Як дарэчы ў кніжцы і прыгадка тых 10 скрыняў, што, як сведчыць пагудка-паданне, былі ў надзейным месцы закапаныя (на зямлі Хлябцэвічаў, на Беласточчыне) з незвычайна каштоўнымі рукапісамі беларускіх пісьменнікаў... Але, на жаль, адшукаць тыя скрыні не ўдаецца. Добра, што да заўзятараў далучыўся яшчэ адзін праніклівы шукальнік (яго пошукавы плён ужо могуць засведчыць дзве выдадзеныя ў Беластоку кніжкі — “Вяртанне да сваіх” і “Беларусь і суседзі”) — наш Сяргей Чыгрын, які выдатна адчувае каштоўнасць многіх скарбаў, ведае месцы іх прыхавання. Ёсць у яго свая метода “раскопкі” пластоў беларускай мінуўшчыны. Сваё пакліканне. Свае нястомнасць і мужнасць.
Мікола АРОЧКА, доктар філалагічных навук
Вязень Нарыма
Ужо многа гадоў шукаю сляды таленавітага беларускага паэта, драматурга, празаіка і публіцыста Тодара Лебяды (Пятра Фёдаравіча Шырокава). Шмат звестак і твораў знойдзена, сёе-тое апублікавана. Тодар Лебяда ўпершыню ў беларускай літаратуры смела і адкрыта паказаў жахі сталінскага тэрору, знішчэнне беларускай нацыі. Імя літаратара на працягу некалькі дзесяткаў гадоў было забыта і выкраслена з гісторыі беларускай літаратуры. Але час вяртае таленты з небыцця. Вяртаецца паціху і творчасць Тодара Лебяды.
Ён любіў Беларусь, любіў свой родны горад Віцебск, якому прысвяціў безліч паэтычных радкоў. А гэтыя ён напісаў у 1960 годзе і надрукаваў у слонімскай раённай газеце “Вольная праца”:
Размова ідзе пра Віцебск, дзе 6 студзеня 1914 года нарадзіўся Пятро Шырокаў. Рана застаўся без бацькі, выхаваннем сына займалася маці Настасся Карпаўна Паедава.
Пасля Віцебскай сямігодкі Пятрок Шырокаў паступае ў рамеснае вучылішча чыгуначнікаў. Яшчэ ў школе пачынае пісаць вершы, а ўжо ў вучылішчы цвёрда вырашае займацца літаратурай. У 1933 годзе паступае ў Мінскі педагагічны інстытут. Яго нарысы і вершы друкуюцца ў газетах “Віцебскі рабочы”, “Савецкая Беларусь” і “Піянер Беларусі”. У інстытуце ён знаёміцца і сябруе з Уладзімірам Клішэвічам, Масеем Сяднёвым, Якубам Ермаловічам, Міколам Гваздовым і іншымі аўтарамі-пачаткоўцамі. Тут ён знаёміцца і з яўрэйкаю Басяй Цыпінай, якая была на сем гадоў старэйшая за яго. Цяжкія матэрыяльныя ўмовы вымушаюць Пятра Шырокава быць бліжэй да гэтай багатай мінчанкі-аднакурсніцы. Але, мабыць, гэта яна ўмела прывабіла беларускага рахманага хлопца. Пра гэта добра напісаў у сваім рамане “Раман Корзюк” (Нью-Ёрк-Мюнхен, 1985) Масей Сяднёў: “... Скончылася лекцыя Піятуховіча, і студэнты высыпалі на перапынак на алідор... Пятрок Шыракоў з Цыпінай і з некаторымі іншымі студэнтамі заставаліся ў аўдыторыі, на калідор не выходзілі. Цыпіна карміла Шыракова бутэрбродамі, якія яна прыносіла з дому і якімі яна спадзявалася ўтрымаць пры сабе галоднага Шыракова. Шыракоў напачатку адмаўляўся ад пачастунку, але Бася ўмела яго ўгаварыць, і Пятрок згаджаўся, вымаў з кішэні сьцізорык і гаварыў:
— Ну, калі ты ўжо гэтак просіш, адрэжу ад цябе на капейку!
Потым Пятрок пачаў адразаць і на рубель. Нарэшце, Пятрок сьцізорыка ўжо не вымаў, а браў Басіны бутэрброды цалком... Гэтак вось і цяпер, зьеўшы бутэрброд, ён выцягнуў за руку з-за стала Басю і закружыўся з ёй у вальсе каля прафэсарскай кафэдры. Вальс ён граў сам сабе на губах. Трымаючы Басю шчыльна, але настолькі, каб можна было сваім корпусам адкінуцца назад, Пятрок кружыў Басю да шаламлівасьці, і яна, быццам у вялікай жарсьці, клала яму сваю галаву на плячо, заглядаючыся ў ягоныя вочы знарок спакусьліва і міргліва. Потым ініцыятыву забірала Цыпіна, пачынала знарок круціць Петрака налева, ведаючы, што ён умее танцаваць толькі ў адзін бок. Гэта называлася вальсам Цыпінай. Прысутныя сьмяяліся і білі ім у ладкі...”.
У 1936 годзе, хоць шлюб і не быў зарэгістраваны, Бася Цыпіна нарадзіла ад Пятра Шырокава дачку Алесю, якую ў пасведчанні аб нараджэнні так і запісала: Шырокава Аляксандра Пятроўна, 1936 года нараджэння... Але ў гэты час бацькі Алесі, на жаль, побач ужо не было. Яго і яшчэ адзінаццаць студэнтаў інстытута абвінавацілі ў “буржуазным нацыяналізме”. Таму цягнік іх вёз аж у Новасібірскую вобласць. Пятро Шырокаў быў асуджаны на пяць гадоў, Якуб Ермаловіч і Масей Сяднёў на шэсць гадоў і г.д. Шырокаму ўдалося ўладкавацца кавалём у гэтай вобласці, а некаторых яго сяброў закінулі аж на Камчатку на іншыя работы.