— Мацуйся. Сняданак не скора.
I зноў неяк загадкава ўсміхнуўшыся, нетаропка пайшла ў ельнік, дзе чуліся галасы хлопцаў, што ладзілі буданы для жылля. Ён паўзіраўся ўслед яе зграбнай невялічкай постаці ў боціках, спаднічцы і нейкай шырокай, не па яе росце, куртцы і падумаў з нечаканай зайздрасцю: «Ладная дзяўчынка».
Зоська пайшла, здаецца, тут жа забыўшыся пра яго, адразу акружаная іншымі хлопцамі, маладымі і нават хто быў старэй — усімі, каму карцела звярнуць на сябе хвілінную яе ўвагу, пажартаваць, тым больш што іншых жанчын, апроч яшчэ буркатлівай пажылой Сцепаніды, у атрадзе ўжо не было. Антон не лез перад другімі, хаця некалькі разоў і лавіў сябе на тым, што пачаў думаць аб ёй і не супраць быў бы зноў убачыць яе.
Аднак бачыў ён яе па-ранейшаму рэдка. У кастрычніку два ўзводы з атрада праводзілі аперацыю па знішчэнню Лук’янаўскага льнозавода і больш за тыдзень не былі ў лагеры, а ў пачатку кастрычніцкіх свят ён двойчы з групай Мамыкіна хадзіў на шашу здабываць боепрыпасы і зброю. Па дарозе з другога задання група наскочыла на засаду, іх абстралялі з вясковага выгану, аднаго хлопца забілі, а цяжка параненага Мамыкіна ён нёс на сабе кіламетраў дванаццаць да лагера, дзе той праз дзень і сканаў. Хавалі забітых, настрой быў паганы, стала не да гэтай дзяўчыны, якая прыжылася пры кухні, а затым пры штабе — з яе пачалі рыхтаваць разведчыцу. Аднойчы, праўда, спаткаў на сцежцы, абмяняліся дзвюма-трыма фразамі, і ўсё. Праўда, Антон не надта сумаваў ад таго, бо па натуры быў чалавек з характарам, вытрымкі ў яго хапала. Засады, баі, небяспека загартавалі яго яшчэ болей, і ён не мог нават успомніць выпадак, каб калі разгубіўся або хоць бы надта спалохаўся. Нават на злашчасным тым хутары. Хаця хто-колечы ў атрадзе і не супраць быў спіхнуць на яго смерць камандзіра атрада, але ён не быў ні ў чым вінаваты. Наадварот, сваёй кемлівасцю ён уратаваў чацвярых, калі першы скочыў з гарышча ў крапіву і крыкнуў астатнім: за мной! Хата ўжо гарэла, заняўшыся з другога канца, ад трысцена, яны, задыхаючыся ў дыме, з гадзіну адстрэльваліся ад паліцаяў, што насядалі з трох бакоў, з чацвёртага нічога не было відаць, туды валіў дым. Кузняцоў з ардынарцам рэдка пастрэльвалі з падпола ў хаце, куды паліцаі кідалі гранаты. Напэўна, камандзір быў паранены і не мог выбегчы, а яны, учатырох, што маглі зрабіць супраць трох дзесяткаў нахабных бобікаў? Добра яшчэ, што дзьмуў моцны вецер, які нізка слаў дым па гародзе, гэта і ўратавала іх.
Кузняцова Галубіну было шкада да слёз, гэта быў смелы і талковы камандзір атрада, Антон любіў яго, як толькі можна любіць здатнага камандзіра ў арміі. Ідучы куды-небудзь па справе, у разведку, на баявую аперацыю або гулянку, той заўжды браў з сабой шасцярых партызан, разам з якімі ездзіў таксама і Галубін. Цяпер ад гэтай шасцёркі, здаецца, нікога не асталося.
Вельмі цяжка было ўпачатку, атрад збіраўся з розных людзей — часткова з раённага актыву, партыйцаў, НКУС, частка з параненых чырвонаармейцаў, а таксама прымакоў-акружэнцаў і нават некалькіх зняволеных, якім пашчасціла ўцячы з лагераў. Многія былі без зброі, другія — хворыя ці з адкрытымі ранамі, некаторыя наракалі на партызанскія парадкі і начальства, невядома кім і калі пастаўленае. Быў адзін, які назваўся маёрам і патрабаваў сабе камандзірскай пасады. Кузняцоў у такіх выпадках прытрымліваўся нязменнага для ўсіх правіла: паказаў сябе ў баі — атрымлівай камандаванне. I гэта было добрае правіла, думаў Галубін. Сам ён некалькі год да вайны рабіў падатковым агентам у райфа, у арміі раней не служыў, а давялося пайсці на вайну — стаў камандзірам узвода, затым камандзірам падрыўнікоў, і толькі пасля гібелі Кузняцова зноў панізіўся да радавога. Але ён не крыўдаваў, стала не да камандзірскіх амбіцый, важней было зберагчы цэлай аўчынку, як любіў казаць Кузняцоў.
Пад восень, аднак, стала лягчэй, людзі ў атрадзе больш-менш прыцерліся адзін да аднаго, можна было ваяваць. Калі б не гэта недарэчная смерць камандзіра.
Відаць, сапраўды на вайне, як і ў жыцці, паслядоўна чаргуюцца розныя палосы: белуго мяняе чорная і наадварот.
З верасня атрад, мабыць, увайшоў у сваю чорную паласу, і беды так і пасыпаліся на яго адна горш за другую.
Пачалося з гібелі Кузняцова і трох чалавек яго групы. Пасля пайшла і не вярнулася дыверсійная група Кубёлкіна. Не паспелі як след набедавацца па яе слаўных, можа, самых лепшых у атрадзе хлопцах, як атрад выступіў граміць гарнізон на станцыі і, трапіўшы неспадзёўку пад арганізаваны агонь немцаў, панёс вялікія страты. Адных забітых у гэтым баі аказалася столькі, колькі іх не было за ўсю вясну і лета ва ўсіх аперацыях, разам узятых. Хлопцы проста панылі, хоць і без таго настрой у атрадзе быў далёка не лепшы. Яны не мелі прыёмніка і ніякай сувязі з Масквой, але з розных крыпіц і чутак, выпадковых нямецкіх газет і зводак Саўінфармбюро, якія часам перадавалі з атрада імя Варашылава, збольшага ведалі пра тое, што адбывалася на поўдні краіны.