— Кананок, — паклікаў я маладога салдата. — Адвядзі ровар. Вунь у той дом.
Кананок, як заўжды, сьпярша ніякавата заўсьміхаўся, зірнуў на ладны катэдж пад гарой, за бурліваю горнай рачулкай.
— Нішто сабе дамок! Палац.
Ну, не палац, канечне, але катэдж сапраўды быў спраўны, — каменны, двухпавярховы, з абведзенымі белаю фарбай высокімі вокнамі. Каля ўваходу расьлі дзьве старыя елкі, а па гранітнай сьцяне распаўзлася густая крапанка плюшчу, які спазьнела зелянеў першай дробнай лістотай. Уздоўж рачнога берагу відаць была невысокая драцяная агароджа. Ззаду між дамоўкай і стромкай скалой высіліся старыя дрэвы, з куп'я якіх выглядваў чырвоны дах, завершаны невялічкаю, пад зялёным каўпаком, вежаю. Мусіць, гаспадарыў там ня бедны аўстрыец.
Я прысеў на снарадную скрынку між станін, а Кананок цераз вузкі драўляны масток над рачулкай пакаціў ровар. За рэчкай ён прыпыніўся каля, мусіць, зачыненай брамкі, нешта гукнуў. I тады зь дзьвярэй паказалася постаць нейкае дробненькай жанчынкі ў вузкіх штоніках, яна рухава наблізілася да брамкі і ўзялася адмыкаць дзьверцы. Кананок, відаць было, загаманіў штось, і яна, падобна, адказала. Хвіліну яны там быццам перагаворваліся, але адсюль не было чутна, пра што. Хаця пра што мог гаварыць Кананок, які наўрад ці ведаў хоць бы дзясятак словаў па-нямецку.
— Ты глядзі! — зайздросна вымавіў ззаду Сьцяпанаў. — Наш Кананок ужо немачку палюе. Ужо дамаўляецца...
— Ня немачку — мабыць, аўстрыйку. Але праўда, спрытная дзяўчына, — высунуўся з раўка чарнавусы тэлефаніст Муха.
Мабыць, і праўда. Нават здаля дзяўчына выглядала зграбнай — асабліва сваёй хлапчуковай постацяй, рухавай і невялічкай, і ўжо тым захапіла салдацкую ўвагу артылерыстаў. Яна пераняла ў Кананка ровар, лёгенька крутнуўшы галавой, адкінула назад пасму коратка пастрыжаных валасоў і павярнулася да дзьвярэй у катэдж. Кананок, аднак, усё гукаў да яе нешта, і яна, прыпыняючыся, адказвала, пакуль ня зьнікла за елкамі. Салдат трохі пастаяў яшчэ, а пасьля, усё азіраючыся, пайшоў цераз масток да агнявой пазыцыі.
Я зірнуў назад, на дарогу, — “віліс” усё стаяў пад сьцяной разьбітага дому. Афіцэры схіліліся над ягоным капотам, над разасланай картай; мабыць, яны ўжо страцілі да мяне ўвагу. Ды ня ўсе. Адзін з-за сьпінаў іншых усё ж разы два зірнуў у наш бок — ці ня той лагодны маёр, падумалася мне. Але ў той час у раўку зазумерыў тэлефон, і тэлефаніст Муха паклікаў:
— Камбат, таварыш лейтэнант!
Я скочыў у равок, узяў трубку. Камбат пытаўся, колькі ў мяне снарадаў — асобна бранябойных, асобна асколачных. Я сказаў, што трэба падлічыць, тады далажу. Нібы між іншым камбат папярэдзіў:
— Там недзе першы ля вас. I асабіст.
— Ужо бачу. Стаяць на дарозе.
— Як паедуць, зьвякні — куды?
Я паклаў слухаўку і вылез з раўка. Машыны былі на ранейшым месцы, але афіцэры там, відаць было, заварушыліся, перасталі разглядваць карту. I той лагодны маёр у фуражцы ўжо не пазіраў сюды. Значыць, гэта й ёсьць наш брыгадны асабіст, упаўнаважаны страхавітага “сьмерша” (сьмерць шпіёнам). Дагэтуль я нідзе ня бачыў яго, ці, можа, ён у брыгадзе нядаўна? Нашага палкавога “сьмершаўца” усе добра ведалі, той заўжды тоўкся на батарэях, асабліва на маршах ці на фармоўках, любіў пасядзець з афіцэрамі ў вольны час ды з чаркай. I яшчэ быў вялікі аматар сьпеваў — хоць “Распрагайце, хлопцы, коней”, хоць “На позицию девушка провожала бойца”. Казалі, у полк прыехаў з Далёкага Ўсходу і ўжо праз пару месяцаў на фронце атрымаў два ордэны, як і наш камбат, які топае па перадавой ад самага Харкава і два разы паранены. Ну, але здаўна вядома, што Бог няроўна дзеліць ня толькі ў мірным жыцьці, але й на вайне.
Машыны з афіцэрамі нарэшце паехалі па дарозе ў тыл, трэба было папярэдзіць камбата. Палкавыя батарэі ў гэтай цеснай горнай даліне разьмяшчаліся па адной у некалькі эшалёнаў — першая батарэя была наперадзе, па той бок гарадка, адразу за пяхотай; па гэты бок наша, за ёй астатнія. Усе сядзелі пры адной дарозе. Вядома, камбаты цікавалі за няўрочным рухам камбрыга і паведамлялі аб ім адзін аднаму, каб ня быць захопленымі зьнянацку. Начальства, як і праціўніка, належала асьцерагацца на вайне. Я ўлез у цесны равок і патэлефанаваў камбату, а як вылез, Кананок ужо быў на агнявой. Ягоны ўсьмешлівы твар зьзяў стрыманым захапленьнем, і тое адразу прыкмецілі нашыя зубаскалы-хлопцы.