У 1867 годзе ў Жыровічы да Янкоўскіх з Расіі прыходзіць сумная вестка — памірае іх сын, які там вучыўся. Ад гэтага гора не вытрымлівае сэрца ў жонкі Плакіда і яна хутка таксама памірае. З гэтага часу пісьменнік пакідае пісаць свае творы і нават не ходзіць у царкву. Уцехай яго становяцца кніжкі і агарод пры хаце. А 11 сакавіка 1872 года ў Жыровічах не стае і Плакіда Янкоўскага. Яго пахавалі дзеці і землякі на жыровіцкіх могілках у падзямеллі царквы святога Георгія побач з жонкаю.На сцяне царквы дзеці ўстанавілі мемарыяльную шыльду на рускай мове. Гэтая шыльда зберагаецца да сённяшніх дзён.
Праз год пасля смерці Плакіда Янкоўскага з друку выйшла яго кніга “Фанабэрыя пана старосты Канёўскага”. А ў 1928 годзе слонімскі паэт і краязнавец Валяр’ян Харкевіч у Вільні выдае невялікую кніжачку “Плакід Янкоўскі (Джон Оф Дыкалп): жыццё і творчасць”. Дарэчы, Валяр’ян Харкевіч у Слоніме і Вільні выдаў некалькі гісторыка-краязнаўчых кніг. Гэта “Гібель касцельнай уніі на Літве і Беларусі”(1929 г.), “Zyrowice — lask krynice…” (1930 г.), “Bez steru i busoli” (1929 г.) і іншыя.
Нядаўна сябры з Польшчы прыслалі мне кнігу Плакіда Янкоўскага “Доктар Пантэвуш у пераменах і іншыя творы”. Кніга выйшла ў Варшаве ў 1985 годзе. Яна яшчэ раз нагадала пра нашага малавядомага і забытага земляка.
2004 г.
Час вяртання
Тры трагічныя постаці — Станіслаў Грынкевіч, Франук Грышкевіч і Уладыслаў Казлоўшчык — былі родам з Беласточчыны. Цяжкім і кароткім атрымаўся іх жыццёвы і творчы шлях.
У свой час Заходняя Беларусь мела двух Станіславаў Грынкевічаў. Малодшы Станіслаў Грынкевіч быў шчырым беларусам, памёр на эміграцыі ў Амерыцы. А яго дзядзька Станіслаў Грынкевіч займаўся літаратурай і медыцынай.
Нарадзіўся Станіслаў Грынкевіч (старэйшы) 2 лютага 1902 года ў мястэчку Новы Двор былога Сакольскага павета Гродзенскай губерні. Спачатку вучыўся ў вясковага настаўніка, які яго і рыхтаваў да экзаменаў у гімназію. У 1912 годзе Стась Грынкевіч здаў экзамен і быў залічаны ў Гродзенскую дзяржаўную мужчынскую гімназію.
Калі пачалася першая сусветная вайна, Станіслаў Грынкевіч, разам са сваім стрыечным дзядзькам выехаў у Смаленскую губерню. Там закончыў сем класаў, а праз пэўны час зноў вярнуўся ў родную вёску, дзе пачаў рыхтавацца да паступлення ва універсітэт.
Здаўшы паспяхова экзамены, Станіслаў Грынкевіч паступіў у Віленскі медыцынскі універсітэт. Але па сямейных абставінах закончыў яго ў Познані. Да 1935 года працаваў у медыцынскай клініцы, пасля — у псіхіятрычнай бальніцы ў Харошчы каля Беластока. Працаваў таксама ардынатарам аддзела нервовых хвароб, адначасова вёў лабараторныя доследы і пісаў пра іх працы. Займаўся і перакладчыцкай дзейнасцю: перакладаў на беларускую мову медыцынскія працы з іншых моў, а таксама рэлігійныя творы. У гэты час ён рэгіструе шлюб з лекаркай стаматалогіі, полькай па нацыянальнасці. У сваім шчаслівым жыцці яны мелі двух сыноў і дзвюх дачок. Жонка Ядвіга Грынкевіч, як і яе муж Станіслаў, апрацоўвала лекарскія парады па-беларуску і нават сама пісала артыкулы на медыцынскія тэмы. У Вільні выходзяць іх сумесныя кнігі “Рады хворым і здаровым” (1935 г.), “Алкагалізм” (1938 г.), “Умовы і загады, неабходныя для здароўя” (1939 г.) і іншыя.
У пачатку 1927 года Станіслаў Грынкевіч з сям’ёй пераехаў у Вільню. Тут уладкаваўся на працу ў першую Віленскую паліклініку. Меў свой дом, агарод, сад. Адсюль пісаў артыкулы ў розныя беларускія часопісы. Яны з’яўляліся ў “Студэнцкай думцы”, “Крыніцы”, “Заранцы”, “Калосьсях” і ў іншых выданнях. Ён любіў ездзіць па беларускіх вёсках, сустракацца з людзьмі, якім чытаў папулярныя лекцыі па гігіене, медыцыне і гісторыі. У 1936 годзе Станіслаў Грынкевіч выдаў брашуру “Асьвета”. На жаль, польская паліцыя яе канфіскавала, аўтар адсядзеў два тыдні за кратамі і атрымаў штраф.
У 1937 годзе, пасля падарожжа на Украіну, ён напісаў і выдаў новую брашуру “У братоў украінцаў”. Наогул, доктар медыцыны Станіслаў Грынкевіч пісаў шмат. Адны назвы ягоных артыкулаў гавораць самі за сябе, гавораць аб тым, які гэта быў адукаваны і разумны чалавек. Вось, напрыклад, некалькі назваў ягоных прац: “Аб тэатры” (1927 г.), “Царква. Помста. Вязьніца” (1928 г.), “Капля вады” (1927 г.), “Народ” (1927 г.), “Як лячыць хваробы хатнім спосабам” (1927 г.), “З зацемак аб характары беларусаў” (1935 г.), “Аб праве да бацькаўшчыны” (1936 г.), “Гігіена псіхічная, як праблема асноўных адносінаў да жыцьця” (1937 г.) і іншыя.