Сёння ў беларускай гістарыяграфіі імя Міколы Шкялёнка зусім не ўспамінаецца. Але ніхто і ніколі не зможа выкрасліць Міколу Шкялёнка з гісторыі нашай Бацькаўшчыны, якую ён адкрываў дзеля сваіх нашчадкаў, за волю якой змагаўся і аддаў сваё жыццё.
Беларускі юрыст, гісторык, публіцыст, культурны і палітычны дзеяч Мікола Шкялёнак нарадзіўся ў 1899 годзе ў вёсцы Пякоціна Міёрскага раёна Віцебскай вобласці. Бацька яго Восіп і маці Аляксандра мелі каля трыццаці гектараў прыватнай зямлі, трымалі двое коней, сем кароў, авечак, свіней. Уласнымі сіламі ўсё гэта даглядзець яны не маглі, таму наймалі парабкаў.
У іх сям’і, акрамя Міколы, было яшчэ двое сыноў – Пётр (1902-1977) і Павел (1903-1928?). Але добрую адукацыю Восіп і Аляксандра Шкялёнкі змаглі даць толькі старэйшаму сыну Міколу.
У 1932 годзе ён скончыў юрыдычны факультэт Віленскага універсітэта па спецыяльнасці адвакат. У час вучобы прымаў актыўны ўдзел у беларускім маладзёжным руху. Ён з’яўляўся сябрам Беларускага студэнцкага саюза(БСС), які існаваў пры Віленскім універсітэце. А 26 кастрычніка 1926 на агульным сходзе БСС яго выбіраюць старшынёю, а таксама прызначаюць рэдактарам “Студэнцкай думкі” – перыядычнага органа Беларускага студэнцкага руху.
На пачатку 1930-х гадоў Мікола Шкялёнак працуе адвакатам у Вільні, з’яўляецца сябрам Беларускага навуковага таварыства(БНТ). А 12 лютага 1939 года яго выбіраюць сакратаром таварыства. Гісторык актыўна выступае з рэфератамі, прысвечанымі мінуўшчыне Беларусі. Чытае лекцыі сярод актывістаў Беларускага студэнцкага “Таварыства прыяцеляў Беларусаведы”, з’яўляецца сябрам рэдкалегіі часопіса “Калосьсе”. Друкуе свае гістарычныя артыкулы ў “Запісах Беларускага Навуковага Таварыства”, у некаторых заходнебеларускіх часопісах. У гэты час з-пад пяра таленавітага гісторыка выходзяць яго выдатныя працы: “У трохсотыя ўгодкі смерці Вялікага канцлера Льва Сапегі”(1933), “Копныя суды”(1932), “Падзел гісторыі Беларусі на перыёды”(1938), “Культурнае рабства”(1939) і іншыя. Тагачасныя беларускія крытыкі даволі станоўча ацэньвалі яго гістарычныя артыкулы і выступленні. Так, напрыклад, Сяргей Паўловіч у другім нумары часопіса “Беларускі летапіс” за 1938 год пісаў: “Асаблівую ўвагу заслугоўвае артыкул гр.М.Шкялёнка: “Падзел гісторыі Беларусі на пэрыёды”. Дасюль у гісторыі Беларусі адзначалі такіе пэрыёды: полацкі, літоўска-беларускі, польскі і расейскі, ня лічучы апошняга 20-годзьдзя. Гр. Шкялёнак паддае крытыцы гэты падзел і, выходзячы з пагляду, што падставай для падзелу на пэрыёды павінны быць ня вонкавыя “пераломныя” моманты ў палітычнай сувязі ці прыналежнасьці да таго ці іншага гаспадарства, а глыбейшыя перамены ў суцэльнасці палітычнага, соцыяльнага і культурнага жыцьця народу, прапануе падзяліць гісторыю Беларусі на наступныя тры пэрыёды: 1). Пэрыёд асобных гаспадарстваў ад IX да паловы ХIII ст., 2). Пэрыёд суцэльнае гаспадарсьцьвеннасьці ад паловы ХIII да канца ХVII ст. і да апошняга часу. З гэтых, першыя два пэрыёды абыймаюць Беларусь незалежную, з тэй розьніцай, што ў першым пэрыёдзе незалежнасьць беларускага народу існавала пры нястачы суцэльнага гаспадарства.
Такая трактоўка пытаньня зьяўляецца новай і арыгінальнай у беларускай гістарычнай навуцы, і работа гр. Шкялёнка павінна легчы ў выснову далейшых студыяў нашых гісторыкаў...”.
Акрамя культурна-асветніцкай дзейнасці, Мікола Шкялёнак актыўна займаўся і палітыкай. Дзесьці ў 30-х гадах ён служыць у Польскім Войску. Праўда, пра гэта нідзе не згадваецца, акрамя што ва ўспамінах Юліяны Вітан-Дубейкаўскай: “У нашай хаце на Падгорнай (маецца на ўвазе ў Вільні — С.Ч.) знайшлі прыпынак і мая сям’я (братавая з дачкой і ўнучкай), і добрыя прыяцелі. Мілым госцем быў прафесар Вацлаў Іваноўскі, як і праўнік Мікола Шкялёнак, які вярнуўся з войска ў Вільню, але ня мог жыць у сваёй жонкі, бо там яго ўжо шукалі, гэтак ён хаваўся ў нас. Ягоная жонка, зь якой я была ў вялікай прыязьні, яго наведвала. Потым ён уцёк у Нямеччыну” (Ю. Вітан-Дубейкаўская. Мае ўспаміны. Вільня. 1994. С.19).
Але перш чым уцячы ў Германію, Мікола Шкялёнак у 1936 годзе далучаецца ў Вільні да ксяндза Вінцэся Гадлеўскага і становіцца адным з заснавальнікаў групы “Беларускі нацыянальны фронт”. Ён уваходзіць у штат рэдакцыі “Беларускі фронт” (з мая 1936 года газета выходзіла адзін раз у месяц, а з 1939 года — два разы ў месяц).
Сябры групы “Беларускі нацыянальны фронт” (БНФ) стаялі на аснове незалежнасці Беларусі, выступалі супраць антыбеларускай дзейнасці камуністаў, з’яўляліся ініцыятарамі стварэння шырокага незалежніцкага фронту. Але адчуваючы, што хутка бальшавікі забяруць Вільню, ксёндз Вінцэсь Гадлеўскі прапануе сябрам незалежніцкай групы план адыходу ў Варшаву, каб там стварыць новы незалежніцкі цэнтр. І 15 чэрвеня 1940 года Вінцэсь Гадлеўскі і Мікола Шкялёнак нелегальна пераходзяць мяжу ў розных месцах. Праз пэўны час яны сустракаюца ў Варшаве. Праўда, некаторыя прадстаўнікі БНФ засталіся ў Заходняй Беларусі, каб ва ўмовах савецкай акупацыі арганізоўваць і пашыраць вызваленча-незалежны рух.