Выбрать главу

Неяк познім асеннім ранкам, змяніўшыся з начнога дзяжурства, Галубін трохі прыдрамаў у будане і прачнуўся ад ціхай гаманы двух партызан. Ён адразу пазнаў голас Каўша, былога міліцыянера з Вілейкі, і таго маёра, які патрабаваў сабе камандзірскай пасады. Раней за іншых вярнуўшыся з кухні, яны ўкладвалі ў сумкі свае кацялкі і размаўлялі пра Сталінград.

— Усё прэ і прэ! Калі ж гэтаму канец будзе? — бедаваў Коўш, стоячы на каленях ля свайго месца на лапніку. — Калі ён спыніцца?

— Цяпер чаго ж яму спыняцца? — казаў з дальняга кутка маёр, не дужа маладога ўжо веку, з адвіслым жыватом мужчына, як аказалася, былы начфін нейкай разбітай пяхотнай часці. — Цяпер яму трэба Сталінград узяць, каб перарэзаць Волгу. Каб бакінскую нафту перакрыць.

— А хіба Баку на Волзе? — здзівіўся Коўш.

— Не на Волзе — на Каспіі. Але шлях адтуль толькі адзін — па Волзе. Ану, глянь сюды…

Яны змоўклі, зашорхаўшы паперай і, пэўна, нешта разглядаючы ў ёй. Наконт геаграфіі Галубін разбіраўся не надта і слаба ўяўляў сабе цяперашні раён баявых дзеянняў на поўдні. Сцяміўшы, што ў маёра карта, ён падняў галаву і скінуў з сябе кажушок.

— Во, бачыш? — вадзіў пальцам па карце маёр. Гэта была маленькая, выдраная са школьнага падручніка карта еўрапейскай часткі Саюза, і яны пачалі поркацца ў ёй — вызначаць лінію фронту.

Галубін убачыў размяшчэнне гарадоў і здзівіўся. На самай справе, ён нават не мог уявіць сабе, што Сталінград так далёка ў Расіі, што Волга аж за Масквой, што Каўказ на граніцы з Турцыяй, а Баку і яшчэ далей — каля самай граніцы з Іранам. Звар’яцець можна, у якую далячынь зайшлі немцы!

Некалькі дзён пасля таго ён хадзіў, бы ў тлуме, — штосьці рабіў, размаўляў ці маўчаў, а з ягонай галавы не ішло трывожнае да болю пытанне: як Сталінград? Зрэшты, ён ужо ведаў, што лёс гэтага горада вырашаны, што рана ці позна яго возьмуць немцы, як яны ўзялі Мінск, Кіеў, Харкаў і мноства іншых вялікіх і малых гарадоў, і вайна на тым скончыцца.

Гэта было страшна, неверагодна, але, мабыць, інакш павярнуць ужо не магло.

Тады нашто яны тут, у гэтым лесе? Што ім тут рабіць? I што іх чакае ў хуткім будучым?

Але як ён ні думаў, ні меркаваў і ні біўся ў пошуках разумнага выйсця, ніякага выйсця знайсці не мог. Праўда, Сталінград быццам трымаўся. Але колькі ён мог пратрымацца? Усё гэта трывожыла і гняло штодзень, душа ныла ў трывожнай самоце на заданнях, у будане, усе сцюдзёныя дні і ночы гэтай позняй дажджлівай восені.

А тут яшчэ цалкам і без аніякага следу знікла група Кубёлкіна, пакінуўшы шэраг загадак у атрадзе, якія ніхто не мог адгадаць. Антон не пытаўся ў Зоські, але здагадваўся, што тая ішла цяпер менавіта на пошукі слядоў гэтай групы.

Кепскія былі справы на фронце, разладзіліся яны і ў атрадзе пры новым камандзіру, нядаўнім калгасным старшыні Шаўчуку, благія прадчуванні даймалі партызана Галубіна. А Зоська ў часе рэдкіх сустрэч з ім заставалася ўсё тая ж — усмешлівая і зваблівая, нібы штосьці абяцала і падманьвала адначасова. Такая яна заўжды была на кухні, такая і сёння ўранку перад паходам за Шчару, дзе ўжо знайшоў сабе пагібель не адзін партызан з іх атрада. А Зоська… Нават ці здагадвалася яна, што чакае яе па той бок ракі?.. У часе кароценькага таго спаткання ля штабной зямлянкі нешта ў Антонавай душы зрушылася, ды так глыбока і непапраўна, што, здаецца, разам перавярнула ягонае жыццё…

4

Сярод ночы Зоська прачнулася, як-колечы прыгрэўшыся ў сене за цёплай мужчынскай спіной, якая адразу напомніла ёй пра ўсё, што з ёй здарылася. Каб не парушыць мернае дыханне Антона, яна кончыкамі пальцаў ціхенька дакранулася да яго крутога пляча і ўсміхнулася сама сабе ў цемры. Гэта ж трэба такому здарыцца! Выпраўлялася адна, перажывала, баялася розных прывідаў у балоце і не марыла спаткаць тут таго самага, хто, здаецца, ужо запаліў у ёй маленькую іскрынку дзявочай цікаўнасці да сябе. Чамусьці ёй дужа спадабалася нечаканае яго прызнанне, што ён затрывожыўся пра яе, як дазнаўся, што яна ідзе на заданне. Усё ж гэта прыемна, калі за цябе нехта трывожыцца, перажывае і нават гатовы памагчы. Тут, напэўна, ужо не проста таварыскасць і не сяброўства нават, а, мабыць, і нешта большае. Можа, нават каханне… Усё ж ён слаўны, гэты Антон Галубін, а яна ўжо і кінула думаць аб ім, клопаты з гэтым заданнем выціснулі ўсе іншыя думкі, і яна гатова была пагадзіцца з тым, што болей яго не ўбачыць. I вось ён з’явіўся ў цяжкую для яе хвіліну і прынёс з сабой радасць.