Здаецца, цвёрда вырашыла - пасля школы буду паступаць на філасофскі факультэт. Хаця... Журналісткай буду ўсё адно. Аднак для гэтага трэба накапіць веды, жыццёвы вопыт. А пакуль літаратура застанецца маім хобі, захапленнем. Значыць, з актывістаў сыходжу. Крыху - ці не крыху - шкада, накатвае нейкае кепскае прадчуванне. Але здароўе зусім ніякае. Мушу здаравець.
7 красавіка
В. Н. пайшоў на год у армію, у Германію. Перад ад’ездам папрасіў па-суседску нешта на памяць. Былі пад рукой два зборнікі паэзіі: “Агонь” Ніны Мацяш і “Снежныя грамніцы” Яўгеніі Янішчыц, нядаўна набыла ў кніжным. Падаравала яму блакітную кніжачку Янішчыц... Цяпер хаджу штодня на ўкольчыкі. Даволі непрыемна, але ж трэба вітамініцца.
9 красавіка
Прыляцелі буслы. Вярнуліся дадому.
Лекі дзейнічаюць адмоўна. Раздражняюся, выходжу з сябе. І ніхто. Ніхто не хоча зразумець, як цяжка. Не магу жыць побач з пошласцю, а яна, ненавісная, у кожную хвіліну гатовая абазваць, прынізіць. Не магу болей!!! Што рабіць? Брыдота, цемрадзь у душы. Цяжка. Як вырвацца з гэтага кола? Не трэба мне нікога. Хачу самоты. Хачу пісаць.
Мікалаю ж Астроўскаму было ў тысячу разоў цяжэй. Ды ён выстаяў. А я, чалавек з нагамі, рукамі, здаровай галавой, хныкаю, ныю: цяжка. Ну і што. Працуй над сабой, пераадольвай цяжкасці, выхоўвай характар. У кожнае імгненне можа быць запатрабавана справаздача перад сумленнем у тым, што зраблена, ці сумленна пачата жыццё... Пачуццё ўласнай годнасці, спагадлівасць. Змагайся на сваім жыццёвым фронце. У цябе ёсць мэта ў жыцці. Хіба гэта не найвялікшае шчасце? Хіба чалавек - гэта не гучыць Цудоўна?! Ты павінна стаць сапраўднай, чакае ж недзе цябе Ён, дарагі, адзіны...
27 красавіка
Выпаў нечакана снег, мокры, рыхлы, прыкрыў платы, абляпіў правады. Бедныя шпакі сядзяць натапыраныя, надзьмутыя. Ім сапраўды кепска. А вось бярозы сёння проста цудоўныя; адначасова, як заўсёды, сціплыя і велічныя. Што за цуд гэтыя бярозы!
29 красавіка
Як слаўна жыць на зямлі, калі тваё існаванне прыносіць людзям радасць, карысць. Калі ты змушаеш маркотнага ўсміхнуцца, забыць хоць на хвіліну аб сумным, хіба не радасць-шчасце гэта прыносіць і табе?
Калі зроблена добрая справа, трэба проста аб ёй забыцца, бо іначай усё добрае ператвараецца ў пустое самалюбаванне.
30 красавіка
а) Літаратура; б) Жывапіс; в) Гісторыя; г) Філасофія; д) Біялогія; е) Музыка; ж) Астраномія; з) Спорт; і) Дамашнія справы
2 мая
Свята прайшло неяк непрыкметна, будзённа. Здароўе быццам бы наладжваецца. Пятага мая - Дзень друку, завуць у рэдакцыю “Запаветаў”. І хочацца вельмі паехаць. Цяпер шмат што цікавіць. Прываблівае да сябе жывапіс, хочацца нават самой маляваць. Трэба сачыць за сабой, што цяжка, але ж неабходна для будучыні.
3 мая
Чаму К. стаў мне чужым? Вось ходзіць чалавек, які тры гады быў дарагім, блізкім і амаль год ужо ўспрамаецца звычайна, будзённа. Як прыходзяць да чалавека пачуцці? Што іх асноваю?
5 мая
Сёння ў рэдакцыі мяне залішне хвалілі, не заслужыла я такіх добрых, хай сабе, толькі слоў. І якая ж я брыдкая - ніякай вытрымкі, такту, сілы волі. Ні да чаго не здатная!
6 мая
Мне быццам бы не дадуць значка “Ленінскі залік”. І вось ужо ад крыўды і сэрца баліць і г.д. Вось якая я! Ну, не заслужыла, каб цябе адзначылі, як тваіх камітэтчыкаў... Хоць цяжка так думаць. Але нічога, іншага выйсця няма ж. Так, не заслужыла...
8 мая
Нейкая жахлівая незадаволенасць сабой. Хочацца рабіць штосьці вялікае і вельмі патрэбнае. Не магу проста сядзець, чытаць, хадзіць. Што са мной? Вось жа і значок ўсё ж далі.
А бярозы ўжо разгарнуліся лістотаю далікатнай. Як дасканала і правільна, дакладна ўсё ў прыродзе! Прыйшоў час і з’явіліся зялёныя карункі паміж цёмных сосен. Якое ж маё месца ў жыцці? Ці магчыма чалавеку дасягнуць дасканаласці?..
11 мая
Учора поўня ўзнялася над зямлёю вялізным чырвоным шарам. У адной цёмнай цэласнасці застылі неба і наваколле. Але паступова неба, як губка, увабрала ў сябе чырвань, нібы прыняўшы на сябе частку таго, чаго саромелася маўклівая спада- рожніца зямлі.
Страшэнна хочацца чытаць. А трэба вучыць урокі. Трэба! Павінна вучыць. Я ж яшчэ як дзіця, перад якім вясёлкай ззяюць цудоўныя рэчы, а яно ў разгубленасці не ведае, за што ўхапіцца. Я таксама не ведаю яшчэ па-сапраўднаму, што ж маё ў гэтым свеце... вучы ўрокі! Чуеш!
15 мая
Віталь Банівур! Няўжо гэты мужны чалавек аддаў сваё жыццё за тое, каб цяпер множыліся мяшчанства, пошласць?! Баяцца ўступіцца за пакрыўджанага, абыходзяць бокам хуліганаў, а Ён жа загінуў за нас. Калі будзем плаціць Яму? Ды і платай можа быць толькі пабудова камунізму. Я павінна стаць сапраўдным чалавекам, я буду сумленнай, Віталь, я буду такой, каб без сораму размаўляць з Табой!