Выбрать главу

Крыніцамі расейска-польскіх прэтэнзіяў да Беларусі ёсьць звычайнае захопніцтва і гвалты. А вынікам іхняга панаваньня на Беларусі зьяўляюцца нязьлічоныя шкоды для беларускага народу ў палітычнай, культурнай і гаспадарчай галінах. Разгром Беларускай Народнай Рэспублікі, падзел Беларусі паміж Савецкай Расеяй і Польшчай трактатам у Рызе 1921 годзе былі актамі супольнага гвалту расейскіх пралетараў і польскіх паноў. Такім самым гвалтам была акупацыя Заходняй Беларусі савецкімі арміямі ў 1939 годзе. Цынічнае санкцыянаваньне гэтага гвалту праз галасаваньне бязвольнага Народнага Сабраньня ў Беластоку ня можа зьмяніць сутнасці насільля. Мы адкідаем назаўсёды усе ланцугі чужацкай няволі і адмаўляем ім у праве дзеіць ад імя беларускага народу…” (Язэп Найдзюк, Іван Касяк. Беларусь учора і сёньня. Мн., 1993. С. 327) Скасаванне савецкіх і польскіх трактатаў адносна Беларусі — такая была галоўная думка выступлення Міколы Шкялёнка на Кангрэсе.

Праз некалкі дзён пасля Кангрэса беларускі палітык пакідае Мінск і вяртаецца ў Берлін. Ён па-ранейшаму ўваходзіць у палітычнае кіраўніцтва БЦР, ажыццяўляе сувязі з прадстаўнікамі Беларускай Незалежніцкай Партыі, найперш з маладым Усеваладам Родзькам і яго сябрамі.

У Берліне Мікола Шкялёнак плануе перайсці на бок англа-амерыканскіх войск, але перадумаўшы, вясною 1945 года, ён з невялікаю групаю перабіраецца на тэрыторыю Польшчы, каб адтуль пасля вярнуцца ў Беларусь. Але планам яго збыцца, на вялікі жаль, не ўдалося. Па ўказцы аднаго з правакатараў, Міколу Шкялёнка высачылі органы НКУС і арыштавалі. Пасля арышту яго прывезлі ў Мінск, дзе ў 1946 годзе прыгаварылі да вышэйшай меры пакарання...

Гэта няпоўны жыццяпіс славутага беларускага гісторыка і палітыка Міколы Шкялёнка. Многія факты з яго біяграфіі і творы знаходзяцца яшчэ за “сямю пячацямі”. Тым не менш, сабраная па крупінцы першая згадка пра яго і вязанка лепшых гістарычных артыкулаў і выступленняў Міколы Шкялёнка ўпершыню пабачылі свет у Беластоку ў 1999 годзе. Кніга называецца “Беларусь і суседзі”. Яна і з’яўляецца сёння данінай светлай памяці гэтаму чалавеку.

1999 г.

Прэзідэнт з Дабрасельцаў

Да сённяшніх дзён у вёсцы Дабрасельцы Зэльвенскага раёна пражывае шмат сем’яў з прозвішчам Захарка. І ўсе яны з’яўляюцца далёкімі і блізкімі сваякамі Васіля Захаркі — актыўнага палітычнага дзеяча ў перыяд станаўлення беларускай дзяржаўнасці, прэзідэнта Беларускай Народнай Рэспублікі.

Васіль Захарка нарадзіўся 1 красавіка 1877 года. Маладыя гады былі вельмі цяжкімі. Хлопец хацеў вучыцца, а грошай не хапала, бо бацькі-сяляне былі бедныя. Калі юнаку споўнілася шаснаццаць гадоў, памерлі маці і бацька. Васіль Захарка застаўся круглым сіратою, маючы пад сваёй апекаю сястру і двух братоў. Летам ён вёў гаспадарку, а зімою спрабаваў вучыцца.

У 1895 годзе хлопец з Дабрасельцаў вытрымаў экзамены на настаўніка царкоўнапрыходскай школы і нават атрымаў працу. Але тады ў гэтых школах настаўнікам плацілі вельмі мала, таму праз два гады Васіль звальняецца з працы і ўладкоўваецца пісарам.

У сярэдзіне кастрычніка 1898 года Васіля Захарку забіраюць на вайсковую службу. Чатыры гады ён вучыцца ў ваенна-юнкерскім вучылішчы, а пасля звальняецца як афіцэр запасу. А з выбухам руска-японскай вайны, яго зноў забіраюць на вайсковую службу.

За час службы вайсковец з Зэльвеншчыны набраўся добрага вопыту. У 1906 годзе ён быў справаводам брыгады, у 1914 годзе — памочнікам начальніка аправізацыі арміі Паўночна-заходняга фронту, у 1916 годзе — загадчыкам канцылярыі штабу 10-й арміі. А з красавіка 1917 года — намеснікам старшыні ваеннага суда штаба 10-й арміі.

У канцы кастрычніка 1917 года Васіль Захарка вяртаецца ў Менск і прымае актыўны ўдзел у арганізацыі з’езда беларускіх вайскоўцаў Заходняга фронту, а пасля становіцца сакратаром Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Рады.

У снежні 1917 года ў Менску адбыўся Першы Усебеларускі Кангрэс, дзе спадар Захарка быў абраны сябрам Рады. Калі Кангрэс пачалі разганяць бальшавікі, ён трапляе ў палон. Уцёкшы з палону, Васіль Захарка пачынае разам са сваім сябрам Кастусём Езавітавым арганізоўваць збройнае паўстанне супраць бальшавікоў. 19 лютага 1918 года Менск быў ачышчаны і ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі выйшаў з падполля…