Дужа пакутна было пазіраць на гэты разгромны вэрхал, бачыць нерухомыя скрываўленыя целы. За вайну я нямала нагледзеўся на забітых, расшкуматаных снарадамі людзей — сваіх і немцаў. Але то былі мужчыны і салдаты. Тут жа маленькае юнае дзяўчо, маё нечаканае каханьне. Мне патрэбна была дапамога, хоць бы якое душэўнае апірышча. Калі б побач былі сябры ці хоць бы мае хлопцы з узвода. Але іх не было, а што я мог адзін? Ісьці на дарогу, дзе сноўдалі аўтамабілі невядомых вайсковых частак, прасіць афіцэраў — хто зь іх зразумеў бы мяне?
Што-небудзь тлумачыць я ня меў сілы. Ды і каму тут справа да гэтай трагедыі ў багатым катэджы? З гэтымі аўстрыякамі ды іхнай служанкай? Мясцовыя ўлады? Дзе мне шукаць іх? Ды і ці ёсьць яны тут, у гэтым разьбітым, учора яшчэ франтавым гарадку? Мабыць, тут панавала бязладзьдзе, і гэтая трагедыя — найперш вынік менавіта таго бязладзьдзя.
Можа, трэба было ехаць у полк? Але полк быў далёка, і я ня мог кінуць тут Франю ды і гэтых няшчасных яе старых. Мабыць, трэба было даць ім якое рады. Апошняй на гэтай зямлі.
Ня ведаючы яшчэ пэўна, па што, я пабрыў у гарадок. Не па той зруйнаванай вуліцы, зь якой прыехаў сюды — пайшоў перавулкамі па-над рэчкай. Тут пашкоджаных дамоў трапляла менш, некаторыя былі з глуха зачыненымі аканіцамі і выглядалі пакінутымі. Дзе-нідзе ў гародчыках, ля ганкаў чырванелі вясновыя кветкі і зацьвітаў бэз. За адным кустом ля фахвэркавай сьцяны я згледзеў чалавека. То быў немалады аўстрыяк у капелюшы, ён падмятаў закіданы друзам падворак і зьдзіўлена знерухомеў зь мятлой у руках.
— Паслухайце, там у катэджы забітыя...
— Ніхтс фарштэйн, — выслухаўшы, крутнуў галавой аўстрыяк.
— Ну забітыя, разумееце? Морд!
— Морд?
— Ну, морд. Там, у катэджы...
— Найн, найн! — апантана закруціў галавой аўстрыяк. — Іх цывіль, нейтраль мэнш. Найн...
Не разьвітваючыся, я скіраваў далей. Чорт бы яго ўзяў, гэтага нейтральнага мэнша. Ці ён зразумеў мяне, ці не захацеў зразумець. Я перайшоў на другі бок кароценькай ускраіннай вулічкі. Якраз на рагу за невысокай цаглянай агароджай размаўлялі дзьве кабеты, і я паклікаў іх з вуліцы. Сьпярша да агароджы падыйшла старэйшая, дзябёлая кабета ў фартуху, затым да яе засьцярожліва наблізілася маладзейшая — худая і кашчавая, у мужчынскім убраньні і штанах.
— Прашу прабачыць фраў. Там — морд, разумееце? Трэба памагчы. Доктар Шарф унд фраў. Шарф унд фраў.
— Доктар Шарф! — жахнуліся кабеты. — Морд?
— Ну. Забітыя. I дзяўчына, фройлен.
Яны штось хуценька загаварылі між сабой, а я каторы раз за вайну пашкадаваў, што колісь абыякава паставіўся да нямецкай мовы. Шчыраваў у іншых школьных прадметах, а ў тым, які найбольш спатрэбіўся б на вайне, ня надта. Я стаяў і маўчаў.
— Гэр афіцыр, — кірхэ! Кірхэ, фарштэйн? — пачалі абедзьве паказваць за рог дамоўкі.
Так, я пачаў здагадвацца, што трэба ў кірху, пазелянелы шпіль якой тырчэў між уцалелых дахаў дзесь на краі гарадка. Дзіўна, што ён ацалеў у нядаўняй калатнечы, хіба яго засьцярог Бог. Яшчэ ня верачы, што там мне дапамогуць, я пабрыў туды па гарадзкіх перавулках і сапраўды праз трохі часу выйшаў да каменнай агароджы-сьцяны. Далей высіліся старыя дрэвы і за вастраверхай брамкай відаць стаў шырокі ўваход у кірху. Была яна ня дужа вялікай, даволі змрочная з выгляду і старая. Я нясьмела ўвайшоў у сярэдзіну, дзе панаваў паўзмрок і прахалода, але далей, відаць было, гарэлі сьвечкі і чуўся ціхі, напаўголаса, сьпеў. Ступіўшы з-за калёны-слупа яшчэ некалькі крокаў, я ўбачыў купку людзей, што тоўпіліся перад адкрытымі трунамі; за імі з малітоўнікам у руках стаяў сьвятар. Тут адпявалі нябожчыкаў, цывільных ці вайскоўцаў, я не разгледзеў. Мабыць, заўважыўшы мяне, аднекуль збоку зьявіўся чалавек у чорным, недаўменна прыпыніўся насупраць.
— Сьвяты айцец, — дрыготкім голасам сказаў я. — Там морд, доктар Шарф...
— Доктар Шарф? — паўтарыў сьвятар роўным, як здалося, абыякавым голасам. — Морд?
— Морд, — сказаў я. — Фраў і дзяўчына, фройлен.
— Фройлен? Драй морд?
— Драй морд.
Кароткім рухам двух пальцаў сьвятар звыкла азначыў крыж на грудзях і нешта патлумачыў мне, хоць я й не зразумеў, што менавіта. Спакваля здагадаўся, што, мабыць, трэба пачакаць. Тады я выйшаў з гнятлівага паўзмроку кірхі на заценены дрэвамі падворак. Чакаць? Сапраўды так. Бо, мусіць жа, ім трэба аб чымсьці дазнацца, а мне штось растлумачыць. Тут жа злачынства — забойства і рабаўніцтва. Хоць сьвятары, вядома, ня сьледчыя. Але ж...