Выбрать главу

5 кастрычніка

На двары залатая восень - радуйцеся людзі! Збірае агеньчык да агеньчыка - лісточак да лісточка. Упрыгожваве сябе. Мой клён аблятае сваім залацістым, багровым лісцем. Шапатлівае полымя пад нагою і на плечы апускаецца, а не апякае. Тужліва. Будуць яшчэ восені, але ж ні адзін гэты цудоўны ліст кляновы не паўторыцца ўжо ніколі ў маім жыцці. Будуць іншыя, не горшыя, а такіх вось не будзе...

Агортвае смутак, быццам застаецца яшчэ на адным жыццёвым прыпынку штосьці светлае, цудоўнае... Вецер зносіць лісце.

10 кастрычніка

Да чаго ж мала часу даецца чалавеку на свядомае жыццё. Трэцюю частку яго проста прасыпаем. А як многа хочацца паспець зрабіць, навучыцца, прачытаць. І крыўдна за некаторых. Прапускаючы скрозь пальцы россып часу, забаўляючыся, пырхаюць па днях. Мабыць, аб тым, як кожны размяркоўвае свой дзень, мэтазгодна пагутарыць асобна.

14 кастрычніка

Ні да чаго нельга адносіцца абыякава!!!

21 кастрычніка

«Ничто не стоит нам так дешево и не ценится людьми так дорого, как вежливость», - як дакладна выказаўся А.П. Чэхаў!

Быў вечар, прысвечаны дню нараджэння ВЛК­СМ. Прайшоў увогуле нядрэнна, другой яго часткаю - танцы. І гэтыя танцы сапсавалі толькі на­строй. Дзяўчаты танцуюць з хлапцамі, але многія ў паліто, куртках. І гэтак ляніва, нібы ласку робяць, як падыходзяць, каб запрасіць на танец. А дзяўчаты бы належнае гэта ўспрымаюць. Характар жа, асабовасць складаецца якраз з дробязей. Нам самім трэба памагаць хлапцам не прыніжаць сябе і нас падобнымі паводзінамі.

25 кастрычніка

Забіта бортправадніца Надзея Курчанка. Забра­на жыццё ў сапраўднага чалавека, поўнага сіл, энергіі, любові да прыгожага. Надзі назаўсёды засталося 19 гадоў, памножаных на подзвіг плюс бяссмерце.

Ці змагла б я паступіць так, як гэта простая дзяўчына, цяпер гераіня?! Курчанка толькі на чатыры гады старэйшая за мяне. Надзя камсамолка, чалавек, які вырас у СССР. Яна, мабыць, не задумвалася над тым, ці здольная на подзвіг. А ў патрэбны момант проста выканала абавязак Чалавека - стала тварам у твар з узброеным бандытам. Надзея прыняла эстафету подзвігу ад Зоі Касмадзем’янскай, Ульяны Громавай, Лізы Чайкінай.

29 кастрычніка

Сёння - Дзень нараджэння ВЛКСМ. Як шмат зроблена моладдзю маёй Айчыны! Гераічная барацьба на франтах Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, адраджэнне з руін і попелу, падняцце цалінных зямель, самаадданая праца на фабрыках, заводах, палях, ударных камсамольскіх будоўлях, заваяванне космасу - вось пульс ВЛКСМ. Шэсць ордэнаў ззяе на сцягу Камсамола. І я ганаруся тым, што з’яўляюся часцінкай нястомнага Саюза Моладзі, які заўсёды ў авангардзе будаўніцтва камунізма.

2 лістапада

Цяжка. Усё цяжка. Вучоба, праца, жыццё. Дзе ініцыятыва ў маіх камсамольцаў? Увогуле ж з мяне атрымаўся б добры рэдактар насценнай газеты, што непараўнальна лепш, чым ніякі сакратар. Так, у «камітэтчыках» можна раздзьмухаць іскрынкі актыўнасці, але ж, мабыць, гэта не ў маіх слабых сілах. Трэба прыводзіць аргументы, якія пераканалі б кожнага, не саступаць з выверанай пазіцыі, быць роўнай у адносінах да кожнага.

5 лістапада

Я павінна стаць журналісткай. Вытрымаць усе цяжкасці і галоўнае - стаць сапраўдным чалавекам. За спіной смяюцца, шэпчуцца - не звяртаць увагі. Зайздрасць бяссільных. Значыць, вышэй іх. Ты ж шчаслівы чалавек. Хіба кожнаму шанцуе ўбачыць сваю зорку ў дзяцінстве, за школьнай партаю?! Здароўе? Дробязь. Падрамантуецца. У цябе ж усё атрымліваецца. З цяжкасцю? А што лёгка ў жыцці? Не хапае часу? Плануй дзень. Ушчыльняй яго. Ну, за працу. Памятай, ты - ЧАЛАВЕК!

15 лістапада

Як нядобра ўсё ж ідзецца. І хто вучыць гэтаму? Завуч, адказны за пазакласную работу. Праўда, дзіўна? Дакументы, працы, па яго словах, канспектаваць можна па вярхах, а пры нагодзе чыйсьці канспект і перапісаць. А карысці ад гэтага? Недахопаў выдзяляць не варта. Лепш падкрэсліць лішні раз добрае. І што з таго?

Значыць, прынцыповасць у бок, як непатрэбную рэч. Не, я так не магу і не буду! Страціць сумленне, вядома, лёгка, а пасля як? І ўвогуле я сваё цяжкое жыццё ні на якое іншае не прамяняю. Хай у гарачцы думаю ўсялякую ерунду, але лепш гарэць!

Сіла волі, вытрымка. А дзённік адкрываю ўсё ж звычайна, найчасцей, калі цяжка...

30 лістапада

Апошні дзень восені. Пуста, шэра на двары. Няма сонца і знутры. Настрой хутчэй упадніцкі. Заўсёды так - зраблю штосьці, адгару ў пісанні і запоем хандра. Камсамольская праца адцягвае толькі. Урокі вучу на сіле волі. Хочацца чытаць штосьці сапраўднае, душэўнае. Са школай юнкораў пакуль што ў парадку. 26-га ўпершыню змясцілі ў “Знамя юности” заметку. А ўвогуле я тупіца... Задачак не магу рашыць. Ладна. Тактоўнасць. Стрыманасць.