Выбрать главу

— Не баба, — дзеўка.

— Ах, дзеўка… А там на дарозе, не бачыў, паліцаяў няма?

— Не, не бачыў. Можа, дзе і ёсць, а на дарозе не бачыў.

— I партызанаў не чутна?

— Не-е. Не чуваць. У нас, ведаеце, не чуваць нічога. Глуха жывём.

— А ты з якой вёскі?

— Ды з Княжаводцаў, — сказаў дзядзька і махнуў у другі канец дарогі.

Антон спалохана змоўк. Упамінак пра Княжаводцы прымусіў яго забыцца на ўсе іншыя пытанні — здаецца, з’явілася магчымасць дазнацца, можа, пра самае для яго важнае, і ён, звузіўшы вочы, рэзка спытаў:

— Ах, па доктара едзеш?

— Ну.

— Да дзеўкі?

— Ну.

— Яна што, дачка?

Міргнуўшы слязлівымі вачмі, дзядзька раптам збянтэжыўся, быццам заікнуўся перад адказам, і Антон, не даючы адумацца, схапіў яго за куртаты каўнер ватоўкі.

— Кажы, да каго — доктара! Быстра!

— Дык да дзеўкі, сказаў.

— Якой дзеўкі? Да Зоські са Скідзеля? Ну? Раненай у галаву? Да? Кажы хутка!..

Але хутка казаць, мабыць, ужо не было патрэбы. Дзядзька бездапаможна заміргаў вачмі, здавалася, у адно імгненне згубіў здольнасць да мовы, рукі яго затрэсліся, разгубленым позіркам ён ліхаманкава сноўдаў па раз’юшаным ад жахлівай здагадкі, аброслым калючай бародкай Антонавым твары. Антон таксама зайшоўся ў дзіўнай, ахапіўшай яго ліхаманцы, сцяміўшы ўвачавідкі, што лёс у апошні раз кідаў тапельцу свой выратоўчы круг, за які той павінен схапіцца або ісці на дно. I не разважаючы доўга, ён з апошняе сілы, што яшчэ заставалася ў яго, кінуўся да гэтага круга. Пакуль Зоська жывая, ён павінен злапаць яе ў лясных Княжаводцах. Тое, што яму не ўдалося на хутары, павінна ўдацца цяпер. Вядома, гэта не дужа прыгожа ў адносінах да дзяўчыны, якую ён нядаўна яшчэ кахаў, але ў гэтым яго паратунак. Што ж яму застаецца?

— Так, ясна! — сказаў Антон, рэзка піхнуўшы ад сябе дзядзьку— Ану ў Скідзель! У Скідзель хутчэй! — закрычаў ён. — Быстра!!!

Спалоханы і збянтэжаны дзядзька павярнуў на дарогу, але Антон абмінуў яго і, падбегшы да саней, ухапіў лейцы.

— Нэ-э! Хутчэй! Рыссю!

Сцебануўшы каня, ён скочыў у сані, дзядзька ледзьве паспеў ухапіцца за пяпярэчыну ззаду, конік натужна рвануўся па перамеценай за ноч дарозе, і Антон, стаўшы на калені, пачаў сцёбаць яго вераўчанымі лейцамі.

Яму вельмі трэба было паспець.

У гэтым быў яго паратунак.

21

Усё наступнае даходзіла да Зоські ў невыразных, часам страшна прывідных вобразах, няпэўных урыўках чужых размоў. Яна чула, як нехта паклікаў яе, як гучней забрахаў сабачка. Пасля яе асцярожна паднялі на рукі і доўга неслі кудысь.

Яна ўвесь час маўчала, не маючы сілы адказаць на нечыя трывожныя пытанні, ды ёй і не дужа дакучалі пытаннямі, мабыць, сцяміўшы, што яна ледзьве жывая. Зосьцы нічога не заставалася, як спадзявацца на гэтых людзей, ведаючы наперад, што ў Княжаводцах кепскага ёй не зробяць. У Княжаводцах заўсёды памогуць, калі ёй не позна яшчэ памагчы. Яна ачнулася зноў ад вострага, нясцерпнага болю, які ўдарыў пад самае сэрца, праз боль расплюшчыла вочы і ўбачыла над сабой лямпу з надбітым закапцелым шклом. Святло лямпы спярша асляпіла яе, але ўсё ж яна паспела заўважыць нечы немалады, нахмураны твар побач. Сцюдзёныя рукі далікатна абмацвалі яе голы бок, і яна зразумела, што гэта — перавязваюць. Зоська нямогла застагнала, не могучы трываць свой боль, і пачула спачувальны жаночы голас.

— Баліць, дзяўчатка? Такая рана!.. Патрывай, дзяўчатка.

Ну, ведама, яна будзе трываць, яна стрывае ўсё, толькі б застацца жыць. Як ніколі раней, менавіта цяпер яна вельмі хацела жыць. Калі гэта яшчэ магчыма…

— I хто ж цябе так? — трохі гучней запытаў побач мужчына, але яна толькі прамычэла ў адказ. Размаўляць яна не магла. Нават сама здзіўлялася: чуць усё чула, а сказаць не магла нічога. Як у сне.

Новы прыступ болю кінуў яе ў непрытомнасць, доўгі прамежак часу яна нясцерпна пакутавала ў фантастычным свеце прывідаў. Напэўна, яна стагнала, магчыма, у яе паднімаўся жар, бо калі яна зноў ачнулася, усё той жа ласкавы голас казаў:

— На, дзяўчатка, малачка папі. Цёпленькае малачко, авось палягчэе…

Яна намаглася і трошкі прыўзняла галаву. Чужымі ссохлымі вуснамі не адразу намацала беражок шархоткай пасудзіны і таропка глытнула нешта нясмачнае.

— Ну, яшчэ трошкі папі… Малачко цё-ёплае… «Малачко цё-ёплае», — гучыць ужо мілым голасам мамы, якая завіхаецца ля пяцігадовай дачушкі Зоські. Зоська даўно хварэе, уся гарыць жарам, нічога не есць, толькі п’е малачко. Яна пластом ляжыць у куце на ложку, пакрытая кажухом і шытай з кавалачкаў матчынай коўдрай, вельмі аслабела, але ёй нічога нідзе не баліць, толькі ўвесь час хочацца спаць. I яна спіць — удзень, ранкам, ноччу, прачынаючыся толькі затым, каб папіць малачка. Хварэць ёй, аднак, не цяжка, увогуле нават прыемна, таму што ўсе з ёй добрыя, ласкавыя, з радасцю выконваюць кожнае яе жаданне, галоўнае з якіх — каб не плакала мама. Але гэта жаданне рэдка збываецца, і кароценькі мамін усхліп рэзкай трывогай вырывае дзяўчынку з пакутліва ліпкага сну. Зоська палохаецца і таксама хоча заплакаць. Але яна так аслабела, што толькі ціхенька шэпча абсіверанымі вуснамі: «Не трэба, мамачка… Мамачка, не трэба…» I мама, пачуўшы яе, сціхае, прыходзіць за занавеску і шархоткімі, не па-жаночы вялікімі рукамі беражна гладзіць яе схуднелы завостраны тварык. Зоська спакайнее, хоча ўсміхнуцца ў адказ і нямоглым галаском слаба суцяшае маці: