У Варшаве сябры групы “БНФ” адразу ўзяліся за працу, за арганізацыю новага цэнтра, каб ахапіць сваёй дзейнасцю некаторыя краіны Еўропы. Мікола Шкялёнак накіроўваецца ў Берлін. Прыехаўшы ў гэты горад, ён пачынае актыўную палітычную дзейнасць. Найперш працуе ў беларускай газеце “Раніца”, а з сакавіка 1942 года яго выбіраюць галоўным рэдактарам гэтай газеты. У “Раніцы” Мікола Шкялёнак друкуе свае гістарычныя артыкулы “Да метадалогіі гісторыі Беларусі”, “Тэрыторыя і дагістарычныя насельнікі Беларусі”, “Перыядызацыя гісторыі Беларусі”, “Беларусь — Літва — Крыўя” і іншыя. Ён арганізоўвае ў Берліне Беларускі камітэт самапомачы ў Нямеччыне, становіцца яго першым старшынёй.
У лютым 1943 года Мікола Шкялёнак прыязджае ў Мінск, дзе рэдагуе бюлетэнь “Беларуская карэспандэнцыя”. А пасля забойства галоўнага рэдактара “Беларускай газэты” Уладзіслава Казлоўскага, становіцца яе рэдактарам. Аб гэтым добра ўспамінае Наталля Арсеннева ў сваім “Аўтабіяграфічным нарысе”, які быў змешчаны ў кнізе “Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі” (Нью-Ёрк, 1999 г., с. 250-251): “Прыйшоўшы дахаты, я сказала аб гэтым (аб забойстве Уладзіслава Казлоўскага — С.Ч.) Шкялёнку (ён пэўны час тады жыў у сям’і Наталлі Арсенневай і Францішка Кушаля — С.Ч.), які таксама ў гэты дзень раней вярнуўся з працы, і папрасіла яго дапамагчы мне выдаць наступны нумар, тым болей, што шмат матэрыялаў я мела ў сябе, а пераклады можна было заўсёды зрабіць зь нямецкіх газэтаў, якія таксама былі ў хаце. Шкялёнак, вылаяўшыся па адрасам некаторых нашых мужчынаў з рэдакцыі, прызнаў мне рацыю, і, павячэраўшы, мы селі за працу. Працавалі мы да трэцяй гадзіны ночы, але газэту зрабілі.
Назаўтра ўвесь матар’ял быў перабіты на машынцы, і сын мой, які таксама працаваў у нашай рэдакцыі, завёз яго ў друкарню на Камароўку. У сераду газэта выйшла, як заўсёды. Трэці паверх нашае рэдакцыі быў замкнёны. Працавала толькі адміністрацыя і экспедыцыя ўнізе. Я й Шкялёнак перанесьліся ў Камісарыят, дзе было бясьпечна й можна было спакойна працаваць. І так неяк само склалася ад гэтага часу, што рэдактарам газэты стаўся Шкялёнак, а “падрэдактарам” — я”.
Але Мікола Шкялёнак больш за ўсё быў заняты не рэдагаваннем “Беларускай газэты”, а палітычнымі справамі. У створанай у Мінску Беларускай Цэнтральнай Рады (БЦР), ён займеў пасаду першага віцэ-прэзідэнта. “Як толькі была аформлена БЦР, — успамінае Яўхім Кіпель у сваёй кнізе “Эпізоды” (Нью-Ёрк, 1998), — прыкладна ў студзені 1944 году, я, памятаю, гутарыў са Шкялёнкам.
— Мікола, што ж будзем рабіць далей? Рада назначаная, але нашае становішча невыразнае, нешта трэба рыхтаваць далей.
На гэта Шкялёнак адказаў прыблізна так:
— Трэба склікаць Народны Сход, трэба выстаўляць прынцып незалежнасьці.
Праз пару тыдняў мы зноў сабраліся, гэтым разам да нас далучыліся Ю. Сабалеўскі ды Ф. Кушаль. Сабалеўскі сказаў, што і Астроўскі думае пра сход, а Кушаль проста гаварыў: мы павінны мець зусім незалежнае ад немцаў камандаваньне, бо яны стрымліваюць нашу працу. Прыблізна да канца студзеня 1944 году ідэя Другога Ўсебеларускага Кангрэсу (менавіта так мы вырашылі назваць сход), абнародаваньня БЦР у вузкім коле беларускіх актывістаў Менску была сфармуляваная. Праўда, Астроўскі мне і Шкялёнку неяк зазначыў: трэба быць асьцярожнымі, бо немцам на нас паступілі даносы, што мы ў змове. Ясна, гэта былі правакацыі, але ў тым часе немцы, церпячы паразы на фронце, былі вельмі насьцярожаныя і пастраляць змоўцаў ім нічога ня значыла. Дзеля гэтага мы пачалі весьці абмеркаванне нашых планаў толькі ў прыватных памяшканьнях”.
Другі Ўсебеларускі Кангрэс адбыўся ў Мінску 27 чэрвеня 1944 года. З асноўным дакладам, які называўся “Аб прызнаньні за няважныя пастановы ўраду СССР і былой Польшчы, якія датычацца Беларусі, яе тэрыторыі і народу” выступіў Мікола Шкялёнак. Ён, у прыватнасці, сказаў, што “усе пастановы і трактаты ўрадаў СССР і былой Польскай дзяржавы адносна Беларусі і ейнага народу рабіліся бяз удзелу прадстаўнікоў беларускага народу і былі накіданыя Беларусі гвалтам чужынцоў. Беларускі народ ніколі не ўважаў іх за акты права, але за акты чужацкага паняволеньня. У сучаснасьці вайна зьмяла з Беларусі ранейшыя польскія і бальшавіцкія дзяржаўныя парадкі і дала магчымасьць стварэньня новага ладу, пры якім беларускі народ хоча быць суб’ектам права. Аднак як урад СССР, так і польскі эміграцыйны ўрад у Лёндане імкнуцца зьвярнуць сваё ранейшае панаваньне на Беларусі, паклікаючыся на свае ранейшыя дагаворы. Таму Другі Ўсебеларускі Кангрэс павінен на ўвесь сьвет заявіць аб сапраўдных жаданьнях і волі беларускага народу.