Выбрать главу

Найперш гэта быў снег. Яна няўцямна зграбла кожнай рукой па жмені, адубелыя пальцы кепска слухаліся, але яна ўсё ж адчула ў іх сцюдзёную макрату снегу. Такая ж сцюдзёная золкая макрэдзь была ў яе пад бокам, і марозна дранцвела яе сцягно, на якім яна ляжала. Праз боль адчуўшы пад сабой мокрае, яна зноў намаглася, каб павярнуцца, і расплюшчыла вочы.

Вакол было цёмна, са змрочнага неба сыпаў дробны сняжок, побач матлялася ад ветру пахілая над снегам сцяблінка. Зоська перавяла позірк бліжэй і не пазнала ўласных рук — так густа іх засыпала снегам. Спалохаўшыся, што хутка яе зусім замяце ў гэтым полі, яна саўганула адначасна дзвюма нагамі і зноў страціла прытомнасць.

Яна не магла ведаць, колькі на гэты раз часу праляжала без памяці, але, калі свядомасць зноў вярнулася да яе, яна ўжо прыпамятала, дзе ляжыць. I яна адчула яшчэ, што асабліва пякельны боль, які абяссільваў цела, ідзе ад левага боку. Боль гэты не дае ёй дыхнуць, не дае рэзка варухнуць рукой, ён душыць яе непасільным цяжарам, распластаўшы на марозным снезе.

Але чаму яна адна? Чаму паранена ў гэтым начным снежным полі? Дзе людзі? Дзе партызаны і як яна тут апынулася?

Трэба было некалькі доўгіх хвілін і немалых намаганняў памяці, каб яна марудна аднавіла ў свядомасці разрозненыя ўрыўкі нядаўняга мінулага. Яна прыпомніла Антона і адчула, што побач яго няма. Памяць яе, ухапіўшыся за канец гэтай нітачкі, пацягнула яе далей, і праз некалькі няўцямных малюнкаў Зоська нагадала палявую грушу і крушню пад ёй, пасля — апошнюю размову з Антонам… Яна кудысьці пайшла… Ага, яна ж скіравала ў Княжаводцы! Тут жа за полем, зусім блізка ад грушы, былі відаць княжаводскія дахі, і яна пайшла ў вёску, кінуўшы Антона… А пасля… Што ж было пасля?..

Пасля быў здрадніцкі стрэл ззаду.

Зоська не хацела плакаць, але слёзы самі сабою паліліся цурком па яе твары, і яна не выцірала іх. Яна зноў перастала што-небудзь бачыць у цемры і ледзьве трымала ў сабе свядомасць. Перасільваючы востры боль у баку, яна ўперлася правай нагой у зляжалы пад целам снег і паспрабавала зрушыць з месца. Цела яе на самой справе трохі пасунулася, але Зоська тут жа і знемагла, зноў і надоўга замёршы без руху. I ўсё ж яна ўрэшце ачнулася, сабрала ў сабе мізэрную рэшту сіл, намацала правым каленам ямку ў снезе і пасунулася яшчэ на паўметра.

Яна папаўзла — марудна, з доўгімі працяглымі супынкамі, ледзьве адольваючы прыступы слабасці, ад якіх мутнела свядомасць. Цяпер, калі яна прыпомніла, як блізка вёска, яна не хацела памерці ў полі, яна імкнулася да людзей. Але дзе яны, людзі? Які доўгі да іх шлях, і колькі яшчэ трэба сілы, якой у яе амаль не асталося.

Яна паўзла доўга, амаль цэлую вечнасць, раз-пораз губляючы памяць. Часам удары болю з такой лютай ярасцю праціналі яе бок і спіну, што яна знямогла замірала на месwы, доўга не адважваючыся варухнуць ні рукой, ні нагой. У галаве яе нешта балюча разломвалася — здавалася, там выдзіралі мазгі, але да болю ў галаве яна прывыкла ўжо. Горш было з болем у баку, які падпільноўваў яе кожную секунду біў пад дых, варта было неасцярожна варухнуць левай нагой. Гэта быў подлы і люты боль, і Зоська баялася, што ён не дасць ёй дапаўзці да вёскі.

Але яна павінна ўсё ж дапаўзці. Думка пра Антона мацней за ўсё іншае гнала яе ў Княжаводцы. Яна разумела, што можа хутка сканаць, але перш яна павінна папярэдзіць сваіх пра гэтага здрадніка. Інакш ён вернецца ў Ліпічанку, улезе ў давер к камандзіру і зноў прадасць некага ў зручны для таго момант. Прадаць, ашукаць, наздзекавацца яму нічога не варта, бо для яго не існуе маральных законаў, ён заўжды будзе такі, якім яго павернуць абставіны. А абставіны на вайне — рэч дужа зменлівая, і такі ж зменлівы паміж іх будзе Галубін.

Але чаму ён такі? Ці, можа, такі ён нарадзіўся, пераняўшы характар продкаў? Або яго гэткім зрабіла жыццё? Але хіба ягонае жыццё было горшае, чым жыццё Зоські з яго паўсядзённаю працай дзеля кавалка чорнага хлеба, у малазямеллі, пры класавым і нацыянальным бяспраўі? Але так жыла тут большасць тутэйшых людзей, і кожны самы забіты бядак з Богам забытай вёскі ведаў, што нельга рабіць супраць сумлення, нельга ісці супраць сваіх. Чаму ж Галубін не засвоіў гэта?

Зоська нясцерпна пакутавала ад болю, душэўныя пакуты, аднак, дапякалі не менш. У яе не было ніякай упэўненасці, ці дапаўзе яна да ваколіцы, ці дачакаецца нарэшце людзей. Але ёй вельмі патрэбны цяпер былі людзі, толькі яны маглі памагчы ёй. Было б жахліва ў адносінах да сябе, маці, таварышаў, якія паслалі яе з лесу, пайсці і не вярнуцца, як не вярнуўся з задання іх першы камандзір Кузняцоў, не вярнулася, загадкава недзе прапаўшы, група Сураўца, ніколі не вернецца забіты на «жалезцы» Салей, ды і ці мала іншых. Не, яна павінна сабраць у сабе ўсе сілы, не паддацца смерці і вярнуцца ў лес. Хаця б для таго, каб расказаць, што з ёй здарылася і чаму яна не магла зрабіць тое, што павінна была зрабіць.