19 студзеня
Хадзіла да Н.П. і Л.В. - зноў паняволі манернічаю. Ну, ніяк не атрымліваецца быць самой сабой. Быццам штосьці трымае душу ў абцугах. Чаму? Так сорамна за сябе. Калі ж урэшце я стану нармальнай?! Наталля Пятроўна прывезла апошнія (7 і 8) тамы Канстанціна Паўстоўскага. Удзячная ёй, бо сапраўды да мяне напрамую прамаўляюць яго творы...
23 студзеня
Найчасцей у людзей не хапае сіл, каб ажыццявіць задуманае ў юнацтве, і гэты нерэалізаваны патэнцыял мараў, памкненняў раптам набывае статус жыццёвага вопыту. Гавораць: “Пажывеш, убачыш, як усё робіцца”. Так, сапраўды, рабіць цяжэй, чым марыць і спрачацца, але нічога ў жыцці не даецца проста. Трэба змусіць, навучыць сябе ва ўсім бачыць цудоўнае, адчуваць шчасце ў пераадоленні цяжкасцей. І, нават хварэючы, верыць, што хутка выздаравееш і гэта адчуваць шчасцем. Наіўнасць - доля летуценнікаў і дзяцей. Але ж ёсць наіўнасць, якая памагае жыць. Вось, расфіласофствавалася... Пэўна ж, я дзіця і назаўсёды, мабыць, ім застануся. Безумоўна, калі наіўнасць і шчырасць належаць толькі дзяцінству.
Увогуле ж у мяне дзіўны характар. Часта сама не ведаю, што зраблю і з цікавасцю назіраю сама за сабой. Толькі адно хіба нязменнае - сэрца. Заўсёды, калі бачу, што некаму кепска, яно абліваецца крывёю. Але ж, гавораць мне, сэрца не галоўнае ў гэтым жыцці! Ды хоць і не галоўнае, я хачу, каб мяне любілі менавіта за сэрца. Не за розум, а за сэрца.
25 студзеня
Апошнім часам аграмаднымі порцыямі паглынаю прыгажосць. Сапраўды паглынаю. Таму што кожная рэч, яе асаблівасці неяк наблізіліся да вачэй. Асабліва прырода. Раней таксама ўспрымала яе найвялікшым пасля чалавека цудам. Але цяпер проста прасякаюся настроем нябёс, сарамлівай ціхамірнасцю бярозак. Хочацца растварыцца ў аблоках, у дрэвах, у снезе. Усё такое дасканалае, што з болем адчуваеш сваю ненатуральнасць, агаляюццца ўсе слабасці. Зараз бы проста стаяць або ісці і дыхаць прыгажосцю, каб яе водар лячыў твае пачуцці, думкі. Кінуць бы на час усё-усё. Сысці ад усіх. Для таго, каб потым вярнуцца да людзей чыстай і пяшчотнай, моцнай і добрай. Мабыць, прыгажосць і вар’яцтва жывуць побач.
Адчуваю наймацнейшы ўплыў Канстанціна Паўстоўскага. Я б увяла яго “Повесть о жизни” ў школьную праграму па літаратуры. Чытаеш і ўсё проста, ніякіх завіраванняў, цыркаў. Нібы звычайная проза. Так, звычайная! А не знаходжу дакладных слоў, каб выказаць сваё захапленне гэтай прозай. Вось прачытанае мусіць жа паступова адступацца, але ж час, наадварот, набліжае Паўстоўскага. Адным словам, Паўстоўскі для мяне - гэта цяпер нібы само жыццё.
3 лютага
“Фантастычная сімфонія” Берліоза - якая незвычайная музыка! Момантамі проста зачароўвае, захоплівае цалкам.
14 лютага
Хутка мая сямнаццатка. Мой дзень, маё вялікае свята. Сямнаццаць гадоў. Дзіўна, ці праўда, што мне 17? Не верыцца. І так хочацца, каб гэты дзень быў ясным і сонечным. Няхай на вуліцы і пахмурна, але сонечна ў душы. Хочацца, каб адбылося штосьці вялікае і цудоўнае, каб усё свяцілася радасцю і ззяла шчасцем...
17 лютага
Мне Сямнаццаць! Сямнаццаць... І адчула сябе як бы пасталеўшай, менавіта адчула штосьці новае ў душы. Падарункі, віншаванні. Цяпер я з гадзіннічкам на руцэ. Мамін падарунак! У гэты мой год мусіць вызначыцца жыццёвы шлях. І хочацца, так хочацца стаць сапраўднай. Дзень жа сёння быў асаблівым, нават сонца выглянула, сагрэла.
І зноў сорамна за сябе. Пачуцці самыя супярэчлівыя. Ды трэба ўзяць сябе ў рукі. Не траць дарма часу. Не звяртай увагі на боль. “Імкненне да шчасця - таксама шчасце”. Каханне маё, будзь чыстым і пяшчотным, як музыка Эдварда Грыга...
20 лютага
Што такое любоў, каханне? Да чалавека? Музыку Грыга, яго “Пер Гюнта” ці канцэрт для фартэпіяна з аркестрам, зразумела, люблю... Я, нібы трэсачка, якую выносіць у жыццёвы акіян. Не разумею сама сябе. Свет то звужаецца, то робіцца велізарным. Што ж, адказ трэба знайсці самой - у музыцы, кнігах, прыродзе, людзях... І не губляць дарэмна часу!
22 лютага
Кепскі я чалавек - паслугу зраблю самую малюсенькую чалавеку і ўжо ўяўляю сабе немаведама што! Трэба навучыцца забываць пра тое добрае, што зрабіла людзям, каб гэта добрае стала звычкай, а не адступленнем ад штодзённасці. Такім чынам, заўсёды помніць пра тое добрае, што табе зрабілі іншыя і выкрэсліваць з галавы зробленае табой! І не іначай!
8 сакавіка
Сёння паўсюль святочны настрой. Мне хвілінамі таксама робіцца весела і радасна, а пасля - туга. Хоць вясна і юнацтва бяруць сваё. Нібыта ў паветры скачуць малекулы гарэзлівасці.