Выбрать главу

27 мая

Вярнулася з Магілёва. Здаецца, закахалася. У душы туга і радасць. Магчыма, гэта проста захапленне, хутчэй за ўсё. Не веру, што атрымаю ліст. На абласным злёце хвалілі. Гаварылі і Аляксей Пысін, і Васіль Матэвушаў, што, калі буду працаваць над сабой, штосьці талковае атрымаецца...

13 чэрвеня

Цяпер я разумею, што такое музыка Грыга! Яна ўвайшла ў маё сэрца салёнымі пырскамі Паўночнага мора, ласкавымі хвалямі атуліла ўсю цалкам. Змушае пакутаваць, хвалявацца, супакойвае. Гэта музыка - само жыццё! Я шчаслівая, бясконца шчаслівая! Грыг. Дзякуй Вам, Эдвард Грыг! Маё жыццё павінна стаць для людзей тым жа, чым стала для мяне Ваша музыка.

Ліста няма, але ж Ён ёсць. Хай сабе і не ў тым раённым гарадку... Учора ў фільме “Пераступі па- рог” хлопец - так падобны на Яго, што ў мяне мову адняло пасля кіно, а ўвесь сеанс у страшэнным напружанні сядзела. Так, атрымала пашпарт.

23 ліпеня

У Канстанціна Паўстоўскага ў юнацкім узросце былі думкі аб пісьменніцкай працы. Ён з вясёлкі фактаў адбіраў тыя, што ў будучым прыдаліся б для напісання твораў. І мне вось, як ні дзіўна, часта думаецца, што пэўныя з’явы маглі б увайсці ў мае кнігі! Абсурд страшны. Паўстоўскі - гэта Паўстоўскі, а я - гэта апошняя літара ў алфавіце.

27 ліпеня

Учора была на вяселлі Сашы. Ён - шчаслівы і чамусьці засмучаны адначасова. Увогуле, здаецца, не было асабліва весела. Маладая - цуд.

І як разабрацца ў сабе? Чаму, часта заўважаю за сабой, калі вакол весяляцца, мне цяжка адпавядаць агульнаму настрою? Але вось як некаму кепска, тады я магу развесяліць, паправіць настрой. Зразумела, не заўсёды.

6 жніўня

Толькі сёння пачуццё непаразумення, адчужанасці да людзей іншых рас знікла з маёй душы. Вось жа магла я нарадзіцца з чорнай або жоўтай скурай, з вузкімі вачыма... Знешні воблік - сукенка. І галоўнае ў чалавеку не якая яна, гэтая сукенка, а што схавана пад ёю. Так проста і ясна. Я гаварыла, можа крыху іначай, штось у такім плане даўно, але ўсведамленне яснае прыйшло толькі цяпер, як азарэнне. І як добра стала на душы!

7 жніўня

Учора цячэнне расцягвала сонечны дыск у агністы цыліндр, нібы бавілася з ім. Гусі ж на лускаватай бліскучай вадзе выдавалі на гордых лебедзяў.

Як цяжка ўсё ж мне ламаць сябе. Простая сітуацыя. Трэба было не застацца на танцах. Не засталася. Але якая хваля супраціўлення ўзнялася ў душы. Нейкія дрыжыкі ахапілі, змяніўся голас, азванчэў, нават плакаць хацелася. Затое цяпер, калі справілася з сабой, добра, спакойна.

10 жніўня

Сёння Марс наблізіўся да Зямлі на мінімальную адлегласць, што адбываецца адзін раз у 15-16 гадоў.

11 жніўня

Пажыць бы на бязлюдным востраве! Кнігі, кнігі... Не кожную думку сваю можна выказваць услых і прама ў вочы. Асабліва тады, калі немагчыма выправіць сітуацыю і памагчы. Тактоўнасць, вытрымка!

20 жніўня

Лета развінае апошнюю нітачку бесклапотнасці. У школу хочацца ледзь-ледзь: палохае галоўным чынам матэматычнае ярмо... Што ж, вяртанне ў дзяцінства не прадугледжана. Апошнія летнія канікулы прашапацелі старонкамі-крыламі кніг, адзіхацелі пырскамі-іскрамі рачной вады. За год трэба паспець выраўняць пляцоўку для ўзлёту ў іншае, ужо дарослае жыццё. Хутка пачнецца новая серыя фільма. Сцэнарыст - само жыццё. Жыццёвая плынь нясе чалавека па цячэнні, а ці заўсёды ў адпаведнасці з запатрабаваннямі і чаканнямі нашымі? Толькі моцны можа адстаяць сваё. Апошняе лета. А што далей?

22 жніўня

Са мной адбываецца штосьці страшнае. Сэрцам чарсцвею ці што. Ператвараюся ў чалавека інтэлекту - без пачуццяў. Аж холадна. Але як сумясціць упартую вучобу і пачуцці... Калі мяне штосьці захоплівае, дык цалкам, без астатку. Наталля называе філасофію палітыкай, гаворыць, што ёй цяпер са ста чалавек цікавіцца ў лепшым выпадку адзін. Жывое, натуральнае, што можна ўзяць у рукі, пэўна, лягчэй зразумець, над ім не трэба ламаць галаву, але ці палітыка, аднак, філасофія? Яна адкрывае штосьці новае, дапамагае зразумець свет. Увогуле ж я заблытваюся. Апошнім часам нават заікацца стала. А “Ціхі Дон” М. Шолахава нечым збліжаецца з “Вайной і мірам “ Л. Талстога.

28 жніўня

Учора моцна паспрачалася з Аленай. Размова распачалася аб тактоўнасці, мяккасці. Яна кажа, што ад другіх я патрабую так, як ад сябе, а гэтага нібы нельга рабіць. Ды трэба ўнесці тут некаторыя карэктывы. Па-першае, патрабую так, як ад сябе, ад самых блізкіх. Па-другое, калі не патрабаваць, значыць ставіць сябе вышэй іх. Я ж хачу, каб мы роўнымі былі. Чэхаў сказаў: “Воспитанные люди снисходительны, мякки, уступчивы...”. Я згодная з ім. Але ж пры выхаванні характару снисходитель­ность бывае шкоднай.