Выбрать главу

І вось грымнуў пярун. І на магільных узгорках сталі бясконцымі чародамі маўклівыя крыжы. Цэлы лес крыжоў — Галгофа ўсяго беларускага народа. А ў хмарах зноў паказаліся драпежныя чорныя лапы страшнай пачвары, і маланка асвятляе іх.

Палымнеюць вёскі і гарады Беларусі. Гараць і гінуць у полымі вогненнага патопу скарбніцы народнай творчасці, палацы і хаты. Запалалі помнікі даўніны, запунсавала зарывам неба над старажытным багатым горадам, і паплылі жудасныя цені па вуліцах і завулках. А ў воблаках дыму ўюцца страшныя змеі. Гэта д’ябальствуюць і трыумфуюць злосныя сілы, якія сарваліся з ланцуга пад віхорам вялікай навальніцы.

І наступіць пара, калі над гаротнай краінай, над руінамі і крыжамі, панясуцца пад аблокі душы няшчасных пакутнікаў, а высока ў небе з’явіцца распятая на крыжы Справядлівасць, і цень ад яе крыжа працягнецца па ўсёй краіне. А яна, засмучаная і знявечаная ворагамі, будзе ахінутая гэтым страшным ценем, і, куды ні працягнецца ён, усюды стануць чорнымі спаленыя мястэчкі, гарады і вёскі.

Знявечаны, змораны сам твар беларускай зямлі. Высечаны старыя векавыя лясы. Толькі пні засталіся вакол, ды ўзвышаюцца то тут, то там маўклівыя курганы. Пуста на зямлі. Але затое там, уверсе, пануе таемнае жыццё: зборышча ўкленчаных просіць ратунку ў неба аб выратаванні ад прыгнёту бязлітасных цёмных сіл. І ўзнімаецца благаславёны палец, і цёмныя курганы на апусцелай зямлі прыслухоўваюцца і да малення, і да благаславення.

Узараныя і скапаныя палі пакрыліся снегам. Зямля сцішылася пад дыханнем смерці, і над бязлюднымі мёртвымі раўнінамі пануе цемра ночы і холад зімы. І маркотна ўзвышаюцца тры крыжы — помнікі брацкіх магіл. Але хутка ўжо світанне. У небе пачынаюць мільгацець першыя праменні золака, які іграе барвовым водбліскам на латах і збруі таямнічых вершнікаў. Там, у святлеючай вышыні, над разарванымі навальнічнымі хмарамі, гэтыя крылатыя вершнікі іграюць на чатыры бакі святла абуджальны “гейналь” — песню, якую некалі выконвалі на світанні, каб разбудзіць войска. Над мёртвай, можа быць, толькі заснуўшай краінай хутка прагучыць першы заклік вызвалення. Прачнуцца тыя, хто спаў, уваскрэснуць мёртвыя, і мільёны палымяных віцязяў з крыламі на залатых латах панясуцца на конях у апошнюю бітву з цёмнымі і злымі сіламі. Гімн абуджэння зменіцца грознай рапсодыяй нябачнай бітвы. Злыя сілы будуць пераможаны народам, навальніца пройдзе і над вызваленай і шчаслівай краінай заззяюць вясёлка і светлая брама новага жыцця.

Такое тлумачэнне сваім карцінам даваў сам мастак. Казімір Стаброўскі, відаць, прадбачыў не толькі першую сусветную вайну, але і другую, а таксама чарнобыльскую бяду, якія ператварылі і ператвараюць Беларусь у сапраўдную галгофу беларускага народа.

Усё ж жах і шэсце першай сусветнай вайны мастак добра адчуў на сабе. Яго маёнтак у Круплянах быў разгромлены немцамі, а сам таленавіты жывапісец стаў бежанцам, прыхапіўшы з сабою некалькі дзесяткаў сваіх карцін. Ён прыехаў у Петраград, дзе наладзіў у Таварыстве падтрымкі мастацтваў выставу сваіх прац. Пасля яе заканчэння пераехаў у Маскву. Там у залах мастацкага салона на Вялікай Дзмітраўцы зноў арганізоўвае выставу сваіх карцін, якая зрабіла вялікае ўражанне на мастацкую грамадскасць Масквы. Перадавыя рускія мастакі В. Бяклемішаў, І. Рэпін, В. Матэ і іншыя ўнеслі прапанову на разгляд савета Расійскай акадэміі мастацтваў аб наданні Казіміру Стаброўскаму звання акадэміка жывапісу. Адбылося галасаванне: 16 чалавек прагаласавалі “за”, а 19 — “супраць”. Ды не ў гэтым справа, а справа ў тым, што творчасць нашага земляка ўжо тады мела вялікую сілу і папулярнасць...

Казімір Стаброўскі быў не толькі мастаком, вучоным і педагогам, але і артыстам. Ён меў нават ступень артыста першай катэгорыі, выступаў на сцэнах многіх тэатраў.

Пражыў наш зямляк крыху больш за пяцьдзесят гадоў. Памёр ад інфаркту ў 1929 годзе. Газета “Кур’ер Варшаўскі” 10 чэрвеня 1929 года пісала: “Памёр вядомы чалавек, знакаміты артыст, энтузіяст усяго прыгожага, слынны арганізатар і філосаф Казімір Стаброўскі... Гэта быў чалавек вялікай працы”.

Сапраўды, Казімір Стаброўскі працаваў шмат і пакінуў пасля сябе багатую спадчыну. На жаль, творы яго раскіданы па свеце. Нават цяжка ўявіць, што праз месяц ці праз год, ці праз дзесяць гадоў надарыцца мажлівасць наладзіць на яго радзіме — роднай Беларусі ці Навагрудчыне выставу ягоных карцін. Але верыцца ў гэта. І калі каму пашанцуе пабываць у мастацкіх музеях Польшчы, Германіі, Італіі, Расіі, вы сустрэнецеся з карцінамі нашага славутага земляка Казіміра Стаброўскага. Яны вас прыцягнуць маркотнымі вясковымі краявідамі Беларусі, міфалагічнымі вобразамі, драмай і містыкай.