31 жніўня
Заўтра апошняе ў маім жыцці школьнае 1 верасня... Неяк сумна. Заўсёды тужліва, калі ўваходзіць слова “апошняе”. Цяпер жа асабліва. Дзяцінства прамільгнула, як раніца, пакінуўшы расу, якую сонца хуценька асушыла. Толькі ж раніца паўтараецца, а маё дзяцінства не...
1 верасня
Са мною штосьці дзеецца незразумелае, быццам гэта не я, а хтосьці іншы замест мяне, карыстаецца маімі кнігамі, рэчамі. Асабліва адчуваю гэта на адзіноце і з вельмі блізкімі людзьмі. Знаёмыя, проста людзі, і тыя, з кім выпрацавалася традыцыйная форма паводзін, некалькі выводзяць з гэтага новага стану.
23 верасня
Упершыню ў жыцці выслухала ад “а” да “я” аперэту. “Сільвія” Кальмана - цудоўная рэч! Якаясьці ўпэўненасць з’яўляецца ў душы з музыкай, адчыняецца новы свет.
29 верасня
Што за незразумелыя сілы як бы затаіліся ўнутры мяне? Баюся іх. Трэба працаваць і працаваць. Мушу паступіць ва ўніверсітэт! Хаця б дзеля мамы. І ўвогуле хочацца вучыцца. Вучыць, пэўна ж, любімыя прадметы. Сіла волі. Вытрымка. Тактоўнасць.
12 кастрычніка
Хочацца нечага вялікага, светлага. І душа не ў тамленні, а ў пяшчотным чаканні. Не ведаю, чаго хачу. Унутры быццам хвалі гойдаюцца. І музыка Эдварда Грыга. Мабыць, у такія моманты “чалавек робіцца чалавекам”... І працягваецца адкрыццё Фёдара Цютчава. Мая паэзія! Тлумачыць штосьці важнае, толькі вычуваемае.
16 кастрычніка
Прыйшла страшная думка: навошта я жыву. Вось жа не змагу перарабіць свет. Хай і коштам свайго жыцця зрабіць людзей шчаслівымі. Тады - навошта?!
22 кастрычніка
Кідаецца зверам у вокны, лупіць стаўнямі, стогне, вые, крэхча вецер. Тонкія свежыя струменьчыкі прабіраюцца ў хату, заігрываюць з лязом-агеньчыкам свечкі. Добра і вусцішнавата нават, здаецца, што нехта заглядае ў вокны, насцярожана сочыць за кожным рухам. Хутка дзесятая гадзіна. У мяне зноў змены ў душы. Засталася вострая прага ведаў. Пачуцці адыйшлі на другі план. Увогуле ж цяжка. Зноў жа - адна. Ніводзін чалавек не можа зразумець. Дзе мой моцны-моцны чалавек, каб накіроўваў, спрачаўся, звяртаў увагу на памылкі...
4 лістапада
Адчуваю, што павінна пісаць і буду пісаць. Ды не заношаныя заметкі аб тым, што выступілі, сказалі, паапладыравалі і на гэтым кропка. Мне сорамна пісаць традыцыйнымі штампамі, шэранька, паўтараць іншых. Журналіст мусіць быць не проста інфарматарам, летапісцам. Ён павінен мець асаблівы характар, каб памагаць людзям. Быць чалавекам вялікай душы, такту, розуму, быць цярплівым, настойлівым, добрым і строгім адначасова. Свяціць другім. Толькі ў гэтым апраўданне жыцця. Я пастараюся стаць такой. Няхай ад мяне будзе светла некалькім людзям, але і ў гэтым агністы сэнс. Усё для будучыні. Характар!
13 лістапада
Воблакі ў праменнях заходзячага сонца, нібы бутэрброды, густа намазаныя ліпавым мёдам... Зоркі - распырсканыя слёзы, у любові да людзей ззяюць, праменяцца...
26 лістапада
Здаецца, што зашмат апошнім часам гуляю ў жыццё. Міжволі, само сабой. Гуляю на матэматыках, на deutsch, з дзяўчатамі, нават з Аленай. У глыбіні адчуваецца штосьці вялікае, моцнае Яно рвецца са слізкіх абдымкаў штодзёншчыны. Хваравіта ўспрымаю фальшывае, бруднае. І страшэннае, аграмаднае пачуццё незадаволенасці сабой. Нейкія бязволле, песімізм. Вось цяпер пішу гэта шчыра, а ў цені - думкі назіральніка. Праўда ў чалавеку - ствараецца разам з чалавекам. Воля! Ёсць мэта. Неабходныя веды, уменне, каб быць карыснай, апраўдваць сваё існаванне.
4 снежня
Магу звар’яцець з-за ласкі. Я баюся ласкі чыёй бы там ні было. Я бяссільная перад ласкаю. Чаму ўва мне ўжываюцца побач з сарамлівасцю, адноснай дабрынёю - здольнасці паўсюль і заўсёды заўважаць кепскае, фальшывае? Так цяжка жыць. Бачыць, узірацца і не мець магчымасці дапамагчы. Дык жа такое бяздзеянне - душэўная подласць. І ў нас зашмат кепскага...
14 снежня
Паглядзела цудоўны фільм “У озера”. Ах, як Лена ў ім чытае “Скіфаў” Аляксандра Блока! Характарам яна вельмі блізкая мне. Толькі я жыву сярод кніг і кнігамі, а яна яшчэ і бацькам... Драматычны трохкутнік. Добра разумею яе, бачу ў гэтай гераіні Васілія Шукшына істотнае сваё, але, здаецца, я яшчэ мякчэй. І гэтая мяккасць, мабыць, лішняя.
1972
1 студзеня, адразу пасля 12-й.
Вітаю, 1972! Я хачу, каб ты быў добрым са мной, патрабавальным і справядлівым. Добра?! Трэба, проста неабходна закончыць на “4” і “5” школу. Паступіць на аддзяленне філасофіі БДУ. Трэба быць добрай і строгай. Трэба свяціць людзям.
7 студзеня
Чытаю зараз пра Блока. Аказваецца, ён блізкі з Дастаеўскім. Мне ж страшна, бо я таксама нейкі падвойны чалавек. І штосьці нібы расцягвае дзве душэўныя палавінкі. У галаву прыходзяць найжахлівыя думкі. Дзіўна, як яшчэ захоўваецца цвярозасць розуму. Як не нарабіла яшчэ глупстваў. І гэтак даўно. Штосьці незразумелае мне самой. Калі б не мая ўсё ж прыроджаная дабрыня, я, мабыць, была б жорсткім чалавекам. Ну як ў маёй душы адначасова могуць ужывацца і чысціня і бруд?! Дваістасць такая адчуваецца не заўсёды, але ж яна ёсць! І я то як наіўнае дзіця, пяшчотнае, ласкавае, то ганарыстая, халодная, як скала. Мне ж, па сутнасці, увесь час даводзіцца іграць (ці не іграць?), а жыць адным з гэтых сваіх “я”. Таму ў характары страшэнная рухомасць. Чагосьці не хапае ў жыцці. Разумных-разумных людзей? Дзеяння? Вось раней жа ці не ўся мая энергія ішла на грамадскую працу.