— Прэзэнт, сэр офіцыр? Эс, прэзэнт? Эс?
Я не разумеў, што значыць — прэзэнт? Ці ня хоча ён атрымаць у падарунак мой ордэн? Сапраўды, мабыць так. У адплату ён ужо скінуў з рукі мэталічны бранзалет гадзіньніка і соваў мне. Як было ад яго адчапіцца? Іншыя, аднак, не адчапляліся, скрозь адбываўся п'яны абмен сувэніраў — гадзіньнікаў, зорак зь пілотак, дзягаў і нават пісталетаў. Гляджу, мой ціхі Кананок ужо прыцэльваецца кудысь у кузаве з ладнай амэрыканскай вінтоўкі, выменяў ці што? Не наваяваўся хлопец. Побач сядзіць на борце і паблажліва ўхмыляецца расхрыстаны амэрыканец.
— Ну, яшчэ трохі прымем за пабеду, — трохі разьвязна соваў мне пляшку Мядзьведзеў.
— Давай!
Чорт яе бяры, сапраўды перамога. Найвялікшая перамога ў найвялікшай вайне. Давай, Мядзьведзь, будзем піць. За тых, хто ніколі ня вып'е.
I я выпіў, ці ня першы раз са сваім падначаленым, камандзірам гарматы. Увогуле тое не было ў нас прынята — піць з падначаленымі. Калі й пілі, дык болей з роўнымі сабе: узводныя — з узводнымі, камбаты — з камбатамі. Але тут такая падзея — канец вайны. А мы зь Мядзьведзевым болей за чатыры месяцы кожны дзень і кожную ноч разам. У адным акопчыку і ля адной гарматы. А з адной пляшкі выпіваць не даводзілася.
— Усё ж маглі ў адной яме ляжаць, — сказаў Мядзьведзеў, боўтаючы паднятую пляшку і быццам не адважваючыся дапіць.
— Пад Шаманторніяй?
— Пад Шаманторніяй гэтай. Там я ўжо не спадзяваўся. Нявыкрутка поўная.
Так, ён казаў праўду, на Шаманторнію я не забыўся. У час веснавога прарыву нямецкіх танкаў нашую гармату адрэзалі ад сваіх, мы суткі праседзелі ў кукурузе, ужо не спадзеючыся выбрацца жывымі. Наперадзе на вышыні былі немцы, ззаду на дарозе нямецкія танкі, наш цягач “студэбэкер” згарэў яшчэ ранкам ля пераправы. I мы апанурыліся. Тады Мядзьведзеў кажа: трэба, як пацямнее, паслаць каго ў пяхоту, каб далі чалавек пяць, і тады б мы паспрабавалі выкаціць гармату. Так і зрабілі. Паслалі Сьцяпанава, той прабраўся між нямецкіх танкаў і прывёў чатырох зь пяхоты; пад ранак у тумане мы неяк выкацілі з кукурузы нашую гармату і прабраліся да сваіх. Нават нікога ня страцілі. Але натрываліся — дай Бог! Уранку па той кукурузе ўжо гойсалі нямецкія грэнадзёры.
Якраз да нашае вясёлае купкі далучыўся і Сьцяпанаў — дужы, немалады ўжо малодшы сяржант з ордэнам Славы на зашмальцаванай гімнасьцёрцы — гэта за той яго ня надта звычайны подзьвіг. Зьлез з машыны Кананок. На гэтым кірмашы гарэзнае весялосьці ён выглядаў нейкім найменш радасным, заўсёдная яго ўсьмешка сёньня сышла з курносага твару, і я разумеў, чаму. Скончылася вайна, а ў хлопца ніводнага мэдаля, што, пэўна, яго засмучала. Казалі: не заслужыў. Праваяваў зіму побач з усімі, як і ўсе, трываў пад агнём, але во — не заслужыў. Бо малады і сьціплы. Хаця галоўнае — заслужыў жыцьцё, ці гэта не найбольшая ўзнагарода для кожнага салдата?
Наўкола гуў, гаманіў, мітусіўся салдацкі наўтоп. Салдаты нашай ды іншых батарэяў палка перамяшаліся з амэрыканскімі, якіх прымалі сапраўды як братоў, — гаманілі, абдымаліся і пілі разам зь імі. Але і між сабой у нашых бруіла ніколі дагэтуль ня чутая радасьць. Дзесьці зводдаль ужо гарланілі “Кацюшу”, а бліжэй узьнікала новая песьня, якую пачынаў прыгожы барытон батарэйнага запявалы:
Пакахай мяне, салдацік,
Буду вернай жонкаю...
А забудзеш — толькі разам
З роднаю старонкаю...
Мядзьведзева, падобна было, хмель браў ня хутка, выглядаў ён цьвярозым і ціхім голасам прамаўляў мне:
— Замірацца — прыяжджай на госьці. Калі можна, зь сям'ёй. Ці адзін. Я ж каля Цяляцкага возера жыву.
Тое я ведаў. За зіму і вясну даволі ўжо наслухаўся пра яго возера, поўнае рыбных цудаў і незямной прыгажосьці. Але сяржант і зараз ня мог стрымацца, каб не напомніць пра тое.
— Гэта ж возера — цуд. Першае месца займае па хараству.
— Можа, і прыеду, — сказаў я няпэўна.
— А чаго? Малады, жаніцца трэба. А ў мяне глядзі — і нявеста гатовая. Тоська мая якраз упару...
Я ведаў і пра ягоную Тоську. Мядзьведзеў быў удвая старэйшы за мяне, меў дарослую дачку і сына-кулямётчыка, што загінуў пад Сталінградам. Засталася адна дачка, во ён і стараўся годна ўладкаваць яе ў жыцьці. Але наўрад ці я гадзіўся ў жаніхі да алтайскіх нявестаў.