9 студзеня
Моцна паспрачалася з мамай. Яна лічыць, што нехта зверху павінен паднесці на сподачку добрае жыццё. Што дзяржава падманвае людзей, што няма законаў, якія б спынялі хуліганства, п’янства і г.д. І так разважае не адна ж мая мама. Так думае 98% (калі не 99) дараганаўскіх жыхароў. Я магла б, вядома, пераканаць яе. Але мама лічыць, што я не ведаю жыцця, што ўсё ў мяне кніжнае. Я ж углядаюся ў жыццё, часам да болю. Імкнуся разабрацца ў людзях. І сама часта пакутую ад несправядлівасці, але не магу яшчэ змагацца супраць яе. Не маю ўзроставага права. Не маральнага, а ўзроставага. Хай я тупіца. Я буду вучыцца. Мне трэба дасягнуць таго, каб ніхто не мог сказаць, што я нічога ў жыцці не разумею. Трэба навучыцца пераконваць, весці людзей за сабой асабістым прыкладам. Так, задумы ў мяне вялікія. Баюся, як бы маё дурацкае здароўе не зашкодзіла ў жыцці.
Добра, пакуль я буду маўчаць. Трэба ўмацавацца спачатку, бо гарэнне зараз - дарэмная трата сябе. Цяжкасці загартоўваюць. Трэба толькі не абыходзіць іх, а змушаць саміх сыйсці з дарогі. Будзь стрыманай, трымай сябе ў руках для будучыні! Быць чыстай і сумленнай...
Вельмі-вельмі спадабалася музыка Моцарта.
Моцарт - шчырасць. Яго 40-я сімфонія, соль мінор - незвычайны твор.
12 студзеня
Мне абавязкова трэба пісаць. Не змагу жыць, нічога не гаворачы людзям. Патрэба пісання ідзе знутры. Быццам у душы штосьці б’ецца крыламі і просіцца на волю. Такі стан прыходзіць нечакана. Псуецца настрой, нічога не робіцца, усё выпадае з рук, калі не вазьмуся за пяро і не “надрапаю” чаго-небудзь. А пішацца ж звычайна цяжка. Так рэдка словы гладка льюцца на паперу. З’яўленне нармальнага сказа суправаджаюць роздумы, часам пакутныя, хоць і пішацца шэраговая замалёўка, заметка. Ды гэтая пакута для мяне - радасць. Не магу жыць без пошуку слоў. І адчуваю, як мала я ведаю, якая дубовая яшчэ мова. Ну, гадоў праз дзесяць я хіба змагу пісаць больш-менш прыймальна. Зразумела - праца, яшчэ раз праца. Бясконцая работа над сабой. А якім бы пустым было маё жыццё без літаратуры!
...І ўсё ж я кепскі чалавек. Крывадушніца. І гэта гаворыць справядлівае “я”. А другая палавіна - ну, хіба ж не крывадушша! - падшэптвае: ”Ды не так, не так...” Ну каго я такая магу зрабіць шчаслівым! Аж сорамна і крыўдна. А хто вінаваты? Толькі сама. Вось так. І не ківай на бацькоў і ўсялякае іншае “мікраасяроддзе”. Толькі ад чалавека залежыць, якім ён будзе: высакародным або нізкім, добранькім або добрым у прамым сэнсе слова. Ставіш высокія мэты! А што робіш штодзень, каб дасягнуць іх? Так, заўсёды нервы, нервы, а ў іншых, што, не нервы! Вечна балбочаш аб сабе. Менш трэба аб сваіх памкненнях, парывах, пачуццях разважаць. Вось сшытак - і выказвайся яму!
Як я сябе ненавіжу! І як мне выйсці з гэтага замкнёнага кола, як стаць чалавекам не толькі ў разглагольстваваннях, а ва ўсім. Каб сам-насам быць такой жа, як і на людзях. Акуратна сядзець, есці, хаця цябе ніхто і не бачыць. І ўвогуле не пакідаць пыл і на задворках душы ў надзеі, што туды ніхто не зазірне.
Сёння ж першы сапраўдны дзень зімы. Цудоўны марозік, сонца, пяшчотны снег - а ў душы страшэнная незадаволенасць сабой. Якая неадпаведнасць!.. Мароз люблю. Увогуле зашмат люблю. Ці не азначае гэта, што не люблю нічога?..
14 студзеня
Увесь час, дакладней, вельмі часта адчуваю сябе на мяжы рэальнага. Быццам яшчэ адзін крок і палячу ў бездань, з якой не выбрацца ніколі. Розум мой у хісткім стане ці што... Пакутна, балюча спалучаць псіхалогію чалавечых душ з лірыкай прыроды, прагай цудоўнага. Ды гэта ж усё называецца адным словам - жыццё. А я крою яго на кавалкі і не магу дасягнуць гармоніі. Вечна жыву чаканнем нейкіх перамен. І то страсна хочацца жыць, то цалкам абыякавай раблюся. Як гэта зразумець?!
16 студзеня
Стаіць траскучы мароз, а мне ўчора падалося, што покаўкі на яблыні вось-вось пырскнуць зеленню і кветам. Сёння ж глянула на вярбу і зноў паўтарыўся гэты мой міраж. Чаму так?!
В. і Т. прачыталі дзённік Л. Не чакала ад іх такога. Сказала ўсё, што думала. В. пагардліва хмыкнула. Т., праўда, сама ледзь не расплакалася. Ну, не лічаць Л. за асобу, адбіраюць права на асабістае жыццё. Божа мой, якая подласць!