Выбрать главу

Ноч няспынна адмервала свае хвіліны, яму трэба было ісці, а ён усё стаяў пад сасной, хаваючыся ад сцюдзёных парываў ветру, які самотна шархацеў па кары дробным снегам. Штосьці не давала яму павярнуць у другі бок і пакінуць гэту мясціну. Трошкі прыплюшчыўшы вочы, ён усё бачыў у ветраным змроку знаёмую грушу з крушняй камення ў снезе… Гэта было зусім недалёка адсюль, адразу за хвойнікам. Калі ісці хуткім крокам, уся дарога туды зойме дваццаць хвілін. Нясмела напомніўшы аб сабе, дзіўнае гэта жаданне стала хутка набіраць сілу і ахапіла яго ўсяго. Ён разумеў усю недарэчнасць гэтай задумы і пытаўся: навошта туды ісці? Але нясмелы голас сумнення неўзабаве прымоўк, капітуліраваўшы перад уладай жадання. Антон яшчэ вагаўся, але ўжо ведаў, што доўга не вытрывае. Яму стала патрэбна яшчэ раз пабачыць мёртвае цела Зоські, пераканацца, што яна не пакутавала доўга, што наўкола ціха-спакойна, яго ніхто не шукае, і пасля з палягчэлай душой адпраўляцца за Нёман.

Нервова скалануўшыся ад нецярпення, ён зразумеў марнасць супраціўлення гэтаму жаданню і закінуў за плячо вінтоўку.

Далей увесь шлях па полі да грушы быў яму добра знаёмы, ды і лінія ўзлеску не дала згубіць напрамак, ён абышоў хвойнік і апынуўся на княжаводскім полі. Тут трэба было прайсці па прамой не болей як адзін кіламетр. Цёмная, без зорак, ноч, здаецца, і яшчэ пацямнела, няспынна сыпаўся снег, калючыя ягоныя крупінкі балюча сцябалі па настылых руках і твары. Мароз, мабыць, стаў болыны, Антон пільна ўгледзеўся ў паўзмрок і яшчэ зводдаль пазнаў раскідзістае сучча грушы, якім непрытульна пагойдваў вецер. На ранейшым месцы пад грушай грувасцілася знаёмая крушня. Але ён толькі зірнуў на грушу, камяні крушні і прабег каля іх у поле, дзе, аднак, чамусьці не ўбачыў таго, што хацеў убачыць. Вельмі добра памятаў, як Зоська ўпала, раскінуўшы на снезе чорныя рукі, і ляжала так, бачная здалёку. Цяпер жа прыблізна на тым самым месцы нічога не было відаць, і ён падумаў: як хутка яе замяло снегам. Але снег з самага вечара сыпаўся дробны, нават у ямках яго намяло не шмат, ля мяжы і крушні ён быў толькі па костачкі. Трохі занепакоены, Антон прабег далей, чым трэба было, павярнуў назад. Дзіўна, падумаў ён, няўжо ж ён так памыліўся ў адлегласці. Але ён памятаў добра, што Зоська адышлася перад яго стрэлам метраў на пяцьдзесят ад грушы, інакш у паўзмроку ён бы ў яе не пацэліў. Дык дзе ж яна магла быць? Шырокай васьмёркай Антон абабег поле, зноў зайшоўшы ад грушы, дакладней прыкінуў напрамак стрэлу.

Але на тым месцы, дзе яна ўпала, забітая яго куляй, цяпер яе не было.

Адчуўшы нядобрае, ён прыгнуўся, каб убачыць на снезе сляды, і ўбачыў невялічкую цёмную плямку, згроб яе ў жмені разам са снегам — несумненна, гэта была кроў. Але дзе ж тады сама Зоська?

Ён упаў на калені і аберуч пачаў мацаць снег, адразу наткнуўшыся пальцамі на ледзьве прыкметную для вока шырокую баразну ў снезе з ямінамі ад калень, і зразумеў, што яна папаўзла. Гэтае адкрыццё збянтэжыла яго. З мешаным пачуццём спалоху і недаўмення ён ускочыў на ногі, пакінуўшы на ранейшым месцы вінтоўку, і пабег па няроўнай баразне — цераз быльнёг, міма паўзасыпанага палявога куста ў напрамку нябачнай адсюль, але недалёкай вёскі. Калі ж усё стала зразумела, Антон вяла выпрастаўся, сцішыў крок, спыніўся зусім і самотным разгубленым позіркам уставіўся ў змрок. Ён яе не забіў, толькі параніў, і яна папаўзла ў вёску, дзе ў яе знаёмыя, сувязныя, сяброўкі. Яму ж падацца туды было нельга. Спрабуючы як-колечы асэнсаваць новы паварот у сваім становішчы, ён вярнуўся назад, падабраў вінтоўку. Называецца, пашкадаваў патрон і — загубіў жыццё. Праклятая Зоська! Колькі ж гэта можа яшчэ цягнуцца? Палічыўшы яе забітай, ён хутка страціў свой гаеў супраць яе, ён нават гатовы быў палюбіць яе мёртвую, якая сваёй смерцю, несумненна, саслужыла б яму добрую службу. Але цяпер ён яе ненавідзеў як ніколі раней. Яна з’явілася пачварна непераадольнай перашкодай на яго і без таго заблытанай пуцявіне жыцця. Як яму вызваліцца ад яе?

Але вызваліцца, напэўна, было ўжо немагчыма: упусціўшы яе, ён траціў над ёю сваю ўладу. I наадварот, дабраўшыся да Княжаводцаў, яна займела грозную ўладу над ім і цяпер можа зрабіць з ім усё, што захоча. Напэўна, у гэты час, калі ён кідаецца па начным полі, яна ўжо расказвае некаму пра яго злачынства. Праз некалькі дзён аб гэтым стане вядома ў атрадзе.