Выбрать главу

Недалёка адышоўшыся ад ракі, ён неўзабаве знайшоў гэтую абору, яшчэ здалёку ўбачыў над ёй старое, аблепленае вараннём дрэва. Ужо зусім развіднела, поле наўкола было пустое, дзьмуў марозны паўночны вецер. Антон асцярожна вылез з хмызняку, услухаўся. Было надта холадна. Нават вароны нерухома сядзелі на дрэве, без звычайнай сваёй валтузні. Людскіх слядоў каля аборы быццам не было відаць, і ён з невядома чаму задрыжэўшым сэрцам увайшоў у яе шырока расчыненыя вароты.

За ноч снегавая гурбіна ля дзвярэй куды пабольшала і даставала да наступнай сцяны, каля шула відаць былі напаўзамеценыя сляды ног, але, здаецца, гэта былі ягоныя з Зоськай сляды. Нізенькія дзверы ў кубавую былі расчынены, і ён нерашуча пераступіў высакаваты парог.

Тут было трохі зацішней ад ветру, але сцюдзёна, як і ў полі. Антон апусціўся на зляжалую гнілую салому, прысланіўся спіной да валуна ў сцяне. Настылыя рукі засунуў за пазуху, калені затуліў палой кажушка. Было б някепска трохі заснуць, дваццаці хвілін яму б, напэўна, хапіла, каб зняць атупеласць і займець патрэбную жвавасць. Большага ён не мог дазволіць сабе.

З пакорай аддаючыся прыемнай знямозе, якая адразу ахапіла яго, ён нейкі час яшчэ вастрыў слых, баючыся празяваць небяспеку. Але, апроч невыразнага шорхату саломы на даху, сюды не пранікала болей ніякіх гукаў, было спакойна, ціха і глуха. Рыхтуючыся задрамаць, Антон думаў, што не мінула яшчэ двух сутак, а як усё катастрафічна змянілася ў ягоным лёсе. Два дні назад з ім была Зоська, і з ёй жыла ў ім надзея. Хай сабе марная, дурная надзея, але ёю цешылася яго ачарсцвелая ў лясных нетрах душа. Ды вось стала так, што яны разышліся ворагамі, абаім жыць на гэтай зямлі зрабілася нельга. Ён прыдбаў адзіноту, Зоська назаўжды знікла з яго жыцця, але ад таго яму не стала лягчэй. Па-ранейшаму ён пакутаваў ад безвыходнасці і перастаў разумець чаму. Няўжо ўся справа ў Зосьцы? Але як тады зразумець, што ён, здаровы, разумны мужчына, трапіў у такую залежнасць ад гэтай смаркачкі! Хіба Зоська мацнейшая за яго, разумнейшая ці болей падрыхтаваная да гэтай крывавай вайны? Пасля свайго ранення яна ледзьве ліпела на свеце, адной нагой стаяла ў магіле, і ён толькі ціхенька папіхнуў яе. I тым не менш яна выжыла, недзе схавалася і па-ранейшаму ўладарыла над ягоным лёсам.

Ён задрамаў, як здалося яму, не болей чым на пяць хвілін і тут жа прачнуўся ад блізкага голасу за сцяной. Хтось вялаю, без злосці лаянкай паганяў каня. Як і два дні назад, Антон спалохана выскачыў з кубавой і адразу ж у праёме варот убачыў на дарозе сані. У іх, стоячы на каленях, нейкі дзядзька ў ватоўцы глухім голасам паганяў рыжага, з аблезлымі бакамі коніка. Ехаў ён у напрамку да Скідзеля.

— Гэй, стой! — крыкнуў Антон, паяўляючыся ў варотах.

Дзядзька азірнуўся на абору і прытрымаў каня, не ведаючы, што рабіць далей. Антон таксама не ведаў, нашто ён спыніў яго, хіба каб разжыцца харчам. Ці распытаць пра абстаноўку на гэтай дарозе і прыняць нейкае рашэнне. Ён адчуваў, што без пэўнага рашэння доўга тут не прабудзе. Немагчыма жыць між зямлёй і небам, трэба хутчэй злазіць на зямлю. Дзе толькі драбіна на гэтую страчаную ім зямлю?

У полі і на дарозе быццам нікога больш не было, можна было выйсці з аборы, але Антон палічыў за лепшае паклікаць да сабе чалавека.

— Ты, давай сюды!

Ён не сумняваўся, што дзядзька зараз жа выканае ягоны загад, і для пераканаўчасці перахапіў у руцэ вінтоўку. I на самай справе, дзядзька зачапіў за капыл лейцы і, пакінуўшы на дарозе сані, нетаропка, з яўнаю бояззю пайшоў да аборы. Пакуль ён ішоў па снезе, Антон разгледзеў яго самаробную з аўчыны шапку на галаве, старую залапленую ватоўку і лапці-чуні з накручанымі на брудныя анучы вяроўкамі. Маленькія слязлівыя вочкі на зарослым шчаціннем твары яшчэ зводдаль насцярожана ўставіліся на ўзброенага чалавека ля аборы.

— Стой! — загадаў Антон, калі дзядзька крокаў на пяць не дайшоў да варот, і той паслухмяна спыніўся. — Хлеба няма?

— Не-е, — трохі здзіўлена сказаў чалавек. — Які ж хлеб? Дома…

— Ясна. I нічога болей? Каб пажраць?

— Нічога. Дарога ж нядальняя. Так што навошта ж…

— А куды едзеш?

— Дык у Скідаль, — махнуў ён рукой на дарогу і знерухомеў, чакаючы новых пытанняў.

— На базар?

— Не. Які ж базар у панядзелак? Па доктара еду.

— Захварэў?

— Ды не. Я не захварэў. Але…

— Баба, значыць? — вёў малацікавую гутарку Антон, маючы на ўвазе неўпрыкмет выпытаць у гэтага выпадковага праезджага што-колечы з таго, што яго найболей цікавіла.