— Будзе фініта — скажам. Ні на хвіліну ня спозьнімся. А пакуль захоўвайце пільнасьць, — ахалодзіў мяне камбат.
Мабыць, так. Калі загадана захоўваць пільнасьць, дык мабыць, нічога і не адбылося. Мабыць, радысты пасьпяшаліся. Можа, дзе і капітулююць, а ў нас будуць марудзіць. Чакаць загаду. Таксама, як і мы чакаем загаду зьверху. У гэтым сэнсе нічога не мяняецца. Хоць і канец вайне, усе падпарадкуюцца ўласнаму начальству. Як і заўсёды. Толькі начальства вырашае, замірыцца ці ваяваць.
Але ўсё ж калі капітуляцыя, дык, мабыць, не пакінуць нас у гэтай зямлі. Цяпер ужо ў зямлі не сядзелася, і я выйшаў з агнявой на зялёную траўку побач. У навакольлі стаяла зусім мірная ціша, не стралялі ні мінамёты, ні гарматы. Не чуваць было і апрыклай трывожнай страляніны на перадавой. Штось усё сціхла, стаілася. Чакала. Сапраўды, ці не канец гэтай праклятай калатнечы? Настрой мой то поўніўся радасьцю, то азмрочваўся невядомасьцю, калі я кідаў позірк на недалёкі катэдж. Ужо мне карцела туды, да Франі. Як ёй быць цяпер з гэтымі старымі аўстрыякамі? Трэба дадому. У Беларусь. Але як? Куды я яе вазьму? Да маіх артылерыстаў на агнявую? Вядома, хлопцы былі б радыя. Але што скажа начальства?
Сонца схавалася за аграмадзінай гор, у даліне напоўз даволі прахалодны цень; усё навокал спахмурнела, хутка губляючы сваю нядаўнюю веснавую ўрачыстасьць. З-за шчыльнага плоту лесапільні патыхала паленым, даляталі па ветры горкія подыхі пажарышчаў. Нічога паблізу, аднак, не паказвала на небясьпеку, і я наважыўся. Сказаў Мядзьведзеву, каб у выпадку чаго прыслаў Кананка, той ведае. Мядзьведзеў кінуў скупое “ладна”, і я скіраваў да мастка.
Яшчэ я не ўзяўся за разлапістую жалезную клямку дзьвярэй, як тыя расчыніліся, за імі ў прыцемку пакорліва стаяла Франя. Яна чакала мяне. На гэты раз яна была без свайго фартушка, у кароценькай шэрай кофтачцы паверх тых жа чорных і вузкіх штонікаў. Была надта прывабная і з сарамлівай гасьціннасьцю ўсьміхнулася мне.
— Капітуляцыя, Франя!
— Праўда? А божачка мой...
— Яшчэ не афіцыйна. Але паведамяць.
— Няўжо дачакаліся? Няўжо праўда? — бы дзіця, радавалася дзяўчына. — Трэба старым сказаць.
Яна пабегла кудысь з вэстыбюля, а я застаўся ля засланага квяцістым абрусам століка з трыма цюльпанчыкамі ў фарфоравай вазцы. Я трохі недаўмеўся: што б значыла гэтая яе пасьпешлівасьць наконт гаспадароў? Ці сапраўды ўдзячнасьць, ці добра выхаванае пачуцьцё абавязку? Я ня ведаў яшчэ, як да таго паставіцца, калі праз расчыненыя дзьверы ў вэстыбюль сунуўся той высачэзны стары прафэсар са сваёй фраў. Апошняй ускочыла ажывелая Франя. Трохі адсопшыся ад мабыць доўгага пераходу, гаспадар глухім голасам сказаў нейкую даўгую фразу, якую тут жа патлумачыла Франя.
— Доктар Шарф віншуе з канцом вайны і дзякуе пану афіцэру за вызваленьне ад нацызму.
— Калі ласка, — велікадушна пагадзіўся я. — Жывіце ў міры.
Доктар уважліва выслухаў Франін пераклад, трохі памаўчаў. Відаць па ўсім, гаварыць яму было цяжка, ці ён цяжка зьбіраўся з думкаю. Франя перакладала:
— Ён кажа: старыя шчасьлівыя, што дачакаліся канца вайны. А маладым цяпер прыйдзецца самім ладзіць будучыню Эўропы. Важна не памыліцца.
— Ды ўжо як-небудзь. Не памылімся. Калі дагэтуль не памыліліся — перамаглі, — самаўпэўнена адказаў я і адразу адчуў, што перабраў: ня трэба было гэтак катэгарычна. Франя пераклала адказ.
— Доктар Шарф кажа: перамагчы ў вайне — яшчэ ня ўсё.
— А што ж яшчэ?
— Пасьля цяжкай вайны непазьбежны і цяжкі мір, — ціха, нібы нават не згаджаючыся з чымсьці, пераклала Франя.
Я не зусім зразумеў, што ён мае на ўвазе, гэты стары аўстрыяк. Можа, аднак, і праўда, можа і цяжкі мір. Але ўжо не цяжэйшы, чым гэтая вайна.
— Ён кажа: рускія павінны зразумець, што нацызм і камунізм ёсьць два канцы адной палкі.
Гэтыя развагі я чуў упершыню, і яны здаліся мне дзіўнаватымі — адной палкай мераць Расею і Нямеччыну. У нас гэткім чынам ніхто не разважаў нават пад хмелем, за такія словы кожны мог апынуцца далёка. Мы не адважваліся гэтак нават падумаць. Ды і не было патрэбы так думаць — усё ж мы ваявалі з фашыстоўскай Нямеччынай за свабоду сваёй краіны. Пры чым тут два канцы адной палкі?
Мабыць, разгубіўшыся, я маўчаў. Напэўна, адчуўшы маю ніякаватасьць, гаспадар таксама нядоўга падумаў і, стрымана кіўнуўшы на разьвітаньне, павярнуўся на выхад.