Выбрать главу

Ужо добра разьвіднела, хаця сонца з-за гор яшчэ не паказалася, і ў горнай даліне панавала прахалодная засень. Мы няхутка ехалі па асфальтавай шашы на захад, мінулі першы не крануты вайной гарадок з дбайна дагледжанымі дамкамі ў стылі фахвэрку абапал вузенькіх вулічак, зь цёмнай кірхай сярод купкі разложыстых дрэваў. Людзей было мала відаць, але скрозь з бальконаў і вокнаў зьвісалі белыя прасьціны — знакі капітуляцыі. Пасьля сталі трапляць і людзі — старыя, дзеці і жанчыны; з расчыненых вокнаў яны махалі нам і ўсьміхаліся. А некаторыя плакалі — відаць і такое. Салдаты з кузаваў махалі ў адказ, выкрыквалі самае цяпер зразумелае “Гітлер капут!” ці яшчэ што — вясёлае і гарэзьлівае. Усім было весела і радасна — вайне нарэшце канец.

За тым гарадком дарога павярнула ўгору, пачаліся павароты — то ўправа, то ўлева. Нечакана на горным схіле калёна спынілася: наперадзе за павароткай пачуліся гарматныя выбухі, усе насьцярожыліся. Я саскочыў з крыла, думаў, зараз будзе якая каманда, можа, прыйдзецца адчапляць гарматы. Але ніякай каманды не падавалі. Афіцэры павылазілі з машынаў, пасталі на ўзбочыне, узіраліся наперад. Некаторыя ішлі далей, дзе было начальства і дзе раздаліся гэтыя нечаканыя выбухі. Што там адбывалася, было невядома. Я таксама прайшоў трохі ўздоўж батарэйных машынаў і згледзеў наперадзе свайго камбата. Разам з камандзірам першай батарэі яны ўсё ўзіраліся ў галаву калёны, мабыць, таксама чакалі якога сыгналу. Гэтыя два афіцэры, два капітаны з выгляду былі дужа розныя — маленькі хударлявы камбат-1 і цыганскага выгляду, камлюкаваты камбат-2. Зь іх ціхай гаворкі было зразумела, што нас абстраляла нямецкая самаходка, якая, аднак, змоўкла. Экіпаж яе, пэўна, даў драла. Так што няварта хвалявацца, зараз паедзем. I праўда, неўзабаве з галавы калёны прагучала каманда “Па машынах!” Камандзір першай батарэі пабег да свайго “студэбэкера”, а мой трохі затрымаўся, усё ўзіраючыся наперад.

— Капітан, хачу запытацца.

— Што? — павярнуў да мяне незадаволены твар камбат.

— Што гэта тут асабіст раніцой высьледжваў?

— А ты ня ведаеш, што? — камандзір батарэі ўпёрся ў мяне нядобрым позіркам. — Не адчуваеш?

— Не адчуваю, — сказаў я, пачынаючы, аднак, здагадвацца.

— Зь якой гэта ты зямлячкай там зьнюхаўся?

На хвіліну я анямеў — так яно і казалася, як я меркаваў. Я моўчкі чакаў, што яшчэ скажа камбат, але ён таксама змоўк, мабыць, пашкадаваўшы, што і без таго сказаў шмат.

— Зноў жа, бацькі твае дзе? На акупаванай тэрыторыі пражывалі?

— Пражывалі. Ну?

— Во табе і ну! — няпэўна скончыў камбат і крута павярнуўся да свае машыны. Наперадзе ўжо загырчалі маторы, здаецца, калёна рушыла.

Я подбегам вярнуўся да машынаў свайго ўзвода і зноў ускочыў на шырокае крыло “студэбэкера”. Вось табе і радасьць: называецца, сустрэў зямлячку. Ды яшчэ й бацькі на акупаванай тэрыторыі. Але дзе тыя бацькі, што я пра іх ведаў? Думаў, прыеду пасьля вайны, буду шукаць. Нехта ж павінен ведаць, як і дзе яны прапалі летась пад Ушачай. Былі ў партызанах, ды зьніклі. Магчыма, у час прарыву зь нямецкага акружэньня. Можа, загінулі, а можа... Тое можа дацінала мяне ўжо паўгода. Шкада, на парозе міру рушыліся ўвогуле нармальныя адносіны з камбатам, які яўна злаваў на мяне, мабыць, з падачы асабіста. Хаця з ягонай падачы як не зазлуеш? Тут не на жарт спалохацца можна.

Калёна рушыла далей, і неўзабаве мы ўбачылі тую самаходку, што абстраляла нашую калёну. Экіпажа яе там ужо не было, самаходка стаяла пакінутая за рэчкай на схіле. Зрэшты, шкоды яна нам не ўчыніла. А на другім павароце пад абрывам ляжала ў рэчцы нашая перакуленая трыццацьчацьвёрка, і горны паток булькатаў ля яе гарматнае вежы. Здаецца, там засталіся і танкісты, — відаць, надта пасьпяшаліся да перамогі.