Не сказаць, што гэтая сутычка далася мне лёгка, без хваляваньня. Ведаў, тое мне, мабыць, проста не абыдзецца, яшчэ можа быць ліха. Адчуваў, што гэта ня так сабе, не выпадкова, штосьці тут усунулася тайнае і малапрыемнае. Ці не пашчыраваў тут наш санінструктар, іначай чаму б яны скіравалі адразу да гэтага катэджа? Ужо пэўна не таму, што ён тут самы прыгожы? Што ў іх там, у тыле, мала здатных, прыгожых будовак для разьведроты гвардзейскай арміі? Ды і ці для разьведроты яны рупіліся?
З дрыготкіх рук прымоўклае Франі я ўзяў сваю гімнасьцёрку, моўчкі надзеў цераз галаву. Франя чамусь ні пра што не пыталася, — мабыць, і бяз роспыту адчувала, што здарылася на падворку, і на яе азмрочаным тварыку прадаўжаў трымцець спалох.
— Ня бойся, — сказаў я, падпярэзваючыся. — Мы абаронім.
— Дзякуй вам, — ціхенька адказала дзяўчына.
— I гэта... Заві мяне на ты. Добра?
— Добра, Міця.
Усё ж я задоўжыўся на гасьцях, нельга было так доўга адсутнічаць на агнявой. Хоць навакол было ціха, але трывога магла ўзьнікнуць кожнай хвіліны. Зноў жа камбат там, мабыць, ужо неаднойчы тэлефанаваў Муху, патрабаваў узводнага. Мядзьведзеў, канечне, выручыць, як звычайна, скажа, што лейтэнант пайшоў у другі разьлік, дзе не было тэлефону. Але ўсё ж не на паўдня ён пайшоў у той разьлік.
— Я вярнуся, — сказаў я Франі, якая, не выходзячы на ганак, стаяла ў расчыненых дзьвярах. — Нікога не пушчайце!
На агнявой, аднак, усё было як заўжды, калі не было абстрэлу. Наводчык Сьцяпанаў дыміў сваёй махоркай; гультаяваты Атрошчанка ляжаў дагары на бруствэры, зьвесіўшы на пляцоўку даўгія ногі ў шырокіх трафэйных ботах. Малады Скібаў дзёўбаў пад сашніком рыдлёўкай — каб павялічыць радыюс абстрэлу гарматы. Ягонай лянівай працай прыдзірліва кіраваў камандзір Мядзьведзеў, што сядзеў насупраць на станіне.
— Глыбей, глыбей вазьмі. А то як дасьць на адкаце — наводчыку сіняк і пасадзіць. Абед вам, лейтэнант, у кацялку на скрынцы, — сказаў ён да мяне. — На двух з Кананком.
— Еш, Кананок, я ня буду.
Мне было не да абеду. Адчуваў, каньячны хмель яшчэ не мінуўся, як не мінулася ўзрушэньне ад нядаўняй малапрыемнай сутычкі. Адкрыты “додж” кудысь зьнік з дарогі, і я не заўважыў, куды. Ці яны, можа, зьехалі зусім, ці шарылі дзе паблізу. Маглі зноў налезьці на той асабняк. I я ўвесь час пазіраў туды, хаця й ня ведаў, што зрабіў бы, калі б убачыў іх там. Я сказаў Франі не пушчаць, але разумеў, што магчымасьці яе ў тым надта абмежаваныя. Калі гэтыя захочуць, іх не спыніць і танку. Што ім гэты катэдж! У мяне ўжо была падобная сустрэча, праўда, ня тут — ва Ўгоршчыне, ля Балатону, у адным графскім маёнтку, які мы занялі надвячоркам. Толькі ўлезьлі з-пад дажджу пагрэцца на ноч, як на падворак укацілася некалькі “студэбэкераў”, і такія во хлопчыкі з аўтаматамі пачалі нас выкурваць. Маўляў, вымятайцеся, тут будзе ўправа гвардыі палкоўніка Маляванага. Хоць на самой справе таму палкоўніку спатрэбіліся зусім не халодныя графскія пакоі з партрэтамі продкаў на сьценах, а хутчэй сутарэньні пад імі, дзе было што-нішто зь пітнога. I закусі. Як яны нас вытурылі ў поле, дык пасьля да раніцы гаспадарылі там, а на золаку, пакуль не пачаўся бой, тыя “студэбэкеры”, цяжка валюхаючы па калдобінах, павезьлі іхныя трафэі. А мы толькі ляскалі зубамі, седзячы ў мокрай пасадцы пры дарозе. Ну але там быў камбат, ён прымаў рашэньне застацца ці ўступіць. Вырашыў уступіць, можа, і правільна — таньней абыйшлося. Бо што б мы зрабілі з тою п'яною хэўрай, надзеленай уладай высокага начальства? Тут жа камбат далёка, рашэньне належала прымаць мне. Во я і прыняў. Цяпер буду чакаць наступства.
Між тым было чутна, як у раўку штось стрымана прамаўляў па тэлефоне Муха, але, мяркуючы па голасе, не з начальствам, — хутчэй са сваім братам-сувязістам. Пагутарыўшы трохі, устаў ад тэлефону і голасна абвясьціў:
— Брацьця славяне! Вайне канец!!
Мы ўсе на агнявой зьнерухомелі, змоўклі, чакаючы тлумачэньняў радаснай навіны, і Муха, натапырыўшы свае вусы, з важнасьцю аб'явіў:
— Брыгадныя радысты падслухалі: заўтра капітуляцыя.
— А чаму нам нічога ня кажуць? — запытаўся Мядзьведзеў.
— Мабыць, скажуць...
Муха зноў зьнік у раўку, прыпаўшы да свае трубкі — цяпер адтуль чакаліся незвычайныя навіны, ад якіх радасьцю займалася салдацкая істота, сонцам асьвятляўся ўвесь белы сьвет. Гэта ж трэба — скончылася вайна, і ты жывы! Цябе не забілі. Ты будзеш жыць доўга, доўга. Ня будзеш трэсьціся ў зямлі і чакаць апошняга свайго выбуху. Ты вернесься дамоў, зноў убачыш маму. Знойдзеш сваё каханьне, якое дасьць табе законнае шчасьце ў жыцьці. Канец вайне!..
Але калі канец вайне, дык, мусіць, доўга мы тут ня ўседзім. Мусіць жа, мы некуды рушым — назад ці наперад. Толькі наперад чамусь не пушчаюць немцы — ці яны ня ведаюць пра сваю капітуляцыю? Ці, што зусім кепска, ня згодныя зь ёй? Калі якія эсэсаўцы, дык ведама, тая капітуляцыя дае ім няшмат радасьці — яшчэ яны паваююць. Не дачакаўшыся, аднак, болей дакладных навінаў, я ўзьлез у равок і патэлефанаваў да камбата. Ці праўда, што ўжо фініта?