Сп-ня Абрамчык усякімі спосабамі адцягвала перадачу Архіву. Сябры камісіі былі змушаныя ехаць у Парыж некалькі разоў, аж нарэшце сп-ня Абрамчык заявіла, што Архіву Рады БНР яна нікому не перадасьць. Яшчэ зрабіў адну спробу сп. М.Нікан з Аўстраліі.У жніўні 1973 года паехаў у Парыж спэцыяльна, каб пераканаць сп-ню Абрамчык перадаць архівы, бо гэта агульная беларуская маёмасьць, а не персанальна інж. Абрамчыка, якую яна пераняла ў спадку. Яна сп.Нікана не прыняла ў хату. Ён толькі пагутарыў з сынам Альгэрдам на ганку.
І вось такім чынам Беларускі Дзяржаўны Архіў, няведама ў якіх ён апыніцца руках. Ведама ўсім, што ворагі беларускае незалежнасьці і дзяржаўнасьці заплоцяць усякую суму грошай, каб заўладаць гэтымі дарагімі беларускаму народу дакумэнтамі, каб пазбавіць беларусаў гістарычнае дакумэнтацыі Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі й змаганьня за ажыцьцяўленьне ідэалаў 25 Сакавіка.
Інж. Мікола Абрамчык, які пратэндаваў на Прэзыдэнта БНР, ня меў ніякіх якасьцяў дзяржаўнага мужа, гэта пацьвярджае ягоная прымітыўная дзейнасьць на эміграцыі і сам факт не забеспячэньня перадачы Дзяржаўнага Архіву ў рукі грамадзтва, які ён у свой час атрымаў ад свайго папярэдніка сьв. пам. Старшыні Рады БНР Васіля Захаркі” (Кастусь Мярляк. Беларускія бібліятэкі і архівы на эміграцыі//Беларускі голас.1974. № 225, верасень).
Па архіў БНР да Ніны Абрамчык у свой час звярталіся і спадары Рагуля, Войтанка і іншыя. Але жанчына нікога не падпускала і блізка. Дарэчы, недзе ў 60-х гадах амерыканскі дзеяч Далін хацеў архіў БНР выкупіць для Калумбійскага універсітэта. Але таксама нічога не атрымалася. А ў апошні час мне давялося чуць, што пражскі архіў БНР знаходзіцца ў адным з храмаў Францыі.
І ўсё ж верыцца, што архіў Беларускай Народнай Рэспублікі некалі вернецца на Беларусь, а былому прэзідэнту БНР Васілю Захарку будуць устаноўлены помнікі ў Зэльве і ў яго роднай вёсцы Дабрасельцы. Ён варты гэтага.
1993 г.
Генерал ад… краязнаўства
Археолаг. Краязнавец. Гісторык. Філосаф. Вынаходнік. Заснавальнік аднаго са старэйшых у Беларусі Слонімскага раённага краязнаўчага музея. Гэта наш зямляк Язэп Стаброўскі, які заслугоўвае на зямлі слонімскай шчырай павагі і памяці. Памятаць жа пра тых, хто шмат добрага і карыснага зарабіў для сваіх людзей, сёння мы развучыліся. А Язэп Стаброўскі сёння дастойны, каб пра яго ведалі нашчадкі і ў першую чаргу яго землякі.
Язэп Стаброўскі нарадзіўся 2 лістапада 1870 года ў Слоніме. У сямейным альбоме, які захоўваецца ў дачкі Іосіфа Стаброўскага — Дзіляры Стаброўскай, ёсць цікавы і каштоўны здымак яго дзеда. Пад фатаграфіяй у альбоме напісана: "Вікенці сын Мацея Стаброўскі, рэгент земскі, гаспадар маёнтка "Кулікі". Памёр у 1868 годзе. Пахаваны ў пабудаванай за яго сродкі ўніяцкай царкве ў Мілавідах.
Бацька Язэпа Стаброўскага — Іосіф удзельнічаў у венгерскай, турэцкай і севастопальскай войнах. Штабс-капітан Мурамскага палка Іосіф Вікенцьевіч Стаброўскі быў паранены падчас бітвы пад Севастопалем і звольнены са службы па раненні ў 1859 годзе. Пахаваны ў вёсцы Орлавічы на Слонімшчыне.
Маці Язэпа Стаброўскага — Людвіка была родам з князёў Масальскіх. Памерла ў 1902 годзе, пахавана побач з мужам у Орлавічах. Дарэчы, бацька Людвікі Стаброўскай — Адольф Масальскі прымаў актыўны ўдзел у паўстанні 1863 года. За гэта Мураўёў-вешальнік саслаў яго ў Нерчынскія руднікі. І родны брат маці — Карл Масальскі таксама ўдзельнічаў у гэтым паўстанні. Ён быў камандзірам аднаго з атрадаў Кастуся Каліноўскага. Яго схапілі, пасадзілі ў клетку і вазілі па вуліцах Слоніма, а пасля расстралялі...
У 1888 годзе Язэп Стаброўскі стаў курсантам Аляксандраўскага ваеннага вучылішча. Тут ён пазнаёміўся з будучым вядомым рускім пісьменнікам Аляксандрам Купрыным. Яны шчыра пасябравалі. А потым, калі Стаброўскі жыў на Слонімшчыне, доўга перапісваліся. Наш зямляк запрашаў яго ў госці ў вёску Орлавічы. Але, на жаль, Купрын на Слонімшчыне так і не пабываў. Адзначу, што Язэп Стаброўскі перапісваўся і з Львом Талстым. А ў час ганення Льва Талстога расійскім урадам ён напісаў яму шчырае пісьмо ў знак падтрымкі пісьменніка. У палку, дзе служыў Стаброўскі, гэтым учынкам былі ўсе здзіўлены.
У сваёй аўтабіяграфіі Язэп Стаброўскі пісаў: "У бытнасць на вайсковай службе ў 81 пяхотным Апшэронскім палку з 1891 да 1895 года загадваў палкавой швальняй. З'яўляўся палкавым інструктарам па сапёрнай справе. Па даручэнні шэфа Апшэронскага палка вялікага князя Георгія Міхайлавіча рабіў фатаграфічныя здымкі месц Дагестана, дзе Апшэронскі полк вёў баі з Шамілём, — для гісторыі палка. За гэтую працу атрымаў ад князя падарунак: гісторыю палка з уласнаручным подпісам. Пераведзены ў артылерыю з 1895 года. Шмат гадоў з'яўляўся справаводам, а пасля загадчыкам гаспадаркі батарэі і палка. Загадваў афіцэрскім сходам і бібліятэкай. З'яўляўся сябрам, а затым старшынёй брыгаднага суда і сябрам суда таварыства афіцэраў. Удзельнічаў у дзвюх палявых паездках 1910 года, якія мелі задачай рэкагнасцыроўку ўчасткаў рэк віслы і Варты з мэтай знішчэння крэпасцей Варшавы і Брэста, неабходнасць чаго пацвердзілася ў вайне 1914 года — абедзве гэтыя крэпасці былі здадзены без бою...".