23 лютага
Апошнім часам стала здаваць у пісанні. Трэба быць патрабавальней да сябе. Цвярдзей і яшчэ раз цвярдзей. Іначай - кранты. Згублюся, затану ў мяшчанстве. А жыць і змагацца трэба. Калі-нікалі прыходзіць думка аб тым, што можна будзе ў час спакойна выйсці замуж. Абкласціся дзецьмі. Стаць добрай гаспадыняй. Ды аж смешна робіцца. Хіба ты гэтак зможаш?! Так што бесперапынна патрабаваць ад сябе і хоць бы напалову ад іншых. Цвярдзей да сябе і мякчэй да іншых.
І помні - ты абавязана стаць журналісткай, зашмат кепскага вакол, каб не ўступіць у барацьбу з пошласцю, ханжаствам. Ідзі па жыцці прамой дарогай; не атрымліваецца - змагайся, даб’ешся свайго. Глядзі людзям у вочы.
28 лютага
Сёння апошні дзень зімы. Вясна па календары ўжо ўсміхаецца з наступнай старонкі. На двары ж пануе зіма. Марозік, што трэба. Ды мне ўсё ж неяк абыякава амаль усё. Вельмі стамляюся. Блізка хіба мая фізічная мяжа. Пакуль што трымаюся на сіле волі. Але... Занепадае вучоба, справы ў арганізацыі - няма сіл. Сэрца баліць кожны дзень, вяласць страшэнная, раздражняюся без прычыны, пад вачыма цені. Цяжка...
Ды журналісткай стаць ты проста абавязана.
Дзеля таго, каб сказаць, даць штосьці людзям, трэба самой шмат знаць, бесперапынна павышаць свой узровень. Журналістаў некаторыя лічаць нікчэмнымі, расхлябанымі людзьмі. Што ж, ёсць дастаткова такіх, як і ў кожнай іншай прафесіі. Толькі там кепскае так не выпінаецца, а вось газетчык заўсёды навідавоку.
Прыклад Ларысы Рэйснер, адважных селькораў, якія гінулі на сваім пасту падчас калектывізацыі, сведчыць, што журналістыка - гэта прыстанак мужнасці, святла, праўды. Я хачу раскрываць вочы людзей на пустое, агіднае, што хаваецца пад маскаю прыстойнасці. Я буду журналісткай! І калі не журналісткай, дык нікім. Бо ж сэнс жыцця ў гарэнні. Згараючы сам, свяці другім!
Цяжкасцей шмат, але што з таго? Ты ж чалавек, які ідзе да мары. Ты будзеш шчаслівай!!! Хіба жыць для людзей, быць патрэбнай - не шчасце?!
8 сакавіка
Мы з Аленай цяпер цалкам розныя людзі. Я не ведаю, што, калі сказаць, каб не пакрыўдзіць яе. Я, зразумела, дэспат. Мне трэба, каб хтосьці мяне пахвалілў або разабраў маю заметку, сказаў, як на мне ляжыць абноўка, каб можна было пажаліцца, прыціснуцца да пляча. І Алене нібы тое ж трэба. Стараюся, а яна яршыцца, адпіхае. Вакол няма таго, хто зразумеў бы без слоў. А я хачу, каб чалавек побач дзяліўся са мной усімі сваімі ўражаннямі і раіў, накіроўваў мяне. Каб яму, моцнаму, мудраму, можна было крыху і падпарадкавацца. І каб ён мяккасцю, дабрынёй адказваў на маю шчырасць. Ці знойдзецца такая сяброўка хоць некалі? Іначай жа, як набыць душэўную раўнавагу. Кожны з нас здзяйсняецца і ў іншым. Ды з дружбаю, відаць, супярэчлівей, чым з каханнем, бо кахаць можна і тайком, не прызнаючыся іншай асобе, а ў дружбе абавязковая ж прысутнасць дваіх!
10 сакавіка
Атрымала бандэроль ад самой ЮЛІІ ДРУНІНАЙ!!! Сапраўднае шчасце, скачу, бегаю. Кнігі з аўтографамі “Ты вернешься” і “В двух измерениях”. Значыць з “Літаратурных вечароў” на радыё ёй перадалі мой ліст. І дайшоў жа, хоць адрас быў на канверце амаль як у чэхаўскага героя: Масква, радыё, Ю. Д. Напісала, якія пачуцці выклікаюць яе вершы, падзякавала ёй за тое, што памагае мне жыць сваёй паэзіяй і вось!..
28 сакавіка
Вярнулася з Мінску. Трэба падлячыць сэрца і нярвовую сістэму. У паездках знаёмішся з людзьмі і сябе пазнаеш. Набываецца непасрэдны спосаб адносін. Сустрэла цудоўнага чалавека - Ларысу Іванаўну Старасценка. Яна неўрапатолаг па прафесіі, але найперш цудоўны чалавек. У Л.І. няма адной нагі, пратэз. І замест крыўды на жыццё за сваю інваліднасць - аптымізм, любоў, раўнавага. Калі б такі чалавек быў побач усё жыццё, ну хоць бы некалькі месяцаў, наколькі б палепшаў мой характар! Л.І. проста настрой мне узняла. Мне кепска і цяпер, але ўзгадваю Яе і яшчэ некаторых душэўных, добрых, разумных людзей і становіцца лягчэй.
Апошнім часам не разумею сябе. Быццам два чалавекі жывуць ува мне. Адзін - выхваляка, зануда; другі - чысты, добры, тактоўны. Але агідны першы знішчае ўсё зробленае другім. І ўвогуле трэба менш думаць аб тым добрым, што робіш людзям, дарыць, не чакаючы зваротнага руху.
31 сакавіка
Заўтра ў школу. Хочацца ж увесь час быць адной. Што цяпер адбываецца ў душы? Думала, што пераходны ўзрост ужо прамінуў... Чаго мне хочацца? Быццам бы пераналаджваюся, а тыя, хто побач, замінаюць, вяртаюць да старога. Мабыць, залішне рана раблюся дарослай. Хачу быць зразуметай!
1 красавіка