраў ад Гродні.
— Знаю. Хадзіў у верасні. Амаль да Гродні дабраліся. Бобікі там нас шуганулі. У Ласосне. А ты з маці жыла?
— З мамай і старшай сястрой. Замужняй. А шурына немцы вясной расстралялі.
— Добра яшчэ, што вас не ўзялі. А маці і цяпер там?
— Там, дзе ж ёй яшчэ быць? З вясны не бачыла, проста душа чарнее. Як яна там?
— Трэба пабачыцца. Туды ж ідзеш? — запытаў ён і прыціх. Зоська ўся напружылася ў цемры.
— А ты адкуль ведаеш?
— Ведаю.
Часта задыхаўшы, Зоська прымоўкла, і ён сказаў як аб чымсь само па сабе зразумелым:
— Што ж ты — амаль дома будзеш і маці не праведаеш? Так не гадзіцца.
— Знаеш, не зусім дома. Ды і другіх спраў багата.
— Ну, панятна, надавалі табе заданняў, трэба выконваць. Але і пра сябе падумаць не грэх, — сказаў ён і пазяхнуў. — У мяне таксама ў Скідзелі ёсць знаёмыя. Былы сябрук нават.
— Жыве там?
— Жыве.
— Дзе, на якой вуліцы? Можа, я знаю?
— Не, ты не знаеш. Ён чалавек новы.
— Ну, новых я, канешне, не ведаю. Каторыя прыехалі ў трыццаць дзевятым, тыя не дужа знаёмыя. Я ж перад вайной у Навагрудку вучылася.
— Я і кажу: не знаеш, — пацвердзіў Антон. Зашорхаўшы сенам, ён павярнуўся на бок і раптам паклаў руку на яе плячо. Яна палахліва здрыганулася, зрабіла слабую спробу адсунуцца, але адсунуцца тут было некуды.
— Не трэба…
— Цяплей будзе. А то ты ў маім кажушку, а мне…
— А табе холадна?
— Ну так, знаеш… Не дужа, але ўсё-такі.
Яна змоўкла, і ён абняў яе рукой за плечы. Ад яго вялікага і дужага цела ішло прыемнае для яе цяпло, і яна, прыціхшы, амаль што абмерла пад ягонай рукой.
— Ты такая малеча, — шэптам прамовіў ен з прыкметнай ноткай лагоды ў яго басавітым голасе. Ёй раптам зрабілася смешна — ніхто яе ніколі не зваў малечай, была яна хоць і невысокага росту, але дужанькай, спрытнай дзяўчынкай.
— Я не малеча, — сказала яна. — Я, знаеш, дужая.
— Ды ну?
— Ага. Магу паваліць. Нават такога, як ты.
— Як я?
— Ну.
Здаецца, гэта было ўжо занадта, яна жартоўна перахвальвала свае здольнасці, але гэта таму, што адчувала пагрозу, якая ішла ад яго, і няўмела старалася неяк абараніць сябе.
— Што, Дазорцаў навучыў? — зацікаўлена запытаў ён. — Самба?
— Ага. Самба.
— Глядзі ты! Ну і разведчыца!
— А што? Хіба кепска?
— Не, чаму ж? Яшчэ каб аружые. Але аружыя нябось не далі?
— Разведчыку не абавязкова аружые. Лепей харошыя дакументы.
— Гэта правільна.
— А ў цябе ёсць дакументы? У мяне нейкі аўсвайс патрэпаны. Як бы не ўліпнуць з ім.
— Патрэпаны — гэта добра. Гэта лепей, чым новы.