Хісткім няроўным крокам Антон ішоў супраць ветру, не адчуваючы яго марозных парываў, панура апусціўшы галаву, засунуўшы ў кішэні рукі. Пляваць яму было на сцюжу, на гэты пракляты вецер у голым прамёрзлым полі. Вайна заганяла яго ў тупік, з якога не было выйсця. Куды ён цяпер мог падацца, дзе шукаць прытулак? Ён нават не меў дзе пераспаць, пад’есці, пагрэцца; небяспека пагражала яму з двух бакоў. Ён звыкла прадаўжаў баяцца паліцыі і немцаў, але і партызаны з сённяшняй ночы рабіліся яму ворагамі. Цяпер не было сэнсу шукаць пераправу за Нёман — у Ліпічанку яму шлях закрыты.
Але куды ж тады не закрыты?
Усё выразней асэнсоўваючы безвыходнасць свайго становішча, ён бачыў нямала віноўнікаў сваіх няўдач, сярод каторых, аднак, не было яго самога. За трыццаць без малога гадоў свайго жыцця ён не прывык прызнавацца сабе ва ўласных грахах, і калі здараліся якія канфлікты, любую віну гатовы быў перакласці на іншых. Сам жа ён ва ўласных вачах заўжды заставаўся бязгрэшны, бо, маючы строгасць да іншых, быў велікадушны да сябе самога. Сябе ён любіў і песціў, хацеў толькі дабра, якое, здаралася, у яго адбіралі іншыя. У даным выпадку насуперак яму недарэчным чынам стала партызанская разведчыца Зося Нарэйка, віноўніца ўсіх яго бед.
Антон слепа брыў у начным полі, пазбаўлены мэты, душэўна спусцелы, раззлаваны на свае няўдачы і, ведама, перш за ўсё на Зоську. Праўда, цяпер ён дакараў сябе за памылку, за тое, што пашкадаваў патрон і не стрэліў другі раз. Нашто цяпер яму гэты патрон, нашто гэта вінтоўка? Хіба для таго, каб забіць сябе? Але дудкі — забіваць сябе ён не будзе. Ён яшчэ малады і яшчэ амаль што не жыў. Нягледзячы на вайну, хацеў пачаць жыць, як спрадвеку прынята ў людзей, але не ўдалося. Мабыць, нельга так усё адразу — жыць, ваяваць, кахаць і мець шчасце. Шкада, што позна ён пераканаўся ў гэтым. На крывавым уласным вопыце, за які ці не прыйдзецца яшчэ заплаціць усё тым жа ўласным жыццём. Але жыццё ў яго адно, чаму ён павінны ў маладыя гады з ім расставацца?
Атупеўшы ад няспыннага сустрэчнага ветру, снегу і знямогі, Антон набрыў уначы на невысокі чыгуначны насып, амаль без засцярогі перайшоў яго ў рост і пабрыў далей, стараючыся не згубіць напрамак, узяты ад Княжаводцаў. Не адразу ён зразумеў, што мае на мэце той польскі хутар, дзе так няўдала прабыў апошнюю ноч з Зоськай. Чаму менавіта той, а не які-небудзь іншы, ён не мог сабе адказаць. Можа быць, ён ішоў туды толькі таму, што там усё ж былі знаёмыя яму людзі, і ён разлічваў перакусіць у іх і пагрэцца. Прытым яму было малаважна, як яны паставяцца да яго, злосці на іх ён не меў, хаця першы ўрок трэба было запомніць на будучае. Цяпер ён не выпусціць з хаты нікога, пакуль сам не выйдзе з яе. Але перш за ўсё ён пад’есць і трохі адпачне ў цяпле, а пасля будзе відаць. Пасля ён што-небудзь прыдумае.
Яму тэрмінова трэба было нешта прыдумаць дзеля свайго паратунку, але думкі яго не ішлі далей бліжняга клопату гэтай ночы і таго знаёмага хутара, а што рабіць далей, ён так і не мог даўмецца. Зразумела было толькі тое, што да партызанаў яму ісці нельга, да Капыцкага нельга таксама. Да Капыцкага быў нейкі сэнс прыйсці разам з Зоськай, без яе ж яго ў паліцыі не чакае нічога добрага. Ось жа д’ябальскае становішча, у якое яго загнала вайна!
Здаецца, аднак, ён усё ж аслабеў за гэтыя суткі няспыннай хады па снезе, без сну і без харчу. Некалькі разоў ён заўважаў, што пачынае драмаць на хаду, адчуванне небяспекі прытупілася ў ягонай свядомасці, ён не пазнаваў мясцовасці і быццам бы ішоў не туды. З намаганнем стросшы з сябе дрымоту, ён паазіраўся і зразумеў, што зноў зблытаў напрамак. Як і пазамінулай ноччу, перад ім пралегла на поплаве Котра. «Гэта ж трэба двойчы заблудзіць на адным месцы!» — думаў ён, гледзячы на крывуляку кустоўя ўздоўж рэчкі. Мяркуючы па ўсім, хутар застаўся справа, бліжэй да Скідзеля. Зноў жа, пачынала світаць. Нядаўна яшчэ густы, затканы снегападам змрок прыкметна радзеў, снегавыя прыцемкі разбавіліся празрыстай світальнай сінькай, доўгая зімовая ноч уступала свае правы дню. Антон не заўважыў нават, калі перастаў сыпаць снег, якога тут намяло амаль па калена. Ззаду за ім цягнуліся свежыя, бачныя нават у змроку сляды, і ён падумаў, што з такімі слядамі далёка не пройдзеш. Так яго хутка дагоняць у полі.
Як і пазамінулаю ноччу, яму нічога не заставалася, як павярнуць па рацэ направа. Праўда, ён мог бы павярнуць і налева, але там на мыску пры ўпадзенні Котры ў Нёман была вялікая вёска, а ў вялікай вёсцы заўжды лютуе паліцыя. Антон палічыў за лепшае не выпрабоўваць свой лёс і трымацца ад вёсак далей. Але і да хутара было далекавата, па прыцемках ён проста мог не паспець. I тады ён з палёгкай прыпомніў, што недзе паблізу адгэтуль была тая самая развалюха абора. Іншага прытулку ў гэтай мясціне, мабыць, ужо не знайсці.