Зоська марудна прыўзняла абсыпаную снегам галаву і коратка зірнула на яго з пакутным выразам на апухлым твары.
— А табе што?
— Ну, як падысці? Калі з гэтага канца, дык можна рызыкнуць і цяпер. Каб не цягнуць да ночы.
Яна зноў апусціла няўклюдна абвязаную галаву левым бокам на рукі і ледзь чутна спыталася:
— Спяшаешся?
— Спяшаюся, а як жа. Пагуляў, і годзе. Трэба за справу брацца.
— Скідзель недалёка. Пятнаццаць кіламетраў.
— А нашто Скідзель? Мне ў атрад трэба.
— Во як! Значыць, перадумаў?
— А хоць бы і перадумаў. Ты ж чула: замінка ў вайне палучылася. Немцаў ад Сталінграда пагналі. А там у іх лепшыя сілы.
Зоська маўчала, і ён пачаў падцягваць самаробны рэмень на вінтоўцы. Відаць, гэты Салей быў такі партызан, як і яго вінтоўка з іржавым, забітым гразёй затворам і трэснутым пасяродку прыкладам, рэмень замест трэнчыка быў прывязаны да ложа матузом. Трэба будзе ўсё гэта прывесці ў належны выгляд, інакш які ж ён партызан з гэткаю зброяй. Цяпер, калі, на бяду ці на шчасце, у яго сарвалася з гэтым Скідзелем, Антон нават ажывеў неяк, нягледзячы на перажытае, — усё ж ён вяртаўся да труднага, але звыклага жыцця ў лесе, сярод сваіх, знаёмых людзей. Але як яны паставяцца да яго пасля такой доўгай самавольнай адлучкі — гэта пытанне, як стрэмка ў целе, сядзела ў яго трывожнай свядомасці. Ён яшчэ нічога да канца не дадумаў, але ўжо адчуваў, што ўсё будзе залежаць ад Зоські. Зоська можа яго ўратаваць, а можа і загубіць, калі ён вернецца ў атрад. Значыць, перш за ўсё трэба наладзіць адносіны з Зоськай.
— Зося, а Зося! Ты на мяне не сярдуй, — сказаў ён амаль з просьбай у голасе. — Я ж хацеў як лепей. Для цябе і для сябе.
— А я і не сярдую. Што на цябе сердаваць!
— Во маладзец! — сказаў ён узрадавана. — Прыйдзем да сваіх, паправішся… Мы яшчэ паладзім з табой, праўда?
— Не ўжо, мы не паладзім.
— Гэта чаму? Я ж цябе…
— Памаўчы лепш, — глуха перапыніла яна, і ён падумаў: няўжо так пакрыўдзілася? Ці вельмі баліць рана? Рана, вядома, кепская, як бы Зоська, калі нават і выжыве, не засталася трохі вар’яткай. Галава ўсё ж не мяккае месца ззаду. Галаву перш за ўсё берагчы трэба, таму, мабыць, салдатам на фронце выдаюць каскі. Разумныя людзі прыдумалі. Калі пашкоджаны чэрап, дык можна і памерці, гэта няважна, што пакуль стаіш на нагах і пры памяці. Памёр жа вунь ад такой раны ў галаву партызан з першага ўзвода Сажнёў, хаця перад тым двое сутак быў на нагах і чуў сябе някепска.
— Слухай, Зоська, — сказаў ён мякчэй, амаль ласкава. — Ты ўчора казала, што можаш напісаць камандзіру. Ну пра мяне вобшчам…
— Што напісаць? — не зразумела яна.
— Ну ты гаварыла… Што я памагаў табе і так далей. Што прыкрыў групу там, на «жалезцы». Бо калі б не я, яны б там усіх, як Салея. Ты ж бачыла, так жа?..
— А нашто пісаць? — холадна сказала Зоська. — Ты што, мяне ўжо закапваеш?
— Я не закапваю. Але ж ты застанешся, — кіўнуў ён на вёску. — А мне ў атрад.
— Ужо як-небудзь і я дабяруся ў атрад.
— Але пакуль ты дабярэшся, мяне могуць… Як я там апраўдаюся?
— Пра што ж ты думаў раней?
— Раней пра іншае думаў. Пра цябе, між іншым, — пачаў злавацца Антон.
Ён і сапраўды адчуваў сябе бадай што пакрыўджаным яе незгаворлівасцю. Во ўжо даў Бог звязацца з гэтым упартым дзяўчом, з якім немагчыма нават дамовіцца. Проста дзіўна, адкуль бярэцца ў ёй гэтая казліная ўпартасць. Мяркуючы па яе знешнасці, ніколі не падумаеш, што характар яе такой каменнай цвёрдасці, — на выгляд такая лагодная, без грубага слова, заўжды з гатоўнасцю падтрымаць добры жарт. А тут… Скула зрабілася, а не дзеўка. Такія яму яшчэ не трапляліся. Заўжды ён умеў з імі ладзіць, калі не адразу, дык спакваля, і дамагчыся свайго праз лагоднае слова, вясёлы жарт. З жанчынамі яму заўжды шэнціла, і ён нярэдка звяртаўся да іх у цяжкі момант свайго жыцця. А тут сарвалася…
Снег усё сыпаўся з неба, але быццам цішэйшы стаў вецер, і, здаецца, пачало нарэшце цямнець. Поле хутка засцілалі прыцемкі, траціла скупое святло абкладзенае хмарамі неба. У Антона замерзлі ў сырых ботах ногі, і ён устаў з каменя, пачаў, тупаючы, грэцца пад грушай. Дрэвы і дахі ў Княжаводцах усё яшчэ віднеліся за полем, але ён ведаў, што праз гадзіну ці меней зробіцца цёмна. Ён адвядзе Зоську ў вёску, знойдзе яе сяброўку, можа, там будзе спакойна, і Зоська застанецца ў знаёмых. Яму ж трэба прабірацца ў атрад. Снег пакуль неглыбокі, за ноч ён адмахае кіламетраў трыццаць, мясцовасць па той бок Нёмана яму добра знаёмая. Але перш чым расстацца з Зоськай, трэба дамагчыся ад яе паперу, што ён памагаў ёй у разведцы, а не прападаў немаведама дзе трое сутак. Канешне, ён разумеў, што і з такой паперай не проста выкруціцца, але з дапамогай Зоські ўсё, можа, абыдзецца. Без яе ж яму поўны капут, самому яму не апраўдацца.