Пасля вайны ў 1948 годзе Янка і Ларыса Геніюшы былі незаконна пазбаўлены чэшскага грамадзянства і з Прагі іх вывезлі ў Беларусь. А праз год асуджаны Вярхоўным судом Беларусі на 25 гадоў няволі.
У 1956 годзе Геніюшы былі датэрмінова вызвалены і вярнуліся ў Зэльву, дзе пасяліліся ў хаце бацькоў Янкі па вуліцы Савецкай, 7а. Сам Іван Пятровіч уладкаваўся працаваць доктарам у мясцовай зэльвенскай бальніцы. У іх хаце часта гасцілі Уладзімір Караткевіч, Алег Лойка, Данута Бічэль, Юрка Голуб, Алесь Траяноўскі, Мікола Канаш і многія іншыя пісьменнікі і сябры. Па-рознаму яны адносіліся да Івана Пятровіча, які пасля сталінскіх лагераў ненавідзеў камуністаў і савецкую ўладу, а яшчэ мацней любіў Беларусь і ўсё жыццё марыў аб яе незалежнасці ад Расіі. У 1963 годзе сям’ю Геніюшаў у Зэльве наведалі на новым “масквічы” Уладзімір Калеснік, Янка Брыль і Уладзімір Караткевіч.
Пра сустрэчу ў доме Геніюшаў і асабіста пра Янку Пятровіча Уладзімір Калеснік пакінуў успамін у сваёй кнізе “Усё чалавечае” (Мінск 1993, с. 74-75): “Гэта быў задзірысты інтэлігент, прывыклы да асабістага суверэнітэту пад парасонам чэхаславацкай канстытуцыі, дзе пражыў добрыя два дзесяткі гадоў. Любіў ён дражніцца з субяседнікамі, пазіраючы на іх зверху. Свой арышт пасля вайны і ссылку ў Сібір Іван Пятровіч лічыў гвалтам над асобай, парушэннем грамадзянскіх свабод, а ўласныя палітычныя акцыі, якія і ў Еўропе падлягалі крымінальнай, а не маральнай ацэнцы, таксама называў сваёй асабістаю справай. Ён заяўляў, што Заходняя Беларусь была вызвалена не ў верасні 1939 года, а ў чэрвені 1941-га. Так ён апраўдваў свой удзел у арганізацыі ганебна вядомага звароту беларускай эміграцыі ў Чэхаславакіі да Гітлера, — падзякі за акупацыю Маравіі і Беларусі вермахтам. Не адчуваў Іван Пятровіч і скрухі за тое, што прыехаў у час акупацыі ў Беларусь у афіцэрскім мундзіры вермахта як вайсковы ўрач. Адным словам, мы пераканаліся ў ходзе спрэчак, што наш размоўца прыпісвае сабе тую абсалютную непагрэшнасць, якою касцёл надзяляе папу рымскага ды і то ў моманты, калі той выступае ex katedra, гэта значыць, афіцыйна, урачыста. Іван Пятровіч сам сабе прысвоіў непамыльнасць і на ўсе выпадкі і ва ўсім. Спрачацца з ім было бессэнсоўна, і Брыль першы, а мы за ім, перайшоў да ігнаравання гаспадаровых задзірыстых выпадкаў. Застаўшыся без апанентаў, Іван Пятровіч перайшоў ад палітыкі да паэзіі і выказаў добрую памятлівасць, знаёмства са зборнікамі беларускіх паэтаў, якія купляў ці не ўсе падрад. Ён меў памяць і на імёны, і на хлёсткія словы, на парадоксы, аксюмараны, гіпербалы. Не дзівіўся я пазней, даведаўшыся, што нашпігаванаму палітыкай і лірыкай урачу не ставала часу, а мо нават і ахвоты на медыцыну. Гаворка пра паэзію зняла нашу некантактнасць, да гутаркі падключылася Ларыса Антонаўна, і мы шчыра пагутарылі пра літаратурныя клопаты-спадзяванні. Паэтка аказалася менш ідэалагічна закамплексаванай, чым яе муж...”.
Гэта ўсё ж суб’ектыўная думка Уладзіміра Калесніка пра Янку Геніюша. Ды і не так часта ён з ім сустракаўся, гутарыў, спрачаўся. Больш шчыра пра Янку Геніюша расказаў у пісьме да мяне яго сябра са Жлобіна Мікола Канаш. Спадар Канаш вельмі часта наведваў Геніюшаў у Зэльве. I ўспомніць пра Янку яму было што: “Іван Пятровіч вельмі любіў беларускія кніжкі, сам шмат купляў, а таксама прасіў сяброў з другіх гарадоў. Калі я яшчэ жыў у Комі АССР, пасля лагераў, ён мне ў кніжнай лаўцы ў Зэльве падпісаўся на Беларускую савецкую энцыклапедыю і калі паступалі першыя тамы, дасылаў мне. Ён трымаў заўсёды сабаку, які быў прывязаны на ланцуг і ноччу бегаў ад ганку да хлява па нацягнутым дроце. Вельмі шкадаваў, калі не стала аўчаркі Альмы, якая была першым дэгустатарам цукерак, малочных прадуктаў, якія прыносілі суседзі. Усё гэта і стала прычынай смерці Альмы.
Іван Пятровіч працаваў лекарам у Зэльвенскай раённай паліклініцы, калі вярнуўся з Варкуты ў 1956 годзе. У яго кабінеце вісеў партрэт Францішка Скарыны, таму некаторыя хворыя пыталіся ў яго: “Хто гэта?”. З усімі жыхарамі Зэльвы Янка Геніюш размаўляў толькі па-беларуску. Часам чуў, як хворыя, перш, чым трапіць на прыём да яго, казалі: “3 лекарам гаварэце толькі па-беларуску, бо не дасць асвабаждзення”. Тых, хто казаў яму “здравствуйте”, Янка не чуў, а рабіўся глухім і нічога не казаў. А калі казалі яму “добры дзень”, ён здымаў з галавы капялюш і шчыра вітаўся. Іван Пятровіч быў вопытны доктар-практык. Ён добра разбіраўся ў неўралогіі, сексалогіі, венерычны хваробах, быў нядрэнны хірург і тэрапеўт, ведаў лекавыя травы. Зэльвенцы яго моцна любілі і цанілі...”.