Наладзіць працу камсамольскай арганізацыі. Помні - ты сакратар! Ты павінна быць наперадзе. Вучыць цярпліва, спакойна. Тваё слова павінна карыстацца аўтарытэтам, каб твая пахвала была ўзнагародай. Трымай слова.
Ты павінна пісаць, а для таго, каб штосьці сказаць людзям, трэба быць вартай гэтага. Трэба шмат, вельмі шмат ведаць. Бачыць не толькі ўчынак, справу, але і яго карані, прычыны. Каб звярнуць увагу на штосьці кепскае, трэба самой быць крышталёва чыстай, яснай - сапраўднай.
Будзь настойлівай - баліць, скрыпі зубамі, а маўчы. Крыўдна - выплачашся потым у падушку адна, без сведкаў. Радасна - устрымайся, не хваліся поспехамі, бо ў некага, можа, гора, крыўда, а ты замест спачування са сваім эгаістычным “букетам”. Значыць, будзь сціплей, зразумела? Пэўна, не ціхоняй, а Чалавекам.
Апранута крыху горш за іншых - нічога страшнага. Ты яшчэ школьніца ды і кожнаму грыбу свой кораб.
Памятай - запаволенасць не падоўжвае жыццё. Абавязкова сустрэнеш на сваім шляху чалавека самага лепшага, сапраўднага і дзеля яго, у імя яго будучага, але рэальнага, ты павінна ўмець усё-усё, быць лепш за ўсіх, зразумела, па-свойму. Развівай свой эстэтычны ўзровень. Ты павінна быць усебакова культурным чалавекам. Памятай - у жыцці няма дробязей - ёсць абыякавыя людзі. Ніколі не ільсці, не крыві душой. Будзь прынцыповай, каго б ні датычылася пытанне. Зразумела??!
Табе вось-вось шаснаццаць. Юнацтва прыйшло або на парозе.
Узялася за справу - даводзь яе да канца. Не крышы на аскепкі час. Вядома, будуць зрывы, абвалы, слёзы, горыч - без гэтага немагчыма. Ты ж вучышся ісці па жыцці.
Помні - ты абавязана стаць журналісткай! І станеш!!! Іначай, навошта жыць?!?
1971
6 студзеня
На небе жоўтая поўня, зоркі ўгары, зоркі ўнізе. На вуліцы зіма, ужо сапраўдная, з моцным марозікам. Снежнае хараство іскрыцца, ззяе чароўнымі самацветамі. Так, зіма - цуд!
10 студзеня
Бурштынавым ліпавым мёдам сонейка заліло апранутую ў пуховую Прыгажосць зямлю. Быццам і неба паблякла перад гэтай чароўнай яваю. Пухнатыя белыя правады, срэбныя дрэвы і бліскучыя цукровыя россыпы на дахах... Якое шчасце быць у гэтым свеце! Каб жа яшчэ паспяваць з неабходным. Вазьміся па-сапраўднаму за камарганізацыю. Сорамна, сакратар! Будзь пільнай, чаму не адгукаешся на палітычныя падзеі?! Ганьба! Заўтра ў школу.
13 студзеня
Чакаю Некага, хачу да Кагосьці... Дзе ты, добры, мілы, шчыры мой чалавек?! Адгукніся. Прыйдзі.
Цяжка, вельмі натужна. Не хапае дабрыні, ласкі, увагі - сапраўдных. Шмат працы, што можа і добра. Прынамсі, рвуся між справамі. Няма побач таго, хто зразумеў бы. Раблюся неўраўнаважанай, рассеянай, часта раздражняюся. Кепска. Ёсць жа недзе чалавек, для якога стану ўсім. І для яго трэба рабіцца лепшай, прыгажэйшай, разумнейшай. Вучыцца розным дамашнім “мудрасцям”, бо жыццё ж не толькі паэзія, але і проза. Будзь цярплівай, настойлівай, сабранай, падцягнутай, урэшце, з пачуццём уласнай годнасці...
22 студзеня
Зноў у ложку, зноў хворая. Зноў чакаю цяпла, спагады.
Гордым легче,
Гордые не плачут
ни от ран, ни от душевной боли,
на чужих дорогах не маячат,
о любви, как нищие не молят...
Хораша Тацьянічава прамаўляе і да мяне. Ці здольная я на подзвіг у імя людзей, у імя будучыні? Ці змагу аддаць жыццё барацьбе за шчасце ўсіх?! Быць чалавекам бескарыслівым, палымяным. “Чалавек - гэта гучыць горда!” Усё для людзей - нічога ад людзей. Ці будзе маё жыццё адпавядаць гэтаму прынцыпу?..
30 студзеня
Сёння быў вечар сустрэчы з былымі выпускнікамі. Я моцна перахвалявалася. Выступала, выступала і г. д. і т. п. Пасля танцаў Т. В. папрасіў дазволу правесці дадому. Хваляваўся, таму не адмовіла. Здаецца, вельмі не абыякавы да мяне. Ды за што мяне можна кахаць? Я ж не той чалавек. Папрасіў дазволу пісаць. Таксама пагадзілася. Што далей? Хіба ўсё ж дарма...
14 лютага
Ва ўсіх да камсамольскай працы прэтэнзіі: паперы, розныя пратаколы, характарыстыкі заядаюць. Сапраўды, процьма часу ідзе на тое, каб аформіць план, пратакол. Як гэтага пазбегнуць? А можа б адбіраць сярод вучняў тых, хто мае схільнасць да гэтакага справаводства? Толькі ж ці ёсць такія ахвочыя?
Хутка мой дзень. Будзе шаснаццаць! А я ж яшчэ не дасягнула і палавіннай хоць бы дасканаласці характару. Запальчывая, грубаватая, выкажуся, а потым перажываю. Трэба быць ураўнаважаней, дакладней, мякчэй у адносінах да людзей, не раскідацца словамі, старацца аб’ектыўна ацэньваць усё побач.
16 лютага
Сёння мне споўнілася 16 гадоў! А ці па сваёй дарозе я крочу? Ці ступіла на шлях карыснага стварэння?! Так, ты ўжо дарослая - вось пашпарт атрымаеш. Шаснаццаць штосьці значыць. Але ж гэта толькі па гадах табе 16, а па развіцці ты стаіш на ўзроўні 14-гадовай! Называецца сакратар, юнкор, рабселькор. Зусім не разбіраешся ў музыцы, жывапісу... І не сорамна?! Сакратар!