Выбрать главу

Набліжаліся Дзяды — памінальны абрад нашых продкаў. І каб неяк выратаваць ад поўнага знішчэння магілы знакамітых Стаброўскіх, невялікая група слонімскіх энтузіястаў завітала ў Орлавічы. Дзякаваць Богу, жыла яшчэ і Кузьмінічна, якая нам падказала, дзе хто ляжыць са Стаброўскіх, дзе які крыж трэба ставіць, расказала нам і пра Язэпа Стаброўскага, які ў свой час перадаў орлавіцкім сялянам у вечнае карыстанне 65 гектараў зямлі...Але ці ў гэтым справа? Ці толькі гэтага заслугоўвае наш знакаміты зямляк?

Тым не менш, у верасні 2002 года, калі Слонім адзначаў сваё 750-годдзе, на будынку музея была ўстаноўлена мемарыяльная дошка (аўтар Леанід Богдан), прысвечаная Язэпу Стаброўскаму — заснавальніку музея. А крыху пазней яго імем назвалі і сам Слонімскі раённы краязнаўчы музей.

2002 г.

Чалавек вялікай працы

Імя яго ў Беларусі незаслужана забыта. Ды й напісана пра яго зусім-зусім мала. Хіба толькі ў кнізе Л. Дробава “Живопись Белоруссии ХІХ — начала ХХ в.в.” (Мн., 1974 г.), дзе сам аўтар адзначае, што в “белорусской искусствоведческой литературе о

К.Стабровском упоминаний нет”.

Казімір Стаброўскі быў стрыечным братам Язэпа Стаброўскага. У свой час ён славіўся сваёй вядомасцю на ўсю Беларусь, Польшчу і Расію як мастак, артыст і педагог.

Нарадзіўся Казімір Стаброўскі ў маёнтку Крупляны на Навагрудчыне ў сям’і вайскоўца. Пасля заканчэння Беластоцкага рэальнага вучылішча паступіў у Пецярбургскую акадэмію мастацтваў. Вучыўся сем гадоў з невялікімі, але частымі перапынкамі. З-за хваробы вачэй прыязджаў дамоў, каб падлячыцца. У апошнія гады вучобы займаўся ў майстэрні Іллі Рэпіна.

Пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў Казімір Стаброўскі працягваў вучобу ў Акадэміі Жуліяна ў Парыжы.

У канцы 1894 года наш зямляк вяртаецца на Навагрудчыну, дзе доўгі час тут жыве і працуе. Як вядомы ўжо і вопытны мастак, ён пачынае ўдзельнічаць у мастацкіх выставах у Пецярбургу, Парыжы, Мюнхене, Венецыі. За карціну “Цішыня вёскі” у 1900 годзе ў Парыжы на міжнароднай выстаўцы Казімір Стаброўскі атрымаў сярэбраны медаль. Яго карціна “Ля раз’езда” была набыта для музея ў Мюнхене, а “Лазенкаўскі парк у Варшаве” — для Венецыянскай нацыянальнай галерэі.

Казімір Стаброўскі марыў адкрыць сваю Школу прыгожых мастацтваў. І яго мара збылася. У 1904 годзе на сродкі, якія былі сабраны за кошт асабістых ахвяраванняў, у Варшаве ён адкрывае Школу прыгожых мастацтваў. На працягу шасці гадоў наш зямляк быў яе дырэктарам і выкладчыкам. Гэтая школа на той час лічылася лепшай навучальнай установай Варшавы. Выкладанне ў ёй вялося на вышэйшым прафесійным узроўні. На еўрапейскіх выставах працы вучняў Казіміра Стаброўскага заўсёды адзначаліся прэміямі. Сярод іх нямала было беларусаў.

У 1912 годзе наш жывапісец і педагог пакідае Варшаву і поўнасцю аддаецца мастацкай творчасці. Ён пачынае падарожнічаць па свеце. Быў у Турцыі, Грэцыі, Егіпце, Іспаніі, Італіі, Швецыі і многіх іншых краінах. З падарожжаў К. Стаброўскі заўсёды прывозіў новыя свае карціны, большасць якіх вылучалася лірычнасцю вобразнага ладу і пяшчотным каларытам.

У гэты час мастак пачынае працу над славутай серыяй з адзінаццаці карцін “Шэсце навальніцы”. Сам Казімір Стаброўскі тлумачыў, што ён ужо тады прадбачыў у сваіх карцінах першую сусветную вайну, якая прынясе шмат гора і бяды на беларускую зямлю.

“Шэсце навальніцы” распадаецца на некалькі карцін, з якіх кожная ўяўляе сабой самастойную “сімфонію ў фарбах”. Уласцівая творчасці Казіміра Стаброўскага прыгожая і змястоўная сімволіка пранікае ў іх і надае характар паэтычных твораў, у якіх змест пераважае над формай. Усяму цыклу, за выключэннем апошняй светлай і радаснай карціны, уласцівы змрочны, з прыцемкам тон, што таксама характэрна для твораў Стаброўскага.

Шэсце навальніцы... Над ціхімі беларускімі палямі сабіраюцца змрочныя хмары. Сонца схавалася, і ў хмарах заклубіліся злавесныя вобразы, і той, каму дадзена гэта бачыць, бачаць у іх злосны пачатак, які прыняў формы дзікіх звяроў і пачвар. А да ўрагану, які нясецца над безабароннай і змрочнай краінай, працягнуліся чыесьці ўчэпістыя кіпцюрастыя лапы... і з гучным карканнем ляцяць прадвеснікі навальніцы і чорныя груганы няшчасця.